ПРЭЗЕНТАЦЫЯ СПЕКТАКЛЯ «СЫМОН-МУЗЫКА» ў МІНСКУ

20 снежня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя спектакля «Сымон-музыка», арганізаваная Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
На вечарыне з гледачамі сустрэліся мастацкі кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Міхась Краснабаеў, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Алесь Замкоўскі, выканаўцы галоўных роляў – народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс і артыст Дзмітрый Каваленка.
Распачала прэзентацыю дырэктар музея Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Зінаіда Мікалаеўна Камароўская, якая выказала захапленне ўбачаным 21 лістапада спектаклем і падзякавала коласаўцаў за высокамастацкі тэатральны твор.
Творчая дыскусія пра спектакль і паэму, пра ролю творчасці і мастацтва, пра інсцэнізацыі твораў беларускай класічнай літаратуры перамяжоўвалася дэманстрацыяй урыўкаў з пастаноўкі. Гледачы сустрэчы дзяліліся ўражаннямі і адзначалі, што спектакль павінны быць абавязкова паказаны ў Мінску, для вялікага гледача.
Сімвалічна, што прэм’ера адбылася на сцэне Коласаўскага тэатра, новае тэатральнае ўвасабленне класічнага твора з’яўляецца знакавай культурнай падзеяй. Новы спектакль насычаны музычнымі, пластычнымі і танцавальнымі нумарамі і па-новаму раскрывае ролю мастака і мастацтва ў сучасным жыцці. Пастаноўка цалкам адпавядае рэаліям сучаснасці і як ніколі актуалізуе вечныя пытанні прызнання і вартасці творчых памкненняў.
Разам з артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа госці віталі народную артыстку Беларусі Таццяну Мархель. Яна іграла ролю маці Сымона ў спектаклі «Сымон-музыка», пастаўленым на коласаўскай сцэне Валерыем Мазынскім у 1976 годзе.
Да імпрэзы супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу «Да 100-годдзя першага выдання паэмы «Сымон-музыка». У экспазіцыі прадстаўлена юбілейная паэма розных гадоў выдання. Наведвальнікі маглі азнаёміцца і з сучаснымі перавыданнямі паэмы, а таксама даследаваннямі навукоўцаў творчасці Коласа.
У творчай сустрэчы прынялі ўдзел унучкі Якуба Коласа – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і Вера Данілаўна Міцкевіч, пісьменнік Кастусь Цвірка.
Добавить комментарий