«ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА». РАСПАЧАЛІСЯ РЭПЕТЫЦЫІ

Віцебскія, ды й напэўна, і беларускія гледачы звыкліся з тым, што менавіта сцэна Коласаўскага тэатра з’яўляецца прасторай, дзе творы класіка айчыннай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча атрымліваюць другое жыццё. «Званы Віцебска», «Ладдзя роспачы», «Леаніды не вернуцца на зямлю»… Напачатку восені 2013-га рэжысёр Міхась Краснабаеў паставіў спектакль па аднайменным рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». І вось рыхтуецца чарговая пастаноўка – паводле знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Прэм’ера запланавана на чэрвень-ліпень 2014 года.
Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр Юрый Лізянгевіч мае намер сцэнічнымі сродкамі ўвасобіць даволі складаны празаічны матэрыял. Геніяльна прыдуманая Караткевічам легенда пра караля Стаха, яго шматгадовую помсту роду Яноўскіх успрымаецца як рэальная. Напоўнены паэтыкай і містыкай, з добра пракрэсленымі вобразамі і апісаннем часу аповесць добра падыходзіць для інсцэнізацыі.
Сюжэт базуецца на ўспамінах вучонага-этнографа Андрэя Беларэцкага. Ён узгадвае, як у маладосці трапляе ў маёнтак Балотныя Яліны, дзе гаспадарыць апошняя спадчынніца свайго роду Надзея Яноўская. Усё наваколле, а больш за іншых маладая паненка, дрыжыць ад грукату капытоў Дзікага палявання караля Стаха. Андрэй Беларэцкі імкнецца высветліць: прывіды ці жывыя людзі маюць намер давесці Надзею Яноўскую да смерці, знішчыць у цнатлівай душы веру ў людзей, у справядлівасць, у выратаванне…
Элементы дэтэктыву, драмы і містыкі будуць спалучаны ў адно ў новым спектаклі. У галоўных ролях будуць занятыя: Андрэй Беларэцкі – Арцём Блахін і Яўген Лук’янаў, Надзея Яноўская – Юлія Крашэўская і Святлана Сухадолава (спроба на ролю).
Добавить комментарий