«УСЕ МЫ РАЗАМ ЛЯЦІМ ДА ЗОР...»

Бенефіс – нібыта пэўны вынік акцёрскага жыцця, вялікай духоўнай працы на сцэне. 12 чэрвеня, а 19-й гадзіне, актрыса Коласаўскага тэатра Наталля Аладка збірае калег і сяброў, каб разам зазірнуць у мінулае і падумаць пра будучае. «Усе мы разам ляцім да зор...» - да зораў мастацтва, творчасці, да зораў натхнення і невымоўнай радасці.
Наталля Аладка працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа з 1986 года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Высокая сцэнічная культура, добрая прафесійная падрыхтоўка, працавітасць, творчая ініцыятыва вылучаюць актрысу ў коласаўскай трупе. Добрыя вакальныя дадзеныя далі магчымасць актрысе адметна сыграць шэраг роляў лірычных гераінь. Найбольш удала Наталля Аладка працуе ў характарных ролях, што даволі актыўна выкарыстоўваецца рэжысёрамі. Сама актрыса як этапныя вызначае ролі Насты («Несцерка» В.Вольскага), Марысі («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Асоль («Ветразі» паводле А.Грына), Б’янкі («Утаймаванне наравістай» У.Шэкспіра), Годл («Памінальная малітва» Р.Горына), Дар’я («Жарты» («Мікітаў лапаць» М.Чарота)…
Апошнія выкананыя ёй ролі вельмі розныя: зацятая, перапалоханая Служанка ў казцы для дарослых «Дом Бернарды Альбы» Ф.Г.Лоркі і смелая, адкрытая, здольная да змагання Элізабэт Русэ ў мюзікле-памфлеце «Дыліжанс» Ул.Кандрусевіча. Гэта яшчэ раз падкрэслівае гнуткасць таленту актрысы.
Разам са Святланай Жукоўскай Наталля Аладка ладзіць вечары рамансаў у тэатральнай гасцёўні тэатра.
На бенефісе вы ўбачыце ўрыўкі са спектакляў з удзелам Наталлі Аладкі, а таксама віншаванні ганаровых гасцей, сяброў і калег.
ЗАПРАШАЕМ ВАС на БЕНІФІС НАТАЛЛІ АЛАДКІ «УСЕ МЫ РАЗАМ ЛЯІЦМ ДА ЗОР...»!
12 чэрвеня, а 19-й гадзіне, на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра!
Добавить комментарий