«СЫМОН-МУЗЫКА»: НОВАЕ ПРАЧЫТАННЕ

21 лістапада і 12 снежня на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага
тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца
прэм’ера спектакля «Сымон-музыка».

Паэма народнага пісьменніка, нашага генія Якуба Коласа – неўміручы твор беларускай літаратуры, лірычны эпас, прасякнуты музыкай нашай мовы і напоўнены невычарпальнай духоўнай каштоўнасцю. Пры ўважлівым прачытанні ў кожным вобразе адкрываюцца прыхаваныя сэнсы, у кожным раздзеле – актуальныя тэмы. Твор звернуты да беларуса асабіста і ўсёй нашай нацыі ўвогуле. На коласаўскай сцэне паэма набудзе сучаснае тэатральнае ўвасабленне.

Прэм’ера будзе прысвечана Дню заснавання Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і 100-годдзю напісання і выдання першай рэдакцыі паэмы «Сымон-музыка». Жанр абазначаны як мелодыя парванай струны.

Каб займець годнае месца ў жыцці, чалавек, а тым больш творца – «чалавек без скуры», мусіць прайсці праз мноства выпрабаванняў. Звычайны беларускі юнак, чытаючы ўслых новыя і новыя вершы паэмы, прымярае на сябе і вобраз, і лёс Сымона – музыкі, які атрымаў ад Бога талент і надзвычайнае разуменне свету. Сымона, які ідзе па жыцці са скрыпкай у руках, чакаюць выгнанне з роднага дома і галеча, невыносная праца і знявага сваёй творчасці, абраза годнасці і згуба каханай... Куды прывядзе яго гэты выпрабавальны шлях? Ці будзе хоць недзе ў гэтым свеце месца Сымону-чалавеку, Сымону-беларусу, Сымону-музыку?..

Пастаноўку паводле ўласнай інсцэніроўкі ажыццяўляе мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. За аснову спектакля ўзятая першая рэдакцыя паэмы, датаваная 1918 годам, выкарыстаны таксама больш познія – другая і трэцяя.

У новым спектаклі будзе шмат музычных, пластычных, танцавальных нумароў. Музыку да яго стварае кампазітар Арцём Краснабаеў. Харэограф Дзіяна Юрчанка. Афармленне і касцюмы рыхтуе галоўны мастак Коласаўскага тэатра Святлана Макаранка.

Зараз ідзе напружаны рэпетыцыйны працэс. Над цэнтральнай роляй Сымона-музыкі працуе Дзмітрый Каваленка. Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс увасабляе адразу чатыры вобраза – Стары, Курыла, Жабрак і Дзед Даніла. Вобраз Ганны, каханай Сымона, стварае актрыса Анастасія Рэўчанка-Лук’янава. Галоўным антыподам Сымона будзе малады Князь, ролю якога выканае Яўген Бераснеў. У эпізадычных ролях заняты Георгій Лойка (бацька Сымона), Алена Шарэпчанка (Маці Сымона), Аляксандр Базук (Бацька Ганны), Анжаліка Баркоўская (Маці Ганны), Генадзь Гайдук (Шлёма), Раіса Грыбовіч (Хава), сярэдняе пакаленне і моладзь тэатра. Дарэчы, менавіта моладзі Беларусі прысвячаў Якуб Колас сваю паэму.

Квіткі на прэм’еру «Сымона-музыка» можна набыць у касе тэатра
і на сайце kvitki.by – на 21 лістапада, на 12 снежня.

Першы зварот да паэмы «Сымон-музыка» адбыўся ў Коласаўскім тэатры ў 1976 годзе. Інсцэніроўку напісалі колішні загадчык літаратурнай часткі Уладзімір Ганчароў сумесна з галоўным рэжысёрам Валерыем Мазынскім, які і ажыццявіў пастаноўку. Музыка Сяргея Картэса. Метафарычна-асацыятыўную сцэнаграфію (у якой чыталіся матывы і Шагала, і Чурлёніса, і Рыберы) прыдумаў галоўны мастак тэатра Аляксандр Салаўёў.

У галоўнай ролі выступіў малады артыст Сяргей Шульга, а пасля яго сённяшні мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Гэта была адна з яго першых роляў на коласаўскай сцэне.

Сярод іншых выканаўцаў – народныя артысты Беларусі Яўген Шыпіла (дзед Курыла), Таццяна Мархель (Маці Сымона), Тадэвуш Кокштыс (Жабрак), цяпер заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Ганна), Генадзь Шкуратаў (Князь), Алесь Лабанок (Карчмар)... Па жанру гэта была драматычная балада.

Прэм’ера спектакля адбылася на юбілейным вечары, прысвечаным 50-годдзю тэатра, у дзень яго нараджэння – 21 лістапада 1976 года. Пастаноўка стала знакавай для гісторыі Коласаўскага тэатра. Некаторы час менавіта спектакль «Сымон-музыка» адкрываў кожны новы тэатральны сезон. За гэтую работу Валерый Мазынскі і Сяргей Шульга былі ўдастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Сачыце за афішай!

Чакаем вас у тэатры!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка