«ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА». ПРЭМ’ЕРА!!!

Наступленне новага, 2015-га, года адзначана для Коласаўскага тэатра прэм’ерай новага спектакля – містыфікацыі «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.
З студзеня, а 18-й гадзіне, на вялікай сцэне тэатра вы ўбачыце прывід Блакітнай Жанчыны, пачуеце тупат ножак Малога Чалавека, а з туману таемна з’явяцца здані дзікага палявання караля Стаха, якія праз дваццаць пакаленняў імкнуцца забіць нашчадкаў Рамана Старога Яноўскага. Малады вандроўнік, фалькларыст Андрэй Беларэцкі застаецца з радавым замку Яноўскіх – Балотныя Яліны, уцягваецца ў дэтэктыўна-містычныя прыгоды, каб абараніць гаспадыню Надзею і разблытаць клубок незразумелых падзей.
Уладзімір Караткевіч – знакавай постаць як для ўсёй беларускай культуры, так і для нашага тэатра, яго героі не ў першы раз ажываюць на Коласаўскай сцэне. Спектаклі «Званы Віцебска», «Ладдзя роспачы», «Леаніды не вернуцца на зямлю», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паспяхова праходзілі ў тэатры.
Над спектаклем працавалі вядомыя ў Віцебску і па-за яго межамі тэатральныя майстры. Інсцэніроўка і пастаноўка Юрыя Лізянгевіча. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранкі. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанкі. Музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча.
У галоўных ролях занятыя маладыя і дасведчаныя артысты: Дзмітрый Каваленка (Андрэй Беларэцкі), Юлія Крашэўская (Надзея Яноўская), Віктар Дашкевіч (шляхціц Дубатоўк), Цімур Жусупаў (Берман-Гацэвіч), Уладзіслаў Жураўлёў (Свеціловіч), Тамара Кабяк (пані Кульша), Аляксандр Фралоў (селянін Рыгор).
Акрамя таго, прэм’ерны спектакль з’яўляецца бенефісным для артыста-коласаўца, вядучага майстра сцэны Віктара Дашкевіча, які працуе ў Коласаўскім тэатры з 1973 года. Пасля прэм’еры сябры, знаёмыя, родныя, прыдстаўнікі тэатра і ўладаў Віцебшчыны будуць віншаваць Віктара Мікалаевіча з 70-годдзем. Пра яго больш падрабязна – у наступных навінах.
Добавить комментарий