ВІКТАР ДАШКЕВІЧ. З КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРАМ – ПРАЗ УСЁ ЖЫЦЦЁ

3 студзеня 2020 года святкуе 75-гадовы юбілей вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Мікалаевіч Дашкевіч. Ён нарадзіўся ў самым пачатку таго года, які прынёс чаканую перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. З'явіўся ён на свет у партызанскай зоне. Менавіта там пазнаёміліся бацькі Віктара: тата, былы акружэнец, і мама, партызанка-падрыўніца, маладая дзяўчына, якая ўцякла з акупацыі і прабілася праз лінію фронту да сваіх. Тату Віктар Мікалаевіч не запомніў: праз некалькі месяцаў пасля яго народзінаў той загінуў. Мама вярнулася да сябе на радзіму, у Арэхаўск, дзе і прайшло дзяцінства будучага акцёра.

Па дарозе ў Віцебск

Віктару Дашкевічу моцна пашанцавала. У мястэчка закінуў лёс вядомую актрысу Таццяну Бальшакову, якая сама спасцігла асновы майстэрства ў Францыі, у горадзе Нансі. У Арэхаўску яна вяла тэатральную студыю пры Палацы культуры, куды і трапіў будучы акцёр. Пасля 10 класа двойчы спрабаваў паступіць у школу-студыю МХАТ, але няўдала. То дакументы ў час не прыходзілі, то замінаў беларускі акцэнт.

У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут паступіў без праблем. Кіраўніком курса была яшчэ адна выдатная жанчына, вядомы педагог, прафесар Вера Паўлаўна Рэдліх. Выхаванка мхатаўскай школы, яна шмат гадоў узначальвала Новасібірскі тэатр «Чырвоны факел», потым працавала рэжысёрам Рускага тэатра імя Горкага ў Мінску. У дыпломных спектаклях Віктар Дашкевіч сыграў шэраг галоўных роляў, але лепшым прызналі Міканора ў «Людзях на балоце» па І.Мележу. Яго запрашалі ў Рускі тэатр імя Горкага, клікалі ў Брэст, але ён паехаў у Віцебск. Па-першае, бліжэй да родных месцаў, па-другое, так захацела яго жонка.

З прыходам Валерыя Мазынскага

Нейкі час буйных роляў яму не прапаноўвалі, усё больш эпізоды ці казкі. Пакуль у тэатр не прыйшоў Валер Мазынскі, які літаральна ўзняў на дыбкі калектыў сваім першым спектаклем «Званы Віцебска» па Ул.Караткевічу. Дашкевіч – Палікар Абрагімовіч, тысячнік, кіраўнік біскупскай гвардыі. Гэтая роля прынесла яму дыплом на Рэспубліканскім конкурсе творчай моладзі.

    

У той час гледачам запомніліся некалькі яскравых роляў Віктара Дашкевіча. Вясковы «дурань», а насамрэч хітры, разважлівы насмешнік Мікіта з п’есы «Мікітаў лапаць» Л.Родзевіча (спектакль «Жарты»). Паляўнічы-якут Ерамееў, які захаваў дзіцячую наіўнасць і давер да людзей («Летась у Чулімску» А.Вампілава). Сапраўдны праведнік Мікола, які ўзваліў на сябе цяжар клопатаў пра чужую сям'ю («Парог» А.Дударава). Залішне сціплы кавалер Мікалай Іванавіч са «Старога дома» А.Казанцава. Вобразы, створаныя артыстам, адрозніваліся мастацкай пераканальнасцю, праўдападабенствам, паглыбленнем у самую сутнасць характара, уменнем схапіць «зерне» ролі.

 

У «Ляльку» і назад

Напрыканцы 80-х гадоў у тэатры імя Якуба Коласа стварылася складаная сітуацыя. Галоўнага рэжысёра Валерыя Мазынскага адхілілі ад пасады. Тэатр узначаліла «рэжысёрская калегія», але ніводны з пастаўленых спектакляў не стаў з'явай, усе яны хутка сыходзілі з рэпертуару. Віктар Дашкевіч адгукнуўся на прапанову стаць дырэктарам тэатра «Лялька», хоць адміністрацыйная праца яўна не была яго каньком. Вядомы тэатральны крытык Тамара Гаробчанка неяк пры сустрэчы заўважыла яму: «Што, у дырэктары падаўся? А я дагэтуль твайго Ерамеева помню». І вельмі хутка Віктар Дашкевіч вярнуўся. Тым больш што калектыў коласаўцаў узначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Барыс Эрын, з імем якога звязаны магутныя ўзлёты тэатра: «Улада цемры», «Клоп», «А зоры тут ціхія…», «Вяселле Крачынскага», «Хам».

Акцёр класічных роляў

Працу артыста Віктар Мікалаевіч сумяшчаў з абавязкамі загадчыка трупы – свайго роду буфера паміж адміністрацыяй і творчым складам. У гэты перыяд ён сыграў цэлы шэраг класічных роляў. Вось як успамінае пра яго Добчынскага з «Рэвізора» калега акцёра, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова: «Высокі ліслівы галасок, замілаваныя вочкі, каціная хада, птушыны чубчык на галаве – і перад намі вельмі праўдзівая выява «маленькага» чалавека, якому ўжо вельмі хочацца быць наперадзе ўсіх падзей». У спектаклі «Кароль Лір» па Шэкспіру, пастаўленым Валерыем Маслюком, ён іграў герцага Альбанскага. Дзівакаваты, нікчэмны, пацешны ў сваім карнавальным касцюме, гэты герой жыве ў свеце ім жа самім прыдуманых фантазій. Па іроніі лёсу менавіта ён наследуе трон пасля смерці Ліра.

 

Артыст бліскуча ўпісаўся ў тонкую паэтыку чэхаўскіх вобразаў – Цялегіна ў спектаклі «Дзядзька Ваня» і Сорына ў «Чайцы». Гэта былі хоць і абмінутыя шчасцем, але вельмі прывабныя персанажы, перш за ўсё сваёй хрысціянскай здольнасцю спагадаць, успрымаць чужое гора як сваё ўласнае.

 

У эксперыментальным тэатры. І не толькі

Без сумневу, акцёру больш блізкі псіхалагічны, традыцыйны тэатр, але тым не менш яму не чужыя і сучасныя, эксперыментальныя пошукі, у Коласаўскім тэатры звязаныя найперш з пастаноўкамі Віталя Баркоўскага. Вытворца дырыжораў у «Пісьменных» М.Чокэ, Чорны ў «Сне на кургане» паводле Я.Купалы, Мюлер у «Тузах» У.Відмера, Аўтар («Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса), Савецкі следчы («От цо да!» С.Яновіча), Пісьменнік («І смех, і слёзы, і Любоў» па У.Набокаву). Усё гэта, на першы погляд, ролі «другога плану», але яны запомніліся, бо акцёр змог злучыць псіхалагічную верагоднасць з яркай вонкавай формай на мяжы з гратэскам, гіпербалай, буфанадай, што дапамагло яму знаходзіць цікавыя прыстасаванні, пераасэнсоўваць другарадныя вобразы.

 

 

За ролю Мнішака, каварнага прыдворнага каралевы Боны ў спектаклі «Чорная нявеста» па А.Дудараву акцёр быў ганараваны прызам глядацкіх сімпатый на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» у 1999 годзе.

Бліскуча сыграў Віктар Мікалаевіч і ролю Радзівона Мікалаевіча ў спектаклі «Старамодная камедыя» А.Арбузава. Яго герой – галоўны ўрач санаторыя – ужо ў сталым веку сустракае сваё каханне і лёс. Адкрыты душой, сапраўдны жыццялюб, здольны кахаць і на схіле год – такім ён паўстае ў выкананні артыста.

 

З Рыдам Таліпавым і Юрыем Лізянгевічам

Асобная старонка ў творчай біяграфіі – работы ў спектаклях Рыда Таліпава. У «Мудрацах…» па А.Астроўскаму ён сыграў Мамаева. Акцёр пераканаўча перадаў фанабэрыстасць і славалюбства, дурасць свайго персанажа. Удала знойдзены грым сівавалосага старога ў вялікіх бакенбардах з прыжмурваннем наіўнага немаўляці даў магчымасць выканаўцу стварыць выразны вобраз. У спектаклі «Квартэт» Р.Харвуда пра зорак опернай сцэны, што дажываюць свае дні ў элітным доме для састарэлых, Віктар Дашкевіч стварыў супярэчлівы вобраз Рэджы. Акцёр паказаў героя ў развіцці: ён паступова ішоў ад самалюбавання, амбітнасці, замкнёнасці на сваіх крыўдах да спагады, разумення і даравання іншых.

 

У спектаклі Юрыя Лізянгевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» па знакамітай аповесці Уладзіміра Караткевіча Віктар Дашкевіч іграў адну з цэнтральных роляў – шляхціца Дубатоўка, які выдае сябе за прыстойнага чалавека, але за гэтай маскай хаваецца жорсткі драпежнік, які, уласна, і містыфікуе «дзікае паляванне».

Творчае жыццё працягваецца...

У апошнія сезоны Віктар Мікалаевіч актыўна заняты ў дзіцячых спектаклях. У музычнай казцы «Прыгоды Чыпаліна» ён выконвае ролю Чыпалонэ, бацькі галоўнага героя, а ў эксцэнтрычным, дасціпным, вясёлым спектаклі паводле твораў А.Ліндгрэн «Пэппі» стварае вобраз Капітана Вельмідоўгаяпанчоха – таты юнай выдумшчыцы і гарэзніцы, які, нягледзячы на ўзрост, і сам схільны да ўзнёслай рамантыкі.

 

Сярод роляў «дарослага» рэпертуару – камічны і глухаваты стары Місэна ў лірычнай камедыі «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі, прафесар Райсэр з камедыі «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, дзед Севяр’ян у жыццёвых гісторыях «Яшчэ раз пра каханне» па В.Шукшыну.

 

Коласаўскі тэатр зычыць юбіляру моцнага здароўя, бадзёрасці духу, жыццёвага аптымізму, выдатнага настрою, сямейнага дабрабыту і вядома – новых цікавых, запамінальных роляў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X