АКТУАЛЬНАЯ СЯМЕЙНАЯ ДРАМА МАКСІМА ГОРКАГА НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

Прыйшоў час, калі трэба пераконваць у тым, што цяпер Максім Горкі – адзін з самых актуальных драматургаў. Бо пры згадванні яго імя твар тэатрала, найхутчэй, рэфлекторна змрачнее. Большасць тэатральнай публікі вучыліся яшчэ ў савецкай школе, а значыць, пры позірку на афішу ўспомняць нешта пра «заснавальніка сацыялістычнага рэалізму» – і ці наўрад падыдуць да касы. Між тым наўрад можна знайсці некага, хто б лепш Аляксея Максімавіча напісаў пра ўплыў крызісу грамадскага ўладкавання на сямейныя адносіны, пра тое, як палярызацыя сацыяльнага жыцця выяўляе і абвастрае неразвязныя супярэчнасці ўнутры сям'і.

Менавіта пра гэта п'еса Горкага «Апошнія». І адпаведна аднайменны спектакль, прэм'ера якога адбудзецца на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа 21 лістапада – у 91-я ўгодкі яго заснавання.

Над п'есай «Апошнія» М. Горкі працаваў у 1907-1908 гадах. У верасні 1907-га ў лісце да І.П.Ладыжнікава драматург просіць даведацца, ці магчыма пастаноўка п'есы ў берлінскіх тэатрах, бо ў Расіі яна не можа быць прадстаўлена на сцэне з-за цэнзурных перашкод.

Спачатку п'еса звалася «Бацька». Характэрна, што напісаная следам «Васа Жалязнова» абазначана падзагалоўкам «Маці».

Упершыню п'еса М.Горкага «Апошнія» была надрукавана ў Санкт-Пецярбургу ў «Складанцы таварыства «Веды» за 1908 год» (з цэнзурнымі выняткамі) і адначасна асобнай кнігай у выдавецтве І.П.Ладыжнікава ў Берліне. Да пастаноўкі на сцэне п'еса была забаронена Галоўным кіраўніцтвам па справах друку з рэзалюцыяй: «Да прадстаўлення прызнана нязручным. СПБ. 10 чэрвеня 1908 г.».

Пасля 1933-га Горкі наноў адрэдагаваў п'есу па друкаваным тэксце дзясятага тома збору твораў.

У Беларусі п'еса ўпершыню пастаўлена ў 1937 годзе ў БДТ-1 (Беларускім драматычным тэатры першым), цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Зораў (надалей мастацкі кіраўнік Беларускага ТЮГа). Мастак Зміцер Уласюк быў запрошаны з Харкаўскага дзіцячага тэатра.

У 1976 годзе да п'есы звярнуўся народны артыст Беларусі, галоўны рэжысёр Дзяржаўнага рускага тэатра БССР імя Горкага Барыс Луцэнка і рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Маланкін. Сцэнаграфія Юрыя Тура.

П'еса з поспехам пастаўлена ў расійскіх тэатрах - А.Табакова і імя Маякоўскага.

У пастаноўцы мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра Міхася Краснабаева рознымі словамі героі п'есы «Апошнія» задаюць адны і тыя ж пытанні: «З чым сыходзяць старэйшыя? З чым застаюцца маладыя?».

У маленькай дзяржаве Івана Каламійцава свае даволі бязлітасныя законы. І ўплываюць яны ў першую чаргу на пяцярых дзяцей. Адны супакіоліся, другія прынялі гэтыя спосабы жыцці як свае, трэція шчыра імкнуцца да светлага і не разумеюць, як можна жыць па-іншаму. Ці ўсведамляюць бацькі, якую маральную спадчыну яны пакідаюць нашчадкам? Калі сітуацыя дасягае сваёй мяжы, то маці на каленях просіць дзяцей прабачэння за тое, што нарадзіла іх...

Кожны вінаваты, і адначасна бязвінна пакутуе. Героі ідуць сваімі адмежаванымі шляхамі, як ім з'яднацца пад адным дахам...

Пераклад п’есы на беларускую мову Кузьмы Чорнага. Мастак-пастаноўшчык спектакля - Святлана Макаранка.

У спектаклі заняты артысты: Георгій Лойка (Іван Каламійцаў), Яўген Лук'янаў (Якаў), Алена Шарэпчанка (Соф'я), Уладзіслаў Жураўлёў (Аляксандр), Вікторыя Шамардзіна (Надзея), Святлана Сухадолава (Любоў), Аляксей Анісеня і лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Раман Салаўёў (Пётр), Анастасія Рэўчанка (Вера); народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Святлана Акружная і Анжаліка Баркоўская (спадарыня Сакалова), Аляксандр Базук (Лешч), Аляксей Стома (Якараў), Зінаіда Гурбо (Фядосся), Ульяна Ацясава (Пакаёўка).

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X