ЛАРЫСА АНТОСЕВА АДЗНАЧЫЛА СВОЙ ЮБІЛЕЙ
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа віншуе былую артыстку Ларысу Антосеву, якая 16 лютага адзначыла свой юбілей. Зычым ёй моцнага здароўя, даўгалецця, душэўнай моцы і вытрымкі, пазітыўнага настрою!
Нарадзілася Ларыса Антосева ў вельмі прыгожых мясцінах, зусім непадалёку ад Камянецкай вежы. У дзяцінстве была вельмі сарамлівай дзяўчынкай, таму выступала толькі перад сваімі бацькамі. А першы дэбют адбыўся на студэнцкай сцэне, у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Яна закончыла курс Аляксандра Іванавіча Бутакова, выдатнага рэжысёра і педагога. Разам з ёй вучыліся вядомы беларускі драматург Аляксей Дудараў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і многія іншыя вядомыя дзеячы сцэны. Першай роляй стала Васіліса ў горкаўскай п’есе «На дне».
Пазней была праца ў Гродзенскім абласным драмтэатры, куды яна адправілася следам за мужам, будучым тэатральным рэжысёрам Ігарам Баярынцавым. Тут яна сыграла Анюту ў спектаклі «Камуніст» паводле сцэнарыя Я.Габрыловіча, купалаўскую Паўлінку. Былі абяцаны новыя цікавыя ролі. Але неўзабаве давялося змяніць прапіску. Яе разам з мужам чакаў знакаміты Коласаўскі тэатр.
Прозвішча актрысы па мужу – Баярынцава. А вось Антосева – творчы псеўданім. Яна стварыла яго, калі прыехала на працу ў Віцебск у 1984 годзе. Тады Валерый Мазынскі, на той час галоўны рэжысёр тэатра імя Якуба Коласа, спытаў, як называлі яе ў дзяцінстве. І яна прыгадала словы аднавяскоўцаў: «Вунь, Антосева дачка пайшла!» Так і засталася ў тэатральных праграмках і афішах «Антосева». А дэбютная роля Веры ў спектаклі «Радавыя» па п’есе Аляксея Дударава вызначыла яе акцёрскі лёс. З таго часу Коласаўскі тэатр стаў яе другім домам.
У далейшым вельмі добрыя творчыя стасункі звязалі актрысу з Валерыем Маслюком, Антонам Грышкевічам, Ігарам Баярынцавым. Менавіта ў іх спектаклях Ларыса Антосева сыгралі самыя лепшыя, «зорныя» ролі. Гэта лэдзі Мільфард з «Каварства і любові» Ф.Шылера, Рэгана ў «Каралі Ліры» У.Шэкспіра, Шарлота фон Штайн у монаспектаклі «Размовы ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса, Мэры ў спектаклі «Кахаю. Спадзяюся. Чакаю» паводле «Шлюхі з Гарлема» Э.Сверлінга, фрэкен Юлія ў аднайменным спектаклі па п’есе А.Стрындберга, Жанчына ў «Жанчыне ў пясках» К.Абэ, Шаганэ ў «Жаночым стале ў паляўнічай зале» В.Мярэжкі, Яна ў «Фламенка» В.Маслюка, Шарлота ў «Восеньскай санаце» І.Бергмана, Бона Сфорца ў «Чорнай нявесце» А.Дударава. За ролю Шарлоты фон Штайн была адзначана дыпломам на III Міжнародным фестывалі монаспектакляў «Я» (1998). Увогуле, акцёр павінен быць сааўтарам і аднадумцам рэжысёра, а не паслухмянай марыянеткай, свайго роду пластылінам у яго руках. Так лічыла Антосева і спраўджвала ў сумеснай рабоце, супольнай творчасці.
Больш за 30 год яна прысвяціла Коласаўскаму тэатру, дзе стварыла амаль 40 мастацкіх вобразаў. Кожны з іх напаўняла ўласнымі думкамі, перажываннямі, эмоцыямі, сіламі, нервамі, уяўленнямі пра людзей і свет. А як жа інакш, калі ставіш перад сабой сур’ёзныя творчыя задачы і мэты. Ларысу Антонаўну заўсёды цікавілі высокамастацкая літаратура, самыя лепшыя ўзоры сусветнай драматургіі, найперш класічнай. І калі нават здараліся перыяды творчага прастою, яна прыносіла кіраўніцтву тэатра, асобным рэжысёрам свае прапановы. У выніку нарадзіліся надзвычай цікавыя пастаноўкі.
Адной з такіх прапаноў стала п’еса нямецкага драматурга Петэра Хакса «Размовы ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» (1995). У выніку супрацоўніцтва з Валерыем Маслюком нарадзіўся монаспектакль актрысы, які займеў поспех не толькі на радзіме, у Віцебску, але і ў Маскве, на сцэне Дома акцёра імя Яблачкінай. Ларыса Антосева прадстаўляла драму жанчыны, якой за трыццаць. Драма ў тым, то жанчына кахае паэта. Паэт больш заняты сабой і паэзіяй. Каштоўнасць адносін з Шарлотай хіба што ў вонкавых праявах кахання, ён аддае перавагу халаднаватай пяшчоце перад жарсцю. Ларысе Антосевай выпала складаная праца над партытурай ролі, логікай псіхалагічных доказаў, назапашваннем якасных душэўных змен. Ад выхаванай і стрыманай дамы з вышэйшага свету да жанчыны пакрыўджанай, ад гульні ў хваляванне, ад прадстаўлення перад драўляным слухачом да існага пачуцця і ўсведамлення: кахаю і нічога зрабіць не ў стане, і нічога не буду з сабою рабіць. Ва ўсё гэта трэба было ўкласці сваю душу.
У памяць пра любімага рэжысёра актрыса сыграе ў яго апошняй пастаноўцы, якую ён пры жыцці не паспеў выпусціць – «Кахаю. Спадзяюся. Чакаю» паводле п’есы Э.Сверлінга «Шлюха з Гарлема» (2001). Валерый Маслюк не дажыў да прэм’еры... І Ларыса Антосева самастойна дапрацоўвала спектакль.
Па сюжэце беспрацоўная галодная дзяўчына праходзіць праслухоўванне ў тэатры на галоўную ролю. Яна чытае перад камісіяй розныя маналогі, укладаючы ў іх найперш сябе, свой жыццёвы досвед, свае перажыванні. Спектакль быў набліжаны да нашых сучасных рэалій і прагучаў як прызнанне ў любові Яго Вялікасці Тэатру і найперш Коласаўскаму.
У спектаклі «Фрэкен Юлія» (1997) па п’есе А.Стрындберга, пастаўленай Антонам Грышкевічам, Ларыса Антосева таксама выконвае галоўную ролю. Актрыса арганічна існавала ў мадэрнісцкай эстэтыцы спектакля, выяўляла ў ім таямнічыя глыбіні чалавечай псіхалогіі. Юлія ў выкананні Антосевай безаглядна спакушае Жана (Пятро Ламан) і неўсвядомлена ўцягваецца ў небяспечную гульню. Яна балансуе на вастрыі брытвы. Спешчанае, капрызлівае дзяўчо расплачваецца за сваю недзіцячую прагу кахання горкім расчараваннем, крушэннем фальшывага ідэалу. У бэжавай, сцягнутай у таліі сукенцы, у чырвонай шапачцы з пампонам, яна ў фінальнай сцэне нагадвала пакрыўджаную школьніцу, якая перажыла душэўную траўму, але так і не ператварылася ў жанчыну. Туга ў вачах. Прыхаваны крык нявыказанага болю.
Адной з лепшых сцэнічных работ актрысы стала Жанчына ў прыпавесці Коба Абэ «Жанчына ў пясках» (2003), пастаўленай Ігарам Баярынцавым. Актрыса многа і грунтоўна вывучала японскую культуру, працуючы над гэтым вобразам, сама неаднойчы ездзіла ў пасольства гэтай дзяржавы. Для галоўнага героя спектакля Нікі Дзюмпэя (Валянцін Салаўёў) было важна адгадаць загадку гэтай жанчыны, якая існуе ва ўмовах несвабоды (так яму здаецца), у гэтым жа падвале, яме, але не хоча вырвацца з гэтай клеткі. Чаму яна вядзе сябе так спакойна? У чым сакрэт гэтай унутранай моцы і трываласці? Магчыма, гэта безвыходнасць, а магчыма – лёс, прадвызначанасць. І ва ўсмешцы Жанчыны, у напеўнасці інтанацый яе голасу, магчыма, хаваецца яе мудрасць...
І яшчэ адзін вобраз, які стварыла жанчына на апошнім сваім творчым этапе. Таксама Шарлота, але ўжо ў спектаклі «Восеньская саната» (2013) па кінасцэнары І.Бергмана, таксама пастаўленым Ігарам Баярынцавым на камернай сцэне. Жанр пастаноўкі быў вызначаны рэжысёрам як начная размова. Якраз тая самая размова па душах, калі два, здавалася б, самых блізкіх адна адной чалавека – маці і дачка – пасля сямі год расстання прымаюць спробу стаць такімі насамрэч, у рэальнасці. Характар Шарлоты ў выкананні Антосевай добра зразумелы ў эпоху паспяховых людзей. Добра таму, хто свой талент (а гераіня актрысы – вядомая піяністка) можна пераплавіць у задавальненне ад вялікіх грошай, ад славы, ад паўнацэннага жыцця і нават служэння мастацтву. Яшчэ б дадаць сюды душэўную цеплыню дачкі. А вось з гэтым якраз замінка. Бо не атрымала Ева (Ніна Обухава) усяго таго, што павінна была даць ёй маці, занятая служэннем мастацтву і звязанымі з гэтым заняткам задавальненні.
Апошняй роля, сыгранай актрысай на коласаўскай сцэне, стала графіня Растапчына ў пастаноўцы «Афінскія вечары» па п’есе П.Гладзіліна, ажыццёўленай Валерыем Анісенкам. Носьбітка сапраўднай культуры, інтэлігентнасці, чалавечай годнасці і гонару, яна зведала і подласць, і нізасць, і высакароднасць, вытрымала складаныя выпрабаванні, прайшла сталінскія лагеры, але не зламалася. Пэўна, ёй не вельмі даспадобы прыйшоўся зяць, мабыць, таму яна і рэдка бывае сярод сваякоў. Яе апошняе падарожжа – гэта як развітанне з усім, што было дарагім і ўпадабаным у жыцці. Здаецца, Ганна Паўлаўна не надта спяшаецца ўмяшацца ў сямейны канфлікт, хоць атрымлівае задавальненне ад магчымасці падцяць свайго зяця. Здаецца, адлучанасць ад гэтага жыцця, ад гэтай рэальнасці прысутнічае ў ёй. Занадта моцна жыве, цісне мінулае. У Ларысы Антосевай вобраз атрымліваецца хутчэй паэтычны, рамантызаваны, ёй уласцівыя знешні лоск, вытанчаны арыстакратызм, актрысе асабліва ўдаліся шчымлівыя моманты сюжэту. Вось Наташа і яе бабуля вядуць размовы пра перасяленне душ. Прычым, Ганна Паўлаўна ўпоперак сумненням унучкі выказвае глыбокую веру ў праўдзівасць гэтай тэорыі. Вось толькі яна не хоча райскага бесклапотнага жыцця ў заможнай Швейцарыі, а марыць стаць… дзіцяткам сваёй унучкі. І аўтар выконвае жаданне сваёй любімай гераіні (калі чытаеш п’есу, у яго асаблівай сімпатыі не ўзнікае ніякіх сумневаў). Яе смерць у спектаклі супадае з нараджэннем новага чалавека. Зразумела, у гэтым адчуваецца добры гумар, іронія і разам з тым светлы шчымлівы сум.
Комментарии
Дзякуй вам усім!
Добавить комментарий