ТЭАТРАЛЬНЫ ЛЮТЫ. НА ВАШ ГУСТ І НА ГУСТ ВАШАГА СЯБРА!

Распачаўся другі месяц новага, 2014-га, года! І тэатр імя Якуба Коласа рады будзе бачыць вас на сваіх спектаклях. Калі вы чакаеце новых уражанняў у халодныя лютаўскія дні, то нашая творчая атмасфера – як раз для вас!

Што ж прапануюць гледачам акцёры і рэжысёры тэатра?

Гэта любімыя вамі камедыі: «О-ля-ля» Марка Камалеці – пра чакана-нечаканыя сямейныя адносіны, «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» Рэя Куні – пра тое, чым можна ахвяраваць, каб выкруціцца з самай «слізкай» сітуацыі, і «Жарты» – тры традыцыйныя гісторыі, аб’яднаныя ў вечар беларускіх вадэвіляў, якія і сёння з’яўляюцца актуальнымі. Як кажуць, час змяняецца, але абставіны – тыя ж.

І пасмяяцца, і задумацца заклікае трагіфарс «Візіт дамы» Фрыдрыха Дзюрэнмата. На што гатовыя людзі дзеля грошай і ці можна прабачыць тых, хто падмануў і папсаваў табе маладосць – здавалася б, самы светлы перыяд жыцця? Адкажыце на гэтыя пытанні разам з акцёрамі Коласаўскага тэатра. У галоўнай ролі ў спектаклі – народная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Акружная.

У рэпертуары акадэмічнага тэатра не апошняе месца займаюць драмы. У лютым гэты жанр таксама прысутнічае. У іранічнай мілай драме «Пазычанае шчасце» Фёдара Палачаніна – гісторыя правінцыялкі, якая прыехала ў сталіцу. Перашкоды, няўдалае каханне, расчараванні –не так проста стаць сваёй у вялікім горадзе…

Драма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» пастаўлена па аднайменным рамане нашага выбітнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Шкаляр Юрась Братчык прымае на сябе цяжар адказнасці за лёсы простага люду і робіцца народным Хрыстом. Яму вераць, за яго словам ідуць, за яго праўду змагаюцца… Усё, што апісана ў сярэдзіне XVI стагоддзя, мае месца і зараз. Сквапнасць, зайздрасць, забойства, прага ўлады… Як супрацьстаяць усепранікальнаму злу – распавядаецца ў дзвюх дзеях спектакля «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Адну з галоўных роляў выконвае народны артыст Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Кокштыс.

Коласаўскі тэатр супрацоўнічае не толькі з айчыннымі рэжысёрамі. У мінулым годзе адбыўся беларуска-балгарскі праект – казка для дарослых «Дом Бернарды Альбы». Йордан Славейкаў і Дзімітр Дзімітраў разам з акцёрамі-коласаўцамі паставілі класічную п’есу іспанскага пісьменніка Федэрыка Гарсія Лоркі. Пасля смерці мужа Бернарда застаецца адзінай уладальніцай дому і ўсіх прысутных у ім. І дочкі, і служанкі імкнуцца пераадолець, змагацца з таталітарнай дэспатыяй гаспадыні – кожная па-свойму. Як бы ў дапамогу ім у дом Бернарды Альбы быццам выпадкова трапляе мужчынская энергія – і… Астаняе – на вялікай сцэне нашага тэатра.

Тэатр – безумоўная прастора эксперыменту. Асабліва пасуе для гэтага пляцоўка тэатральнай гасцёўні, дзе глядач знаходзіцца на адным узроўні з акцёрамі і фактычна непасрэдна далучаецца да сцэнічных падзей. «Восеньская саната», пастаўленая паводле кінасцэнару сусветна вядомага рэжысёра Інгмара Бергмана, магнітычна прыцягвае адкрытасцю. Размова маці і дачкі, Шарлоты і Евы, раскрывае патаемныя пакуты, балючыя шчырасці, узаемныя крыўды здавалася б родных людзей. Але ці лічаць яны роднымі адна адну?

Яшчэ адным эксперыментам можна назваць метафізічны трылер «Я вольны!». Экспрэсіўная назва цалкам адпавядае сутнасці спектакля паводле рамана маладой, але ўжо знакамітай бельгійскай пісьменніцы Амелі Натомб. У чалавеку хаваецца шмат розных сутнасцяў. Некаторыя з іх робяцца нашымі сябрамі, а некаторыя – ворагамі. І тады амаль немагчыма разблытаць клубок складаных псіхалагічных узаемаадносінаў. У Жэрома Ангюста і Тэкстора Тэксэля гэта атрымліваецца, але сваім, непрадказальным спосабам. Глядзіце, вышуквайце, параўноўвайце!..

Яшчэ адзін эксперымент, але ўжо з прасторай, зроблены ў пастаноўцы спектакля «Кошкі-мышкі» Аляксандра Марданя. Гісторыю сясцёр – перакладчыцы Таццяны і актрысы Тамары – гледачы назіраюць са сцэны! А заднім планам служыць вялікая глядацкая зала. Акрамя сямейнай дэтэктыўнай гісторыі, можна яшчэ задаволіцца тонкімі адчуваннямі ад таго, што ўключаешся ў тэатральнае мастацтва напоўніцу.

Разам са спектаклямі для дарослых на Коласаўскай сцэне прадстаўлены і тэатральныя ўрокі для моладзі. «Вельмі простая гісторыя» Марыі Ладо распавядае, якім чынам людзі і жывёлы вырашаюць пытанне: «Жыць ці не жыць будучаму дзіця?». А вось пераказваць сюжэт класічнай трагедыя «Макбет» Уільяма Шэкспіра, напэўна, непатрэбна. Ідэя ж, геніяльна выражаная англійскім класікам і добра агучаная коласаўцамі, простая і адвечная – пражыві жыццё і застанься чалавекам. Інакш…

Вядома, і самыя юныя гледачы не застаюцца без тэатральнай увагі. «Гісторыя двух сабак» Ягора Конева пакажа, што нашыя малыя гадаванцы таксама здольныя на высокія пачуцці, прагнуць дабрыні, клопату і пяшчоты. А піраты з новага спектакля «Вясёлы Роджэр» Даміра Салімзянава раскажуць, якімі павінны быць сапраўдныя багацці-каштоўнасці і дзе можна іх знайсці.

Вось такім разнастайным будзе творчы люты ў Коласаўскім тэатры! Сачыце за нашай афішай! Мы чакаем вас!

Усе пастаноўкі можна абмеркаваць на сайце тэатра ці на афіцыйных старонках сацыяльных сетак УКантакце і Facebook. Толькі, калі ласка, нашыя паважаныя гледачы, памятаеце пра ўзаемапавагу, пра тое, што работа акцёраў і рэжысёраў патрабуе шмат духоўнай і фізічнай энергіі, і таму яны, у першую чаргу, чакаюць паважлівага стаўлення да сваёй творчасці.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка