У ВІЦЕБСКУ, НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ, З’ЯВІЦЦА «МЕТРО»

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ідуць рэпетыцыі спектакля «Метро» па п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухі. Прэм’ерныя паказы адбудуцца 20 і 21 жніўня 2020 года (19:00).

Рэжысёр і мастак-пастаноўшчык спектакля – Андрэй Жыгур. Пастаноўка спектакля – вынік перамогі рэжысёра на Рэспубліканскім конкурсе рэжысёрскіх эксплікацый, які праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Папярэдняя работа над пастаноўкай адбылася яшчэ ўвесну. 27 мая ў суполцы «Коласаўскі тэатр» УКантакце адбылася анлайн-чытка п’есы.

Жанр п’есы і, адпаведна, спектакля вызначаны як цёмная камедыя са святлом у канцы тунэля. Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма, вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу на метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Вандруючы ў падземцы, Дзіма разумее, што тут размешчаны цэлы горад, мегаполіс з дзевяццю кальцавымі. У метро ён сустракае і простых рабочых, і хітрых калег-бізнэсменаў, і нахабных прадстаўнікоў аховы парадку... У выніку нават аказваецца на прыёме ў маладога гультаяватага Мэра. Каб выбрацца наверх, вызваліцца з цёмнага палону метро, Дзіма гатовы на многае – грубасць, хабар, махлярства... Ён вельмі жадае пазбавіцца свайго пякельнага становішча. Але ці магчыма выйсці да святла, калі ты заблукаў пад зямлёй?..

У спектаклі «Метро» занятыя артысты Анжаліка Баркоўская, Арцём Герак, Уладзіслаў Жураўлёў, Дзмітрый Каваленка, Аляксандр Казлоў, Пятро Ламан, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка.

Андрэй Жыгур – малады перспектыўны тэатральны сцэнограф. Скончыў мастацка-графічны факультэт (2005) і магістратуру (2006) Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, аспірантуру Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў (2010), курсы дадатковай прафесійнай адукацыі Вышэйшай школы сцэнічных мастацтваў (Расія, Масква, 2019), майстэрня народнага артыста Расіі Канстанціна Райкіна. З восені 2019 года навучаецца ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў на спецыяльнасці «Рэжысура тэатра», майстар курса – Канстанцін Райкін.

З 2006 года Андрэй Жыгур працуе мастаком у тэатры імя Якуба Коласа. У якасці мастака-пастаноўшчыка стварыў сцэнічнае афармленне і эскізы касцюмаў больш за 20 спектакляў.

З 2017 года ўваходзіць у склад Беларускага саюза мастакоў у секцыі тэатральных мастакоў. Прадстаўляў Беларусь на II і III Міжнародных маладзёжных тэатральных форумах краін СНД, Балтыі і Грузіі ў 2016 годзе (Мінск) і 2018 годзе (Ерэван).

Аўтар п'есы Аляксандр Савуха жыве і працуе ў Мінску. У 2011 годзе скончыў факультэт транспартавых камунікацый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Будаванне аўтамабільных дарог». З 2012 года там жа працуе выкладчыкам. Яго п'есы адзначаны на буйных драматургічных фестывалях. Так, у 2017 годзе п'еса «Ледзь улоўныя мсціўцы…» увайшла ў шорт-ліст конкурсу маладой драматургіі «Любімаўка» (Масква), у 2018 годзе п'еса «…І лісце вернецца да каранёў» увайшла ў шорт-ліст конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox». П'еса «Метро» была асобна адзначана на конкурсе п'ес для драматычнага тэатра «Сomedy.by», які праводзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі супольна з Цэнтрам беларускай драматургіі.

Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або ў распаўсюджвальнікаў.

Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка