«СЫМОН-МУЗЫКА» АДКРЫЎ ТЭАТРАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ «БЕЛАЯ ВЕЖА» Ў БРЭСЦЕ

8 верасня на вялікай сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы спектакль Коласаўскага тэатра «Сымон-музыка» адкрыў XXIV Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа».
Пастаноўку па аднайменнай паэме народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Сцэнаграфія і касцюмы галоўнага мастака тэатра Святланы Макаранка. Кампазітар Арцём Краснабаеў. Балетмайстар Дзіяна Юрчанка. Відэаінсталяцыі Алега Чарняка. Удзел коласаўцаў на чале з дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых у знакавым для Беларусі мастацкім форуме – вялікі гонар і вялікая радасць.
Удзячная брэсцкая публіка неверагодна ўважліва глядзела спектакль, ацэньваючы майстэрства народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса, які ўвасобіў вобразы Старога, Курылы, Жабрака, дзеда Данілы; цудоўнае выкананне спеваў-зонгаў Дзмітрыем Каваленкам, выканаўцам галоўнай ролі Сымона. Прэм’ерай аказаўся фестывальны паказ для маладой артысткі Паліны Крашэўскай, якая стварыла вобраз Ганны.
У выніку берасцейцы выказалі сваю прыязнасць да спектакля Коласаўскага тэатра гучнымі, шчырымі, працяглымі апладысментамі.
Добавить комментарий