НА БЕЛАРУСІ КАРАТКЕВІЧ ЖЫВЕ! І НЯХАЙ АД ВЕКУ ЖЫВЕ!

26 лістапада 2015 года ўся Беларусь адзначае 85-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Для Коласаўскага тэатра Уладзімір Сямёнавіч – знакавая асоба.
Яго супрацоўніцтва з тэатрам пачалося з п’есы «Званы Віцебска» ў пастаноўцы маладога на той час, вядомага зараз у Беларусі рэжысёра Валерыя Мазынскага. Спектаклем адкрывалася святкаванне 1000-годдзя Віцебска. Сам Уладзімір Караткевіч прысутнічаў на здачы і прэм’еры спектакля.
У 1979 годзе Валерый Мазынскі ажыццявіў пастаноўку трагедыі пісьменніка «Кастусь Каліноўскі». Галоўную ролю сыграў народны артыст БССР Уладзімір Куляшоў. Персанажы гэтага спектакля віншавалі Уладзіміра Караткевіча з 50-годдзем з дня нараджэння ў 1980 годзе.
У 1984-м Караткевіча не стала. Але яго літаратурная спадчына працягвала жыццё на сцэне тэатра.
У 1996 годзе акцёр і пачынаючы рэжысёр Міхась Краснабаеў паставіў на эксперыментальнай сцэне тэатра «Вераб'іную ноч» паводле апавядання «Паром на бурнай рацэ». Спектакль выдатна прымаўся гледачом і жыў у рэпертуары тэатра амаль дзесяць год.
У верасні 2005 года на коласаўскую сцэну выйшаў Гервасій Выліваха – герой знакамітай аповесці Караткевіча «Ладдзя роспачы». Музычная легенда, дзякуючы ў тым ліку таленту выдатнага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, мела вялікі поспех як у дарослага гледача, так у моладдзі.
У сённяшнім рэпетруары тэатра – тры спектаклі па творах Уладзіміра Сямёнавіча. Пасля перапынку на коласаўскай сцэне аднавіўся спектакль «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана «Нельга забыць» у пастаноўцы Міхася Краснабаева. Прэм’ера адбылася ў 2012 годзе. Ці можа каханне перадацца праз кроў, увайсці ў генетычную памяць чалавека? – пытаюцца героі пастаноўкі. Можа, калі гэта – сапраўднае каханне… Спекаткль быў паказаны на тэатральным форуме прафесійных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл» у Нясвіжы, на Дні беларускага пісьменства ў горадзе Глыбокае, а таксама з’яўляўся адным з прэтэндэнтаў на Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія-2012» у Мінску. Сёння ролю паэта Андрэя Грынкевіча іграе артыст Цімур Жусупаў, ролю Ірыны Горавай – Алена Шарэпчанка.
Міхась Краснабаеў ідзе на смелыя рэжысёрскія крокі, калі бярэцца за такія маштабныя творы, як напрыклад «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле аднайменнага рамана Караткевіча. Хоць пастаноўка, прэм’ера якой адбылася ў верасні 2013 года, сустрэла спрэчныя меркаванні. Але адназначна, што ў ёй добра правяіў сябе малады акцёр тэатр Дзмітрый Каваленка. Ён змог увасобіць вобраз народнага Хрыста, Юрася Братчыка, якія з махляра і валацугі ператвараецца ў мысляра, пакутніка, праўдашукальніка. І спасцігае непахісную ісціну: «…умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось – вера. А іншай няма». Варта таксама адзначыць працу заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Рыгора Шацько ў ролі кардынала Лотра, працу вядучага майстра сцэны Георгія Лойкі ў ролі мніха Фларыяна Басяцкага, народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса ў ролі бурмістра Юстына.
Але не толькі Міхась Краснабаеў асвойвае Караткевіча на Коласаўскай сцэне. Напрыканцы мінулага года ў рэпертуары тэатра з’явіўся спектакль паводле вядомай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» ў пастаноўцы рэжысёра Юрыя Лізянгевіча. Ён абазначыў жанр спектакля як «містыфікацыя». Дзеянне адбываецца ў XIX стагоддзі. У пошуках старадаўніх легендаў малады вучоны-этнограф Андрэй Беларэцкі трапляе ў маёнтак Балотныя Яліны, дзе гаспадарыць апошняя спадчынніца свайго роду Надзея Яноўская. Наваколле дрыжыць ад грукату капытоў палявання караля Стаха. Андрэй Беларэцкі імкнецца высветліць прывіды ці жывыя людзі маюць намер давесці маладую жанчыну да смерці і знішчыць у цнатлівай душы веру ў справядлівасць і выратаванне?.. У захапляючай дэтэктыўнай гісторыі ролю Андрэя Беларэцкага выконвае Дзмітрый Каваленка, ролю Надзеі Яноўскай – Юлія Крашэўская.
Бліжэйшыя паказы спектакляў «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Леаніды не вернуцца на зямлю»
адбудуцца 15 і 16 снежня адпаведна.
Сачыце за афішай!
Засваенне літаратурнай спадчыны Караткевіча ў Віцебску працягваецца, бо да 90-годдзе Коласаўскага тэатра мастацкі кіраўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка запланаваў пастаноўку рамана «Каласы пад сярпом тваім».
Чакаем новых уражанняў і спадзяемся на шчырае бласлаўленне Уладзіміра Сямёнавіча на будучае!
Добавить комментарий