Аляксандр ЗАМКОЎСКІ
Вядучы рэдактар
Што такое тэатр? Можна спрабаваць успрыняць і адчуць, зразумець і ўсвядоміць... А потым азіраешся і смяешся з сябе: напэўна, не атрымаецца аніколі. Бо нават артысты высокага таленту і шматгадовага сцэнічнага досведу кажуць пра тое, што пачалі набліжацца да разумення тэатра толькі напрыканцы жыцця.
У адным упэўнены і згодны з майстрам Станіслаўскім: «Калі б сэнс тэатра быў толькі ў забаўляльным відовішчы, можа быць, і не варта было б укладаць у яго столькі працы. Але тэатр ёсць мастацтвам адлюстроўваць жыццё».
Адлюстроўваць – камічна і драматычна, трагедыйна і гратэскава, са спецыяльна створаным пафасам і да болю рэальна. Адлюстроўваць так інтэнсіўна, так напружана, каб і гледачы, і самі акцёры да дробязяў разгледзелі створанае на сцэне жыццё, спыніліся хаця б на момант і выцягнулі сваё з віхуры вобразаў. Каб выходзілі з тэатра багатымі, насычанымі, здольнымі да духоўнага ўздыму.
ДЗЕЙНАСЦЬ У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ
З’яўляецца адміністратарам сайта тэатра.
Актыўна ўдзельнічае ў сустрэчах з гледачамі, радыё- і тэлевізійных перадачах, дзе прапагандуе мастацтва тэатра імя Якуба Коласа.
З’яўляецца адказным за арганізацыю гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр».
У 2016 годзе прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў да 90-годдзя тэатра імя Якуба Коласа: тыдзень камернай сцэны, тыдзень драмы і камедыі, юбілейны творчы вечар «Тэатр прызямліўся ў Віцебску», выданне юбілейнага буклета, выстава ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі «Тэатр у люстэрку часу», прэзентацыя кнігі польскага культуролага Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920-1930-х: адабраная памяць»; дакументальна-мастацкі праект «Маё жыццё ў мастацтве», прысвечаны юбілею тэатра і юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной.
Ажыццявіў напісанне п’ес «Кот у ботах», «Чароўны хлопчык», «Дванаццаць месяцаў», «Ілля Рэпін. Здраўнёўскія замалёўкі», сцэнару да музычнага вечара «Душэўная размова», якія знаходзяцца ў рэпертуары тэатра.
Напісаў тэксты песень да спектакляў «Снежная каралева» Я.Шварца, «Прыгоды Дзюймовачкі» П.Ісайкіна, «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі, «Агнявы Леў» А.Кружнова, «Цалуй мяне, Кэт!» паводле лібрэта С. і Б. Співак, «Ціль» Р.Горына, «Чароўны хлопчык» А.Замкоўскага, «Шэрая Шыйка» В.Ткачова паводле Д.Маміна-Сібірака.
Напісаў сцэнарыі творчых вечароў, прысвечаных Міжнароднаму дню тэатра і дню заснавання тэатра - «Акцёр пакідае часцінку душы…», «У віхуры ілюзій», «Тэатр+Кіно»; сцэнарыі да юбілейных вечароў народнага артыста СССР і БССР Фёдара Шмакава, народнай артысткі БССР Зінаіды Канапелькі, народных артыстаў Беларусі Тадэвуша Кокштыса і Святланы Акружной, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай, вядучых майстроў сцэны Наталлі Аладкі і Святланы Жукоўскай.
Ажыццявіў пераклад на беларускую мову п’ес да спектакляў «Я вольны!» паводле аднайменнага рамана А.Натомб «Касметыка ворага», «Гаральд і Мод» К.Хігінса, «Дзіўная місіс Сэвідж» Д.Патрыка, чэхаўскіх «Пра шкоду тытуню», «Юбілей», «Прапанова» да спектакля «Смешныя людзі», «Матылёк… Матылёк…» А.Нікалаі, «Глыток чужога віскі» Л.Агулянскага, «Агнявы Леў» А.Кружнова, «Стары-стары сеньёр з вялізнымі крыламі» А.Курэйчыка, «Цалуй мяне, Кэт!» паводле лібрэта С. і Б.Співак, «Звярыныя апавяданні» Д.Нігра, «Пёс Белага вострава» А.Дударава, «Ціль» Р.Горына, «Гульцы» М.Гогаля да спектакля «Вытанчаны падман», «Залаты ключык» А.Талстога, апавядання В.Шукшына да спектакля «Яшчэ раз пра каханне» Р.Горына,
Ажыццявіў пераклад на беларускую мову песень да спектакляў «Смешныя людзі» па аднаактовыз п’есах А.Чэхава, «Выбар» А.Дударева.
Ажыццявіў адаптацыю да сучаснай беларускай мовы перакладаў п’ес «Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра, «Апошнія» М.Горкага, «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі.
З’яўляўся сакратаром мастацкага савета тэатра.
БІЯГРАФІЯ
Нарадзіўся 5 жніўня 1984 года ў горадзе Полацку Віцебскай вобласці.
З 2002 па 2007 год навучаўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.
З 2007 па 2013 год працаваў у аб’яднанай газеце «Полацкі веснік» (карэспандэнтам, загадчыкам аддзела па сацыяльных пытаннях).
З 2013 года працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа:
2013-2014 - памочнік мастацкага кіраўніка;
2014-2022 - кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі;
з 2022 года - вядучы рэдактар.
КАНТАКТЫ
E-mail: teatrkolasa.az@gmail.com
Добавить комментарий