«СМЕШНЫЯ ЛЮДЗІ» КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА НА «МЕЛІХАЎСКАЙ ВЯСНЕ»

 

20 мая Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымае ўдзел у XXIV Міжнародным тэатральным фестывалі «Меліхаўская вясна», які штогод праводзіцца на тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея-запаведніка А.П.Чэхава «Меліхава», створанага на аснове сядзібы пісьменніка. На адкрытай сцэне коласаўцы пакажуць камедыю «Смешныя людзі» па аднаактовых п’есах А.Чэхава «Пра шкоду тытуню», «Юбілей» і «Прапанова».

 

Тры гісторыі спектакля – быццам спісаныя з жыцця сусветным класікам прозы і драматургіі Антонам Паўлавічам Чэхавым. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава – звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.

 

Рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар музычнага афармлення – заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура.

У частцы «Пра шкоду тытуню» іграе Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Нюхін). У частцы «Юбілей» – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка, (Шыпучын), Алена Шарэпчанка (Таццяна Аляксееўна), Яўген Бераснеў (Хірын), Раіса Грыбовіч (Мярчуткіна), Вадзім Асвяцінскі і Ілья Блыкін (Службоўцы банка). У частцы «Прапанова» – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Чубукоў), Вікторыя Шамардзіна (Наталля Сцяпанаўна), Раман Волат (Ломаў).

 

На сёлетні фестываль «Меліхаўская вясна» было пададзена больш за 120 заявак. У афішы сярод 22 пастановак замежную частку праграмы разам з коласаўцамі складаюць Дзяржаўны акадэмічны рускі тэатр імя М.Горкага са сталіцы Казахстана Астаны, клуб «Тры мастацтвы» і тэатр «Кацьяні» з індыйскага Нью-Дэлі, Тэатр Джэльфы з Алжыра і Азербайджанскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр з Баку.

Такім чынам, фестываль будзе размаўляць на розных мовах. Камедыя «Смешныя людзі» будзе паказаная на беларускай мове без перакладу і субтытраў.

 

«Слухаць Чэхава на розных мовах – гэта сапраўднае задавальненне і разам з тым доказ відавочнага факта: мова культуры не мае межаў», – адзначыў міністр культуры і турызму Маскоўскай вобласці Васіль Кузняцоў.

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X