«МАКБЕТ» НА ФЕСТЫВАЛІ «МЕЛЬПАМЕНА ТАЎРЫІ»

З 23 па 28 мая 2013 года коласаўцы знаходзіліся на Міжнародным тэатральным фестывалі «Мельпамена Таўрыі» (Херсон, Украіна).

Распачаўся фестываль урачыстым шэсцем удзельнікаў з 16 краін па цэнтральных вуліцах горада. Коласаўцы ішлі ў першых радах: наперадзе Макбет (Юрась Цвірка) і Лэдзі Макбет (Анжаліка Баркоўская), побач – Макдуф (Георгій Лойка), Рос (Яўген Лук’янаў), Банко (Яўген Бераснеў), служкі і вядзьмаркі. Прэм’ера спектакля «Макбет» у пастаноўцы дырэктара-мастацкага кіраўніка коласаўскага тэатра заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі адбылася менавіта на гэтым прэстыжным, самым буйным ва Украіне фестывалі. Коласаўцы працавалі на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы пад адкрытым небам, пабудаванай на лецішчы «Чумацкая крыніца» прэзідэнта фестывалю, дырэктара Херсонскага акадэмічнага тэатра драмы і камедыі імя М.Куліша, заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны Аляксандра Кнігі.

- Гэты спектакль яшчэ не бачылі гледачы Віцебска, менавіта ўкраінскі глядач мае магчымасць быць удзельнікам прэм’ернага паказу, – такімі словамі распачаў імпрэзу Аляксандр Андрэевіч Кніга. Дарэчы, пастаноўшчык спектакля Валерый Анісенка вядомы ўкраінскаму гледачу па спектаклі «Чайка» А.Чэхава, які іграўся на пленэры артыстамі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі два гады таму. А Коласаўскі тэатр трапіў на гэты фэст упершыню.

На спектаклі прысутнічалі знакамітыя ўкраінскія журналісты і тэатразнаўцы, а таксама фундатары юбілейнага ХV фестывалю «Мельпамена Таўрыі» народныя дэпутаты Мікола Баграеў і Валадзімір Сальда.

Вельмі хваляваліся ўсе стваральнікі спектакля, асабліва выканаўцы галоўных роляў Юрась Цвірка (Макбет), Анжаліка Баркоўская і Ірына Цішкевіч (Лэдзі Макбет). Не кажучы пра пастаноўшчыка Валерыя Анісенку, які змяніў за час спектакля некалькі стаячых месцаў у перапоўненай глядзельнай зале.

Тры тэлекампаніі рыхтавалі рэпартажы з гэтага відовішча. Часам аператары перакрывалі прамень святла, накіраваны на артыстаў, бо ўмовы акцёрскай работы на адкрытай пляцоўцы вельмі няпростыя. Макбету даводзілася весці дыялогі не толькі на сцэне, а і ў сасонніку, справа і злева ад гледача. Напрыклад, караля Дункана Макбет забіваў у альтанцы, якая знаходзілася воддаль. Але і там удалося зладзіць ценявы тэатр, запланаваны і здзейснены рэжысёрам на вялікай сцэне тэатра. Фігура Макбета-забойцы вырастае на вачах гледача. Гэта асабліва ўражвае менавіта ў прыцемках. Коласаўцам спрыяла ноч, поўня асвятляла сцэнічную пляцоўку. Здавалася, што вядзьмарская варажба ўзнікала менавіта сёння, зараз, тут. Гледачы выдатна прымалі пастаноўку. 25 мая былі вельмі добразычлівыя гледачы-саўдзельнікі спектакля. 26-га – разварушыць публіку было складаней, бо ў першым радзе занялі месцы віп-персоны. Але, дзякуй Богу, усё атрымалася.

Вынікам гэтай паездкі стала дамоўленасць паміж кіраўнікамі двух знакамітых тэатраў аб удзеле коласаўцаў у наступным ХVІ фестывалі «Мельпамена Таўрыі» са спектаклем «Песні ваўка» Вячаслава Паніна і гастролях Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Херсоне.

А між іншым, Херсон, дзякуючы «Мельпамене Таўрыі» – горад надзвычай тэатральны. Білеты на спектаклі замаўляюць за месяц наперад.

Фестывальныя фотаздымкі можна паглядзець тут.

Спасылкі на рэпартажы з фестывалю, водгукі на прэм'ерны паказ спектакля «Макбет» на фестывалі «Мельпамена Таўрыі»:

- В Херсоне открылся 15-й театральный фестиваль «Мельпомена Таврии» («Херсонские вести»)
- В Херсоне проходит международный театральный фестиваль («Подробности-ТВ»)
- На Херсонщине шекспировского «Макбета» поставили среди трав и лесных дебрей («Южноукраинские новости»)
- Открытие ХV Международного театрального фестиваля «Мельпомена Таврии» («Південна інформаційна компанія»)
- Шекспира сыграли в Цюрупинском лесу («Південна інформаційна компанія»)
- «Кто начал злом, для прочности итога, все снова призывает зло в подмогу» (о пьесе «Макбет») («Південна інформаційна компанія»)

Відэазапіс спектакля «Макбет» на фестывалі ў Херсоне:
Макбет. Мельпомена 15. Херсон.

 

Нагадваем, што ў Віцебску прэм’ерныя паказы спектакля «Макбет» пройдуць 5 і 18 чэрвеня!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

НФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X