«НЕ ПАКІДАЙ МЯНЕ…». ПРЭМ'ЕРА ПРЫСВЯЧАЕЦЦА 70-годдзю ПЕРАМОГІ ў ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ

Вы бачылі лес,
            дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той,
дзе кожнай другой няма сасны
ці сама меней — чацвёртай?
Анатоль Вярцінскі

 

7 і 8 мая, а 19-й гадзіне,
на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра адбудзецца
прэм’ера спектакля «Не пакідай мяне...» Аляксея Дударава.

Зварот да тэмы Вялікай Айчыннай вайны сёлета, калі свет адзначае 70-годдзе Перамогі над нямецкім фашызмам, тэатр імя Якуба Коласа лічыць сваім не толькі мастацкім, але і грамадзянскім, чалавечым абавязкам. Нельга забыць, колькі гора, пакут прынесла беларусам гэтая страшэнная навала. І сёння, калі зноў на планеце такі нетрывалы мір , варта памятаць пра мінулае.

Драматычная балада «Не пакідай мяне» Аляксея Дударава распавядае пра подзвіг. Дзесяткі, а можа, і сотні тысяч звычайных людзей яго здзяйснялі, рызыкуючы і ахвяруючы сваім жыццём. Сярод іх было нямала жанчын, дзяўчат. Мы памятаем многія імёны. Але колькі яшчэ невядомых, якія ляжаць у братніх магілах!

Жанчына на вайне. Гэта здаецца нейкім вычварэнствам, бо першае з другім несумяшчальныя. Як не адпаведныя адно аднаму паняцці прыгажосць і злачынства, каханне і забойства, хараство і кроў. Наш спектакль пра подзвіг маладзенькіх дзяўчат-разведчыц, якія здолелі, ахвяруючы сабой, паралізаваць стратэгічна важны вузел сувязі нямецкай арміі. Чацвёра знешне безабаронных, пяшчотных, не спазнаўшых нават асалоду кахання, але моцных духам маладых жанчын змаглі тое, што не здолелі б сотні фізічна загартаваных мужчын.

Наш спектакль – даніна памяці тым, хто цаной уласнага жыцця дапамог наблізіць святую Перамогу. А яшчэ ён пра тое, наколькі вайна сваёй жорсткасцю, антыгуманнасцю, вычварэнствам супярэчыць чалавечай прыродзе, прызначэнню чалавека на Зямлі.

Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерый АНІСЕНКА
Сцэнаграфія і касцюмы – Валерый ЮРКЕВІЧ
Музыка і музычнае афармленне – Аляксандр КРЫШТАФОВІЧ
Пластыка – Дзіяна ЮРЧАНКА
Відэарад – Алег ЧАРНЯК

Ролі выконваюць:

МІХАСЁЎ Яўген Бераснеў.
КРЭМІС Ірына Цішкевіч, Вікторыя Шамардзіна.
ЛАДЫСЕВА Наталля Саламаха-Конанава, Святлана Сухадолава.
БАЦЯН Юлія Цвікі, Настасся Чыстабаева.
ГУРСКАЯ Юлія Крашэўская.
ПАЛКОЎНІК заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, Георгій Лойка.

Спектакль вядзе Святлана Дашкевіч.
Працягласць спектакля – 1 гадзіна 40 хвілін без антракта.

Якімі толькі мянушкамі
He клікалі гэтых салдат
З няпудранымі вяснушкамі,
У шынялях да пят!..

Крочылі полем спаленым,
Шляхамі страшнай вайны,
I плакалі на развалінах,
I мерзлі ў акопах яны...

У лужах сцюдзёных мыліся,
Прычэсваліся пад дажджом,
Па косах сваіх журыліся
Пад гулкі гарматны гром...

Паходамі, зброяй занятыя,
Справай ваеннай пары,
Былі яны проста дзяўчатамі,
Што там ні гавары.

Пужаліся свісту міны,
Чужых незычлівых вачэй,
А гінулі — як мужчыны,
Абняўшы зямлю ямчэй.

Еўдакія Лось. Дзяўчаты мінулай вайны

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка