НОВЫЯ СУСТРЭЧЫ З МІНСКІМ АБЛАСНЫМ
З 11 па 13 лістапада на Коласаўскай сцэне пройдуць гастролі Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г.Маладзечна). Адкрываюцца яны сучаснай гісторыяй па п’есе расійскага драматурга Пятра Гладзіліна «Афінскія вечары».
…Інтэлігентная маскоўская сям’я мае даволі прыстойны «фасад». Ды цягам часу высвятляецца, што блізкія людзі даўно сталі чужымі адзін аднаму. Нечакана тут наспявае скандал: высвятляецца, што зусім юная дачка чакае дзіця ад свайго закаханага. Прычым вельмі непакоіцца, як аб гэтым паведаміць бацькам. І толькі бабуля здольная «разруліць кульмінацыю» і злучыць любячыя сэрцы.
Спектакль і таму яшчэ цікавым падасца віцебскаму гледачу, што паставіў яго мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі «За духоўнае адраджэнне» Валерый Анісенка.
Драматурга Сцяпана Лабазёрава з упэўненасцю можна назваць прадаўжальнікам вампілаўскіх традыцый у сучаснай рускай драме. Камедыя «Сямейны партрэт са староннім» з поспехам абышла дзесяткі расійскіх тэатраў, ставілася нават у знакамітым БДТ імя Таўстаногава, была экранізавана (фільм «Імяніны» з Юрыем Кузняцовым у галоўнай ролі).
Дзея адбываецца ў сельскай глыбінцы. У сям’ю з чатырох чалавек падсяляюць маладога мастака Віктара, запрошанага афармляць клуб. Міхаіл, што прывёў госця, непакоіцца, што той можа спадабацца гаспадарскай дачцы, і аб’яўляе сям’і, што кватарант- псіхічна хворы, а яму, у сваю чаргу, што сям’я, куды яго падсялілі, пагалоўна «з прыветам»…
Аляксей Слапоўскі. Камедыя «Не такі, як усе» запрашае гледача паразважаць. Не такі… А які? Якімі мы ўсе сябе ўяўляем? Герой гэтай гісторыі, «мужчына не першай маладосці», лічыў, што ўжо ён ведае пра сябе ўсё! Аднак жыццё зладзіла яму каварны «тэст на каханне» і аказалася, што ён ведае далёка не ўсё…
Для маленькіх гледачоў маладзечанцы пакажуць «Казку пра чырвоную стужачку» Алега Чэчэнева і Галіны Латышавай.
У тыя ж дні нас сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г.Маладзечна) адбудуцца гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. мясцовыя гледачы убачаць трагікамедыю «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аўтабіяграфічнай аповесці Паўла Санаева, мюзікл-памфлет Уладзіміра Кандрусевіча «Дыліжанс» паводле навэлы Гі дэ Мапасана «Пышка» і іранічную мілую драму «Пазычанае шчасце» па п’есе Фёдара Палачаніна. Для юных тэатралаў падрыхтавана казка-гульня «Як воўк мамай быў» Васіля Ткачова.
Добавить комментарий