КУХОННЫ ТРЫЛЕР НА ВІЦЕБСКАЙ СЦЭНЕ

11 чэрвеня 2015 года на коласаўскай сцэне пры вялікім аншлагу (варта адзначыць, што тэатральным службоўцам надта складана было размясціць усіх гледачоў) адбылася прэм’ера «Каралевы прыгажосці з Лінэна» Марціна МакДонаха. Паставіла новы спектакль актрыса тэатра, вядучы майстар сцэны і студэнтка рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Цішкевіч. Спектакль – яе дыпломная работа і першы «дарослы» матэрыял. Да гэтага яна паставіла на роднай сцэне дзве казкі – «Дзівосы ў навагоднім лесе» Дз.Галубецкага і «Тр’ям! Вітаю!» С.Казлова, якія паспяхова прымае юны глядач.

«Каралева прыгажосці з Лінэна» – першая п’еса ірландскага драматурга Марціна МакДонаха. Ён напісаў яе ў 1996 годзе за 8 дзён. «Цуд сучаснага тэатра» – так ахрысціла драматургічны твор строгая прэса, а тэатральная крытыка ўзнагародзіла адной з самых сур'ёзных прэміяй – прэміяй Лоранса Аліўе. За апошняе дзесяцігоддзе п'есы МакДонаха заваявалі ўвесь свет. І гэта нядзіўна: у яго гісторыях камедыя і трагедыя пераплятаюцца так умела, што слёзы смеху і спачування зліваюцца ў адзін бурны эмацыйны струмень. «Я хачу пісаць такія п'есы, якія б крыху страсянулі людзей», – кажа знакаміты ірландзец.

Сама дыпломніца жанр спектакля вызначыла як «кухонны трылер» і тым самым падкрэсліла бытавую аснову твора поруч з напружанай інтрыгай і цікавымі сюжэтнымі хадамі. Ірына Цішкевіч выступіла і аўтарам музычнага афармлення. Вобразна змястоўную сцэнаграфію і касцюмы прыдумала мастак тэатра Юлія Карымава. Над пластыкай, якая дапамагла артыстам глыбей раскрыць іх вобразы, працавала харэограф Дзіяна Юрчанка.

«Каралева прыгажосці з Лінэна» – гісторыя пра хатнюю вайну, якая ідзе паміж пажылой мамай Мэг Фолан (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) і яе сталай дачкой Морын (артыстка, вядчы майстар сцэны Анжаліка Баркоўская). Тэмперамент абедзвюх гераінь зашкальвае за ўсе магчымыя межы, таму разборкі выглядаюць то фарсам, то сапраўдным «кухонным баевіком». У ход ідуць любыя сродкі – ад банальных скандалаў да дэманстрацыі папер з вар’ятні. Поруч з тэмай любові-нянавісці родных людзей, што прыводзіць урэшце да трагічнага фіналу, у спектаклі выразна прачытваецца і другая, вельмі балючая не толькі для Ірландыі тэма, – міграцыі і нацыянальнай тоеснасці, самасвядомасці. Яна раскрываецца як праз Морын, так і найбольш выразна праз вобраз яе каханага Пата Дулі, які ўвасобілі вядомыя майстары коласаўскай сцэны Генадзь Гайдук і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Яскравыя камедыйныя здольнасці выявіў у ролі Рэя Дулі артыст, вядучы майстар сцэны Яўген Бераснеў.

Новы спектакль прайшоў з вялікім поспехам. А таму, хто не патрапіў на прэм’еру, – не засмучайцеся: «Каралева прыгажосці з Лінэна» яшчэ пойдзе ў новым сезоне і, спадзяемся, будзе карыстацца вялікай папулярнасцю.

Фота са спектакля «Каралева прыгажосці з Лінэна» можна паглядзець У ГАЛЕРЭІ.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка