93-і СЕЗОН У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ ЗАКОНЧЫЦЦА ПРЭМ’ЕРАЙ СПЕКТАКЛЯ «ЯШЧЭ РАЗ ПРА КАХАННЕ» ПАВОДЛЕ ВАСІЛЯ ШУКШЫНА

У першы дзень жніўня на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера спектакля «Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў вядомага расійскага пісьменніка Васіля Шукшына.

Пастаноўку ажыццяўляе заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. Ён жа аўтар інсцэніроўкі і музычнага афармлення спектакля. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур. Пераклад апавяданняў на беларускую мову зрабіў Алесь Замкоўскі.

У штодзённым мітуслівым свеце мы нярэдка забываемся, што адна з самых каштоўных з’яў – каханне, любоў. Часцей за ўсё надае сэнс хуткаму жыццю-існаванню менавіта гэтае вялікае пачуццё. Сёння, у час панавання побыту і поспеху, пра гэта варта казаць уголас як ніколі.

Спектакль «Яшчэ раз пра каханне» складаецца з пяці гісторый паводле апавяданняў Шукшына – «Раскас», «Сцёпкава каханне», «Бяспальцы», «Боцікі», «Восенню». Героі новай пастаноўкі – звычайныя жывыя людзі, якія адчуваюць і адкрыта выказваюць пяшчоту, неўтаймоўную жарсць, спачуванне, здраду, душэўныя пакуты – усё па-сапраўднаму. Усё аб’яднана адной тэмай – каханне. Яно не заўсёды шчаслівае, можа быць неразважлівым і рэзкім, можа ацвярэзіць і нават забіць, але заўжды будзе жывым і жаданым.

«Раскас»

Людміла (Наталля Аладка), жонка шафёра Івана Пеціна (Георгій Лойка), збегла з дому. Кінула яго і таемна сышла з ледзь знаёмым афіцэрам (Уладзіслаў Жураўлёў). На памяць засталася толькі крыўдная запіска. Нічога не дапамагае Івану перажыць душэўныя пакуты, нават віно. І тады пакрыўджаны муж піша шчырае апавяданне пра свой мужчынскі боль і ідзе з ім у рэдакцыю мясцовай газеты.

Гэтая частка спектакля пастаўлена ў якасці таварыскага суда.

«Сцёпкава каханне»

З першага погляду спадабалася маладому шафёру Сцяпану Емяльянаву (Арцём Герак) прыгажуня Элачка (Паліна Крашэўская), якая прыехала з Варонежа працаваць улікоўшчыцай у трактарнай брыгадзе. Праз месяц ён канчаткова закахаўся ў дзяўчыну, калі пабачыў, як яна іграла ў клубным спектаклі. Вырашыў ажаніцца. Але ж не так проста сватацца, калі ведаеш толькі імя нявесты. Акрамя таго, да яе заляцаецца мясцовы франт Васіль Сямёнаў (Аляксей Стома).

«Бяспальцы»

Сярога Бязменаў (Арцём Блахін) лічыць сваю Клару (Святлана Сухадолава) падарункам лёсу. Не слухаючы меркаванні маці (Раіса Грыбовіч), сваякоў і аднасяльчан, ён бачыць у сваім «Кларнэціку» толькі добрае. Прыгажосць і розум жонкі робяць кожны дзень мужчыны святам кахання. І ўсё было б цудоўна, калі б на канікулы не прыехаў стрыечны брат Сярогі, студэнт тэхнічнага інстытута Слаўка (Уладзіслаў Жураўлёў).

«Боцікі»

Калі муж сапраўды кахае сваю жонку, то разумее, як ёй будзе прыемна атрымаць нечаканы дарагі падарунак. Асабліва, калі ён не часта песціць патрэбнай увагай сваю палавінку.

Сельскі шафёр Сяргей Духанін (Яўген Бераснеў) вырашыў набыць для сваёй Клаўдзіі (Вікторыя Шамардзіна) шыкоўныя жаночыя боцікі, прызначаныя хіба для гарадскіх прыгажунь. І што б ні казалі ягоныя калегі – шафёры ды механікі, клапатлівы муж не зменіць свайго рашэння.

«Восенню»

Стары паромшчык Піліп Цюрын (Пятро Ламан) жыве пастаяннымі ўспамінамі пра першае каханне – Мар’ю Ярмілаву (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна). У маладосці яны разышліся толькі праз ягоную ўпартасць. Не захацеў Піліп вянчацца, таму што быў прыхільнікам новай улады, новых поглядаў на бацькоўскія традыцыі. Мар’я выйшла за іншага. Пасля Цюрын сам ажаніўся, сустракаў яе ўсяго некалькі разоў. І вось лёс карае Піліпа за дурны малады ўчынак: ён бачыць, як Павел, муж Мар’і (Георгій Лойка), вязе яе ў апошні шлях...

Акрамя названых артыстаў, у спектаклі задзейнічаны Вадзім Асвяцінскі, Генадзь Гайдук, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Дашкевіч, Святлана Жукоўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, Алёна Чыстабаева.

Рэжысёр Юрый Пахомаў стварае на сцэне блізкую, даверлівую размову артыстаў з гледачом. Паказвае кранальныя жыццёвыя карціны, напоўненыя ўнікальным гумарам, прастатой і самабытнасцю.

Артысты-коласаўцы выконваюць у спектаклі па некалькі роляў і мяняюць іх не адзін раз: апавядальнікі пераўтвараюцца ў герояў, галоўныя персанажы – у эпізадычных. У зразумелых кожнаму вобразах Шукшына можна лёгка пазнаць сябе, сваіх суседзяў, сяброў, калег, з кім штодня сустракаешся ў краме, транспарце, на працы.

І хаця атмасфера спектакля захоўвае прыкметы 60-70-х гадоў, але тэма пастаноўкі – па-за часам. Інтанацыі і прызнанні чыстай любові, безумоўна, будуць цікавыя і сучаснай моладзі, і старэйшаму пакаленню.

Узроставае абмежаванне спектакля – 16+.

Квіткі на прэм’еру спектакля «Яшчэ раз пра каханне»
можна набыць у касе тэатра (62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка