ЗАСЛУЖАНАЙ АРТЫСТЦЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ВАЛЯНЦІНЕ ПЕТРАЧКОВАЙ – 80!

Калісьці ў партызанскім атрадзе маленькае дзяўчо, седзячы высока на дрэве, спявала «Кацюшу». Чуваць было, як лес разрываўся ад снарадаў, недзе кіпеў бой, мама хапалася за галаву, а малая Валя Петрачкова спявала. У гэтым ужо тады праявілася яе натура: вясёлая, няўрымслівая, аптымістычная.

Яе ўваходжанне ў акцёрскую прафесію было не з лёгкіх. Валянціна працавала ў Віцебскім батанічным садзе, гадавала без мужа маленькага сына, а па вечарах вучылася ў студыі пры Коласаўскім тэатры, мастацкім кіраўніком якой быў сам Цімох Сяргейчык, адзін з найбольш славутых айцоў-пачынальнікаў БДТ-2- Коласаўскага тэатра.Сярод настаўнікаў – Навум Лойтар (пастаноўшчык «Несцеркі»), Аляксандр Скібнеўскі, Фёдар Шмакаў, Якаў Буракоў.

Цімох Сяргейчык пакінуў такі запіс у вучэбным журнале: «З Петрачковай выйдзе адметная вострахарактарная актрыса. Яна зойме пачэснае месца ў коласаўскай трупе». І ён не памыліўся.

На жаль, не захаваліся тэлевізійныя запісы ранніх спектакляў з удзелам актрысы, што увайшлі ў «залаты фонд» беларускага тэатра – «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (Сойка), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (Рэгана), «Гісторыя граху» С.Жаромскага (Барнаўская), «Званы Віцебска» Ул.Караткевіча (Еўга Бабук). Толькі радкі газетных рэцэнзій і манаграфій даносяць да нас захопленыя ўражанні крытыкаў і гледачоў.

     

Асаблівую прыхільнасць выклікала яе Еўга – юродзівая. Але актрыса не рабіла акцэнт на яе вар’яцтве, яна – народ, яго праўдзівы голас. Перад раз’юшаным натоўпам, які абараняе сваю веру, з’яўляецца Кунцэвіч, які імкнецца давесці, што ён добры, цярплівы. Еўга-Петрачкова папярэджвае, каб не верылі яму: «Ды вы ўсе тут без галоў, людзі. Ходзяць, рукамі махаюць, а ўсе без галоў! І ты, і ты, і ты!». Лепшым месцам ролі была сцэна Еўгі з Кунцэвічам. Так, яна абвінавачвае яго ў злачынствах, не баючыся, што за гэта ёй пагражае смерць. І ўсё ж у адным толькі звароце да яго – «Іване!» – гучыць столькі чалавечага, столькі болю за арцыбіскупа. Яна верыць, што ў ім прачнецца чалавек, які вернецца да сваёй роднай зямлі.

Гледачы сярэдняга пакалення яшчэ памятаюць яе бабу Аднавочку з «Клеменса» Казіса Саі – на дзіва ансамблевага, сапраўды народнага спектакля і па сённяшні дзень непераўзыдзенага шэдэўра Коласаўскага тэатра. Роля, здаецца, не з галоўных, але з якім мяккім гумарам была зроблена актрысай! Яна, гэтак жа як смаляр Алялюмас , музыка Скалнас – была ўвасабленнем годнасці, маральнай чысціні жыхароў Дзевяцібедаўкі, не ўсіх, а тых адзінак, хто не растварыўся у тупым натоўпе, не дазволіў сабе ператварыцца ў рабскае паслухмянае быдла.

Зусім іншая роля – Галчыха з «Без віны вінаватых» А.Астроўскага. Перажыўшая свой век старая, чый розум блукае недзе ў прастрацыі, бярэ інстынктам выжывання выкінутай на вуліцу дварнягі. Шкада яе і адначасова агідна бачыць гэтыя дрыжачыя рукі, якія хуценька зграбаюць банкноты.

Тонкая псіхалагічная работа была ў Валянціны Петрачковай і ў спектаклі «Такое дзіўнае каханне», пастаўленым у пачатку 80-х гадоў Генадзем Мушпертам, які складаўся з некалькіх навел розных аўтараў. У адной з іх – Два пудзелі» С.Злотнікава – яна працавала ў пары з народным артыстам Беларусі Яўгенам Шыпілам. Усе дыялогі, усё дзеянне там будавалася на «другім плане», падтэкстах, тонкай нюансіроўцы. Яны былі такімі рознымі, ён – з «простых», яна – вытанчаная інтэлігентка, але іх аб’ядноўвала адно – самота сталага ўзросту.

Адна з найбольш значных яе работ – Ганна ў спектаклі «Вечар» па п’есе А.Дударава. Петрачкова моцна драматызавала вобраз, больш падкрэслівала адзіноту, невычэрпны душэўны боль, смутак сваёй гераіні. Яе параўноўвалі з беларускай мадоннай. Калі спектакль на гастролях у Маскве бачыў міністр культуры СССР Юрый Дземічаў, то быў настолькі ўражаны ігрой віцебскіх артыстаў, што загадаў усім прысвоіць ганаровыя званні. Так Валянціна Петрачкова стала заслужанай артысткай Беларусі. Апроч таго, за ролю Ганны ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Валянціна Петрачкова ўдала дакранулася і да класікі «тэатра абсурда» у пастаноўцы Антона Грышкевіча «Крэслы» паводле Эжэна Іянэска. Вобраз Старой быў запамінальным, бо актрыса, можа, і насуперак аўтару, узбагачала яго сваёй жыццёвай мудрасцю, сваім асабістым смуткам, чалавечнасцю, жаночай цеплынёй. Здольнасць спалучыць драматызм, псіхалагічны аб’ём вобраза з камедыйнымі фарбамі, эксцэнтрыкай выявілася і ў спектаклі «Дарагая Памэла Кронкі!» Д.Патрыка ў пастаноўцы Грышкевіча, дзе актрыса бліскуча выканала галоўную ролю. Прыгадваюцца словы гэтага рэжысёра, які быў на стажыроўцы ў Маскве і на той час вярнуўся ў Віцебск: «Такіх актрыс, як Валянціна Цімафееўна, там і блізка няма».

 

Трэба сказаць, што яна ніколі не паўтарала назапашаныя прыёмы, не ўжывала штампы, заўсёды была нечаканая. Шкада толькі, што рэжысёры ёй часцей давяралі другасныя ролі. Але якія шэдэўры яна рабіла нават з драбнюткага эпізоду! Ці магчыма забыць яе нямую Мар’ю з трагедыі А.Ждана «Сылгалі Богу, сылгалі»! Дзея адбывалася ў адной з пакінутых чарнобыльскіх вёсак. Некалькі старых кабет дажываюць тут астатнія дні. Адну з іх, Мар’ю, жыццё ніколі не песціла. Яшчэ дзіцём яе падкінулі ў чыйсьці хлеў. Гадавалася адна, без бацькоў (хто дзе прытуліць), потым, абняслаўленая, засталася адна з дзіцем на руках. Абараняючы свой гонар, ужо падрослы хлопец трапіў за краты. І вось ён вяртаецца. Трэба бачыць, як Мар’я кідаецца яму на шыю, як прыціскае да сябе, як потым, седзячы за святочным сталом, ласкава ўскудлачвае яго валасы, як, забыўшы на ўзрост, скача пад сынаў гармонік. У гэтай ролі (ды ці толькі ў ёй?) актрыса не іграла – жыла на сцэне. Мабыць, унутрана блізкай, па-чалавечы зразумелай здавалася ёй Мар’я.

У спектаклі «Млын» паводле п’есы Аляксея Дударава эпізод з яе ўдзелам доўжыўся некалькі хвілін, але ўражваў амаль дакументальнай праўдай. На сцэну выходзілі дзве пажылыя, знясіленыя жыццём кабеты, відаць, кінутыя дзецьмі, адна з якіх карміла другую супам. Аўтар не даў выканаўцам (Валянціне Петрачковай і Тамары Шашкінай) ніводнай рэплікі, але непадробнае існаванне старэйшын коласаўскай трупы настолькі ўражвала, што зала нязменна праводзіла іх апладысментамі.

Апошняя па часе яе работа – Марыя Хасэфа з драмы «Дом Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі. Здавалася, што гераіня Петрачковай толькі прыкідваецца вар’яткай, столькі цвярозага розуму ў яе словах, якія яна смела кідае ў твар Бернардзе. Жыццялюбства і эпатаж Хасэфы – свайго роду пратэст супраць дэспатызму, тыраніі гаспадыні змрочнага дому. Гэтую ж ролю яна выконвала на бенефісе пяць гадоў таму. Як цёпла прымала кожны яе выхад глядзельная зала, не шкадуючы гарачых воплескаў!

Трэба прыгадаць і тыя ролі, якія актрыса сыграла ў кіно. Гэта Яўхіміха ў «Знаку бяды», Палаг’я Хахлова з «Плача перапёлкі», Настаўніца з «Белых адзенняў», Макар’еўна з серыялу «Будулай, якога не чакаюць», Ганна, бабуля Люды са стужкі «Свяжына з салютам» і іншыя.

     

Валянціна Цімафееўна – актрыса асаблівая. Яна – увасабленне мудрасці, дабрыні і адданасці тэатру, сапраўдная беларуская актрыса, бо змагла сабраць і захаваць ў сабе лепшыя традыцыі Коласаўскага тэатра, якому ніколі не здраджвала.

Апошнім часам выдатная актрыса, якая каля 60 год свайго жыцця аддала служэнню Коласаўскаму тэатру, сыграла тут каля 200 роляў, не выходзіць на сцэну. Але гледачы і, вядома ж, усе супрацоўнікі тэатра, калегі памятаюць яе сцэнічныя работы, безумоўна, упісаныя ў скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва.

Сёння Валянціна Петрачкова святкуе 80-годдзе!
Коласаўскі тэатр ад усёй сваёй творчай душы жадае ёй моцнага здароўя,
доўгіх гадоў жыцця, аптымізму, святочнага настрою!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X