КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР ЗАПРАШАЕ ГЛЕДАЧОЎ НА СПЕКТАКЛІ Ў ЖНІЎНІ

Нягледзячы на ўсе няпростыя абставіны, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа працягвае працаваць над новымі спектаклямі, бо мастацтва – вечнае. І гатовы радаваць вас сваімі ранейшымі пастаноўкамі, якія захоўваюцца ў рэпертуары. Квіткі прадаюцца ў нашай касе. Кантактныя нумары тэлефонаў: 62-63-81 (каса), 62-63-96, 62-63-84 (адміністратары).

Коласаўцы ўпэўненыя ў тым, што ў сённяшняй складанай сітуацыі тэатр можа быць месцам радасці, пазітыву, добрага настрою. Жыццё працягваецца, таму замыкацца ў штодзённых праблемах і мысліць негатыўна – не наш шлях. Трэба глядзець у будучае з аптымізмам і добрым настроем. Тэатр не можа жыць без гледача, нам усім патрэбны станоўчы энергетычны абмен. Менавіта ў гэтым і ёсць магія тэатральнага мастацтва.

 

У жніўні Коласаўскі тэатр пакажа шэраг прэм’ерных спектакляў. Сярод іх – «Ваўкалак» паводле аднайменнага апавядання класіка беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, які можна ўбачыць на камернай сцэне 1 жніўня. Ён мае адметнае жанравае ці, хутчэй, канцэптуальнае вызначэнне – «Шлях навяртання». Гэта паняцце духоўнага, біблейскага паходжання і вызначаецца як нежаданне заставацца ў граху, прага і сам працэс абуджэння сакральнага, святога ў душы чалавека. Ператварэнне ў пачвару, простага, закаханага хлопца Марка пад уплывам неспрыяльных абставінаў, жорсткасці, чэрствасці, здрады, подласці людзей, у пачвару, апантаную прагай помсты, сімвалізуе сабой адступніцтва ад свайго роднага асяродку, нацыянальных, духоўных каранёў, Бацькаўшчыны. Адсюль і ўзнікае форма сцэнічнага твору: перад намі спектакль-абрад. Менавіта этнаграфічны, фальклорны складнік з’яўляецца вельмі важным, істотным як для рэжысёра Ірыны Цішкевіч, так і для ўсіх яго стваральнікаў.  Дарэчы, на першую палову верасня запланаваны паказ «Ваўкалака» на Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг».

 

5 жніўня на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць прэм’ерны спектакль «Дом на мяжы» паводле аднаактовых п’ес Славаміра Мрожака «Караль» і «Дом на мяжы» (рэжысёр Міхась Краснабаеў). У алегарычных творах выдатнага польскага абсурдыста актуальныя і сацыяльна значныя тэмы - маральны канфармізм, адступніцтва, гвалт над асобай, маніпуляцыя людзьмі з дапамогай ідэалагічных клішэ і лозунгаў, страх перад уладай, што вядзе да згубы ўласнага «я». Яны паказаныя з дапамогай сатыры, перавелічэння, гратэску, абсурду і, канешне, адкрытага і такога дзівоснага гумару. Любы падтэкст можна расчытаць: трэба толькі ўважліва глядзець і добра слухаць. Прэм’ера адбылася 27 сакавіка, на Міжнародны дзень тэатра. Хацелася б, каб ён меў шчаслівае сцэнічнае жыццё і каб як мага больш гледачоў яго ўбачылі.

 

7 жніўня вы зможаце па-сапраўднаму адпачыць разам з героямі маладзёжнай камедыі-фарсу вядомых галівудскіх кінасцэнарыстаў Уільяма Ван Зандта і Джэйн Мілмар «Каханне і падаткі». Гэта для аматараў лёгкага жанру. Дарэчы, апошняя па часе прэм’ера тэатра. Пастаноўку ажыццявіў галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Генадзь Мушперт.

 

15 жніўня вас чакае міні-серыял для мужчыны і жанчыны «Асенні rock'n'roll» па матывах п’есы «Rock'n'roll на захадзе сонца». Аўтар – сучасны ізраільскі драматург расійскага паходжання Міхаіл Хейфец. Гэтая камедыйная гісторыя - як непасрэдны пасыл гледачу: ніколі нічога не позна! Нават калі вы выйшлі з узросту Рамэа і Джульеты, знайсці блізкую душу ўсё роўна магчыма. І танчыць, не трапляючы ў рытм, таксама можна, – было б жаданне! У спектаклі шмат музыкі, класічны рок-н-рол танчаць як маладыя выканаўцы, так і артысты сталага веку.

Паставіў спектакль маскоўскі рэжысёр (у мінулым віцяблянін) Аляксандр Дольнікаў. У галоўных ролях – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў і вядучы майстар сцэны Наталля Аладка.

20 і 21 жніўня на камернай сцэне чакае першы прэм’ерны паказ спектакля «Метро» па п’есе маладога беларускага драматурга Аляксандра Савухі. Рэжысёр і мастак-пастаноўшчык спектакля – Андрэй Жыгур. Пастаноўка спектакля – вынік перамогі рэжысёра на Рэспубліканскім конкурсе рэжысёрскіх эксплікацый, які праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма, вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу на метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. І раптам, у выніку недарэчнай памылкі, ён трапляе ў іншую рэальнасць – нейкі падземны мегаполіс, дзе сустракае і простых рабочых, і хітрых калег-бізнесменаў, і нахабных прадстаўнікоў аховы парадку... У выніку нават аказваецца на прыёме ў маладога гультаяватага Мэра. «Метро» вельмі нагадвае нашу сацыяльную пабудову. Дзіма вельмі жадае адсюль выбрацца. Але ці магчыма выйсці да святла, калі ты заблукаў пад зямлёй?.. А можа быць, ён проста сышоў з жыцця?..

Улічваючы сітуацыю, зараз у Коласаўскім тэатры для аховы здароўя гледачоў прымаюцца максімальныя меры. Уведзены спецыяльны штодзённы рэжым дэзынфекцыі памяшканняў – перад паказам і пасля паказу кожнага спектакля. У глядацкім фае і прыбіральнях устаноўлены дазатары з антысептыкам для рук. Рэгулярна праводзіцца дэзынфекцыя ручак дзвярэй, парэнчаў лесвіц, падлогі. Адбываецца пастаяннае праветрыванне ўсіх памяшканняў глядацкай часткі тэатра.

Чакаем вас на нашых спектаклях!

Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!

Сачыце за афішай!

Юрый Іваноўскі, літаратурны рэдактар тэатра.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка