КОЛАСАЎЦЫ НА СВЯЦЕ ГОРАДА

Багатая і разнастайная праграма чакае жыхароў і гасцей абласнога цэнтра пад час Свята горада «Віцебску – 1041!», якое будзе доўжыцца цягам трох дзён – з 26 па 28 чэрвеня. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа таксама не застаўся ў баку ад гэтай маштабнай падзеі. Артысты рыхтуюць вялікую тэатралізаваную праграму, якой парадуюць сваіх шчырых прыхільнікаў.
Як вядома, коласаўцы не толькі выдатна іграюць, але і годна спяваюць і танцуюць. Знаёмства з фальклорам, лепшымі здабыткамі народнай культуры і мастацтва, а таксама іх папулярызацыя заўсёды адрознівала наш тэатр, з самага яго заснавання. На свяце горада аматары добрай беларускай песні, танца, народнага гумару змогуць атрымаць сапраўднае задавальненне. Вы ўбачыце ўрывак са спектакля «Жарты» – «Конскі партрэт» Міхася Чарота. Рэжысёр Міхась Краснабаеў. У пастаноўцы прымаюць удзел артысты тэатра Раіса Грыбовіч, Юрась Цвірка, Георгій Лойка, Аляксандр Фралоў ды Генадзь Гайдук. У выкананні Раісы Грыбовіч, Святланы Жукоўскай, Наталлі Аладкі і Юрася Цвіркі прагучаць задушэўныя беларускія песні, цудоўныя вершаваныя радкі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа з паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Канцэртную праграму аздобяць беларускія народныя танцы ў выкананні артыстаў тэатра. Завітае на свята і знакаміты дасціпны Несцерка, якога ўвасобіць Пятро Ламан.
У ролі вядучых выступяць майстры коласаўскай сцэны Раіса Грыбовіч і Юрась Цвірка.
Канцэртная праграма пройдзе 27 чэрвеня, у суботу,
на пляцоўцы па вуліцы Замкавай ля тэатра імя Якуба Коласа (на даху кавярні «Тэатральнае»).
Пачатак а 14-й гадзіне.
Не прапусціце!
Добавить комментарий