«ПРАКЛЯТЫ ДУБЛІН» – НОВЫ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНЫ СПЕКТАКЛЬ НА КАМЕРНАЙ СЦЭНЕ

З 11 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа распачынаецца праца над новым эксперыментальным спектаклем «Пракляты Дублін» сучаснага папулярнага ірландскага драматурга Энды Уолша. Усё мае адбыцца ў форме своеасаблівага майстар-класу на новай камернай пляцоўцы, якая, хаця афіцыйна здадзеная яшчэ не была, ужо зарэкамендавала сябе як асяродак для асаблівай драматургіі.
П’еса «Пракляты Дублін» апавядае пра юнакоў і дзяўчат Дубліна, якія не могуць знайсці для сябе месца ў вялікім горадзе, які насамрэч і не можа нічога ім прапанаваць. Адны шукаюць выратаванне ад пустаты ў наркотыках, другія – у пабегу, трэція – у сэксе і гвалце, чацвёртыя – у «заяданні» праблем…
П’еса была перакладзеная з ірландскага варыянта англійскай мовы на рускую мову студэнтам гуманітарнага факультэта Алегам Бабарыкам. На сцэне яна загучыць ужо па-беларуску. У беларускамоўным варыянце мы імкнуліся перадаць асаблівасці менавіта сучаснага маўлення, каб не згубіць настрою п’есы.
Працаваць з артыстамі над п’есай будзе рэжысёрка Таццяна Навумава. Таццяна паходзіць з Віцебску, але апошнія гады жыве і працуе ў Германіі. Адмыслова для пастаноўкі п’есы яна завітае да нас. Прагляд спектакля папярэдне запланаваны на 27 чэрвеня. У спектаклі задзейнічаныя артысты Коласаўскага тэатра Максім Каржыцкі, Анастасія Чыстабаева, выпускнікі Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Арцём Герак, Дзмітрый Каваленка, Раман Салаўёў, Антон Мінчык і Ганна Дубчанка, а таксама навучэнцы тэатральных студый горада Кацярына Рэзнічэнка, Ганна Багамол і Таццяна Маліноўская.
Жадаем рэжысёру і артыстам плённай і цікавай працы і… чакаем 27 чэрвеня!
Добавить комментарий