!!!ПРЭМ'ЕРА!!! «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» !!!ПРЭМ'ЕРА!!!

22 і 23 лістапада, а 19-й гадзіне, на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра адбудзецца прэм’ера трагікамедыі «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева. Рэжысёр – мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка.

Аповесць Паўла Санаева «Пахавайце мяне за плінтусам» ад самага першага яе выдання ўвайшла ў спіс найвыбітнейшых расійскіх бестсэлераў. У сваёй кнізе аўтар стварыў неверагодна жывыя, шчымлівыя вобразы, якія нікога не пакідаюць абыякавымі.
Гэта аповесць, у якой неверагодна смешна і вытанчана злосна ўзнікае пародыя на саму ідэю шчаслівага маленства, тэма сталення нібыта пераварочваецца з ног на галаву і набывае абрысы сюррэалістычнага гумару. Кніга ўзарвала расійскі кніжны рынак і набыла не проста культавы, а легендарны статус. Яе тыраж склаў больш за паўмільёны экземпляраў і сёння Павел Санаеў уваходзіць у першую дзясятку самых папулярных сучасных пісьменнікаў Расіі. У 2005 годзе Павел Санаеў атрымаў прэмію «Тэфі». У 2009-м – на экраны выйшаў мастацкі фільм «Пахавайце мяне за плінтусам» (рэжысёр Сяргей Снежкін), дзе ролю жорсткай бабулі сыграла Святлана Кручкова.

Усё прыходзіць у свой час, тады, калі ў гэтым наспявае патрэба. Час нараджае твор, час яго інтэрпрэтуе пад сябе. Наш час – гэта тое, што хвалюе нас тут і цяпер, тое, сярод чаго мы жывем зараз. «Калі ты не можаш нечага змяніць, ператвары гэта ў мастацтва». Каб яно прагучала, каб пачулася, каб настроіла нас на адну хвалю – як мінімум, на хвалю імкнення да светлага ды шчаслівага, да па-людску годнага ў штодзённым, да адчування каштоўнасцяў у «тут і цяпер».
Сцэна для спектакля паводле сучаснага матэрыялу – гэта люстра ці павелічальнае шкло нашай паўсядзённасці, што дапамагае паставіцца да, здаецца, звычайных праяваў жыцця, больш уважліва і аналітычна.

Аповесць Паўла Санаева – аўтабіяграфічная. Аднак у ёй пазнаюцца агульныя праблемы, пытанні, цяжкасці і радасці. Дзяцінства мусіць быць самай светлай часінай. Мусіць, ды толькі ці заўжды яно так? Яшчэ адкрыты свету, ты ўсмоктваеш усё, што прапануе асяроддзе, блізкія. Але пад добразычлівасцю дарослых так часта хаваюцца іншыя матывы. Збольшага, мы самі нават не ўсведамляем, не спрабуем аналізаваць, што кіруе намі ў тым ці іншым дзеянні.
«Пахавайце мяне за плінтусам» апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева, які жыве разам з дэспатычнай бабуляй і слабахарактарным дзядулем. Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці, якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

У галоўнай ролі Сашы Савельева на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра дэбютуе Раман Салаўёў, малады артыст, выпускнік Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. 

Пераклад аповесці на беларускую мову ажыццявіў артыст тэатра Пятро Ламана. Сцэнаграфія, відэарад і падбор касцюмаў Андрэя Жыгура. Ідэя музычнага афармлення Аляксандра Крыштафовіча. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанкі.

Ролі выконваюць:

САША – Раман Салаўёў
БАБУЛЯ – Валянціна Багданава, Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова
ДЗЕД – Пятро Ламан, Валянцін Цвяткоў
ЛЁША – Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, Юрась Цвірка
ТОНЯ – Святлана Сухадолава
МАМА – Анжаліка Баркоўская, Ніна Обухава
ТОЛЯ – Генадзь Гайдук, Уладзімір Сівіцкі
ГАЛІНА СЯРГЕЕЎНА – Анжаліка Баркоўская, Ніна Обухава
ВЫХАВАЦЕЛЬКА – Зінаіда Гурбо, Людміла Заграбельная

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X