Гісторыя тэатра

Адметныя факты з творчай біяграфіі
Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

1926 год, 21 лістапада — дзень заснавання тэатра. У Віцебску адкрыты Беларускі Дзяржаўны тэатр Другі на базе выпускнога курса Беларускай драматычнай студыі пры МХАТ (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) у Маскве.

1944 год — тэатру прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа.

1946 год — Дзяржаўная прэмія СССР за спектакль «Несцерка» В.Вольскага (прэм'ера — 18 мая 1941 года).

1968 год — Дзяржаўная прэмія БССР за спектакль «Шостае ліпеня» М.Шатрова.

1976 год — прэмія Ленінскага камсамола Беларусі за спектакль «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа.
1976 год — тэатр узнагароджаны ордэнам Чырвонага Працоўнага Сцяга.

1977 год — тэатру нададзены статус «акадэмічны».

1986 год — Дзяржаўная прэмія БССР за спектакль «Вечар» А.Дударава.

2001 год — тэатру нададзены статус «нацыянальны».

У 1926 годзе на свет з’явіўся тэатр імя Якуба Коласа. На той час ён называўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатр, скарочана – БДТ-2. У 20-30-я гады існавалі яшчэ два нацыянальныя тэатры: БДТ-1 (будучы Купалаўскі) – у Мінску, і вандроўны, пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка, будучы БДТ-3 – у Гомелі.

За час свайго жыцця Коласаўскім тэатрам пройдзены доўгі, плённы творчы шлях, засланы не толькі ружамі. Наша гісторыя – надзвычай багатая і змястоўная. Ля яе вытокаў стаялі навучэнцы Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, якія стварылі ядро першага складу коласаўцаў.

Студыя

Адкрытая 1 кастрычніка 1921 года ў Маскве пры Беларускім акадэмічным тэатры (ён праіснаваў толькі некалькі месяцаў), студыя ставіла за мэту падрыхтоўку артыстаў для опернай і драматычнай сцэны нядаўна ўтворанай рэспублікі – БССР. Потым на базе студыі вырашылі адкрыць новы нацыянальны тэатр і пачалі адбіраць таленавітую моладзь з усёй Беларусі і памежных з ёй раёнаў Расіі.

Першым мастацкім кіраўніком Беларускай драматычнай студыі быў акцёр Маскоўскага мастацкага тэатра Аляксей Бондараў, а першымі педагогамі – артысты Першай студыі МХАТа Барыс Афонін і Марыя Успенская. Пазней далучыліся выкладчыкі Валянцін Смышляеў, Соф’я Гіяцынтава, Аляксандр Гейрат, Віктар Громаў – артысты і рэжысёры Маскоўскага мастацкага тэатра другога (МХАТ-2), дзе тварыў сусветна вядомы артыст і рэжысёр Міхаіл Чэхаў.

Апрача профільных дысцыплін – акцёрскага майстэрства, сцэнічнай мовы і вакалу, сцэнічнага руху, выкладалася, напрыклад, біямеханіка, якую вяла Ірына Хольд, дачка Усевалада Меерхольда. Педагогі імкнуліся стварыць са студыйцаў новы тып акцёра, з дасканалай сцэнічнай тэхнікай. Вялікае значэнне надавалася валоданню голасам, пластыкай цела, імправізацыі. Адмаўляючы натуралістычны побытавы тэатр, Смышляеў, які кіраваў студыяй з 1923 года, імкнуўся да тэатра сінтэтычнага – арганічнага сплаву слова, руху, фарбы, жэста, колеру, святла і эмоцыі. У спектаклях шырока выкарыстоўвалася тэатральная ўмоўнасць паказу, адкрыта ігравое існаванне акцёра ў ім.

Творчым маніфестам студыі стаў дыпломны спектакль «Цар Максімільян» – народная драма ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча. Пастаноўшчыкі Смышляеў і Афонін выкарысталі традыцыі італьянскай камедыі дэль артэ (інтэрмедыйныя слугі ў касцюмах даміно з маскамі, Смерць ў выглядзе Срэбранай балерыны ў чорнай пачцы), і беларускага народнага тэатра, што асабліва ярка выявілася ў стварэнні абагульненых персанажаў – Поп, Дзяк, Каваль, Аніка-воін... А шырокае выкарыстанне «хору», які пастаянна прысутнічаў на сцэне і актыўна ўдзельнічаў у дзеянні, паказвала на сувязь з антычнай трагедыяй.

Галоўную ролю цара Максіміліяна выконваў Канстанцін Саннікаў, яго сына Адольфа ўвасабляў Мікалай Міцкевіч, непараўнальнай Венерай была маладая Стэфанія Станюта.

Наступнай работай студыі стаў спектакль «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра. Пастаноўка вырашалася ў святле іранічных адносін да вобраза. Артысты дэманстравалі бліскучыя здольнасці да імправізацыі. Менавіта гэтыя і іншыя вучэбныя работы студыі – «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Л.Жулаўскага, сучасная п’еса «Астап» А.Глобы - сталі асновай рэпертуару новага тэатра ў першыя гады яго існавання. Гэта спрыяла далейшаму яскраваму пачатку гісторыі Коласаўскага тэатра.

Студыю закончыла 35 чалавек. Назавём іх прозвішчы: Т.Бандарчык, Я.Глебаўская, А.Ільінскі, І.Катовіч, В.Рагавенка, К.Саннікаў, С.Станюта (займаліся з 1921 г.); В.Вашкевіч, А.Лагоўская, Г.Лонгіна, М.Міцкевіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, М.Сянько і Н.Чарназёмава (займаліся з 1922 г.); В.Барысевіч, З.Вялікі, Л.Гепнер, Р.Кашэльнікава, М.Лабаноўскі, І.Маляўка, С.Навіцкі, Г.Смольскі, Ц.Сяргейчык (з 1923 г.); М.Бялінская, В.Бялінскі, В.Васілеўская, М.Васілеўскі, Я.Корбут, А.Радзялоўская, С.Скальскі, С.Стэльмах, В.Тышкевіч, І.Чайкоўскі, Л.Шынко (з 1924 г.).

Адкрыццё тэатра

21 лістапада 1926 года ў памяшканні Віцебскага гарадскога тэатра, адным з найбольш прыгожых і добраўпарадкаваных тэатральных будынкаў Беларусі, урачыста адкрыўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Да гэтага вялікага свята ў Віцебску рыхтаваліся ледзь не цэлы год, што грунтоўна адлюстроўвалася ў гарадской газеце «Заря Запада».

На ўрачыстым пасяджэнні выступілі дырэктар БДТ-1 Язэп Дыла, кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР Міхаіл Рафальскі, латышскі паэт Яніс Райніс, прафесар БДУ Мікалай Шчакаціхін... Зачытваліся тэлеграмы ад артыста Маскоўскага мастацкага тэатра Васіля Качалава, рэжысёра Усевалада Меерхольда, прафесара Яфіма Карскага. Пасля адбыўся паказ спектакля «У мінулы час» па п’есе беларускага аўтара Іллі Бэна. Пастаноўшчык Б.Афонін, рэжысёры М.Міцкевіч і К.Саннікаў. Дзеянне адбывалася ў часы прыгоннага права, калі праз драматычны лёс закаханай пары – Веры (М.Сянько) і Міхаля (К.Саннікаў) – раскрывалася цяжкая доля народа і яго барацьба за свае правы. Напісаная і пастаўленая ў жанры народнай драмы, п’еса прыцягвала ўвагу гледача да лёсу герояў. Асабліва вялікую сімпатыю выклікаў Міхаль, які, паўстаўшы спярша супраць дзікага права «першай ночы», становіцца барацьбітом супраць прыгнёту наогул.

Пачынальнікі

Хто ж яны – айцы-пачынальнікі БДТ-2, будучага Коласаўскага тэатра? Як яны трапілі ў мастацтва, як склаўся іх творчы лёс? У хвалях гісторыі губляюцца многія імёны. Хтосьці з іх нарадзіўся пад шчаслівай зоркай і здолеў пакінуць важкі след у тэатральным мастацтве.

Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі трапіў у студыю, ужо маючы акцёрскі досвед у Таварыстве драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча і Беларускім драматычным тэатры. Гэта быў бліскуча камедыйны, сапраўды народны, нацыянальна самабытны талент, ён валодаў віртуознай акцёрскай тэхнікай. Сапраўднымі вяршынямі творчасці Ільінскага лічацца вобразы Несцеркі з аднайменнай камедыі В.Вольскага, дзеда Талаша з драмы «У пушчах Палесся» Якуба Коласа, Расплюева з «Вяселля Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, Хлестакова з «Рэвізора» М.Гогаля, Барона з драмы «На дне» М.Горкага, Тэўе-малочніка з аднайменнага твора Шолам-Алейхема.

Народны артыст СССР Павел Сцяпанавіч Малчанаў – бліскучы трагедыйны акцёр, які адным вобразам Гамлета стварыў яркую старонку ў гісторыі беларускага тэатра, а быў яшчэ легендарным, па сведчанню сучаснікаў, Федзем Пратасавым з «Жывога трупа» Л.Талстога. Ён жа першы ў Беларусі выканаў ролю Леніна ў спектаклі «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна, і адбылося гэта менавіта на коласаўскай сцэне.

Народны артыст Беларусі Цімафей Мікалаевіч Сяргейчык – сапраўдны віртуоз пераўвасаблення, ён валодаў майстэрствам сцэнічнай дэталі, мімікі, адмыслова ўзбагачаў вобраз сродкамі знешняй выразнасці (Шкаляр з «Несцеркі» В.Вольскага, Саўка Мільгун – «У пушчах Палесся» Якуба Коласа, Лявон Зяблік з «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы, Бярсенеў з «Разлома» Б.Лаўранёва, Лука з горкаўскай п’есы «На дне»). А яшчэ быў выдатным педагогам студыі пры тэатры, падрыхтаваў цэлы шэраг артыстаў-коласаўцаў.

Народныя артысты Беларусі Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў, Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава, Яніна Казіміраўна Глебаўская, Алена Паўлаўна Радзялоўская, Марыя Сяргееўна Бялінская, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Любоў Іванаўна Мазалеўская і Мікалай Антонавіч Міцкевіч... Адны з іх усё творчае жыццё прысвяцілі коласаўскай сцэне, іншыя з цягам часу перайшлі ў сталічныя тэатры, дзе працавалі з нязменным поспехам.

Праўда, не ўсе выпускнікі студыі, першыя акцёры БДТ-2, звязалі жыццё з драмтэатрам. Станіслаў Навіцкі стаў вядомым музыкантам-цымбалістам, заслужаным артыстам БССР, а Вольга Барысевіч – адным з першых рэжысёраў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Драматычна склаўся лёс Васіля Рагавенкі, Мікалая Васілеўскага, Васіля Бялінскага, якія былі незаконна асуджаны ў гады сталінскіх рэпрэсій, Івана Катовіча і Іосіфа (Язэпа) Чайкоўскага, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

На пераломе

Калі дарэвалюцыйная публіка выдатна прымала студыйныя пастаноўкі, то новы, пралетарскі глядач быў да іх не падрыхтаваны. Паступова мяняліся ацэнкі спектакляў і ў прэсе – ад станоўча-захопленых да крытычных і нават негатыўных.

Мастацкім кіраўніком новага тэатра быў запрошаны Сурэн Хачатураў, брат вядомага савецкага кампазітара Арама Хачатурана, які быў цалкам звязаны і з МХАТ-2, і са студыйным рухам. Дырэктарам прызначаны Мікалай Красінскі, чые погляды грунтаваліся на ідэях беларускага нацыянальнага адраджэння. У выніку ідэалагічнага ціску на кіраўніцтва (патрабаванні ўлічваць патрэбы толькі адной сацыяльнай групы – пралетарыяту) спачатку сышоў Хачатураў, а пазней і Красінскі, абвінавачаны ў нацыяналізме (загінуў пад час сталінскіх рэпрэсій). У выніку змяняецца эстэтыка і рэпертуарная лінія тэатра.

Шырокай плынню ідуць п’есы на рэвалюцыйна-пралетарскую тэматыку пераважна расійскіх аўтараў: «Разлом» Б.Лаўранёва, «Рэйкі гудуць» У.Кіршона, «Калі спяваюць пеўні» Ю.Юр’іна, «Першая Конная» У.Вішнеўскага. Мастацкае кіраўніцтва тэатрам узначальваюць маскоўскі рэжысёр Сяргей Розанаў (1928-1931), пасля – Мікалай Міцкевіч (1931-1934), які, па яго ўласным прызнанні, ставіў спектаклі па метадзе «дыялектычнага матэрыялізму». Пастаноўкам была моцна ўласціва ідэалагічная афарбоўка, зрэшты, як і многім іншым савецкім тэатрам. Поруч з яскравымі спектаклямі на сцэну траплялі схематычныя, якія нагадвалі звычайныя агітацыйныя прадстаўленні. Напрыклад, «Качагары» І.Гурскага ў пастаноўцы М.Міцкевіча. Нягледзячы на моцны ідэалагічны дыктат, артысты БДТ-2 у сваіх лепшых вобразах дасягалі творчых вяршынь, а тэатр быў флагманам сцэнічнага мастацтва рэспублікі, спрыяў культурнаму асветніцтву.

Трупа папаўнялася выпускнікамі студый, якія перыядычна, з 1928 года, працавалі пры тэатры. Выпускнікі – Іосіф Матусевіч, Анатоль Трус, Анатоль Шэлег, Таццяна Заранок, Зінаіда Канапелька, Марына Маркоўская...

Вяртанне да класікі

БДТ-2 першым з беларускіх тэатраў звярнуўся да спадчыны выдатнага расійскага драматурга Аляксандра Астроўскага, увасобіў яго драму «Беспасажніца» (1936). Яна годна прагучала на беларускай мове, выдатны пераклад ажыццявіў Кандрат Крапіва, у будучым народны пісьменнік БССР. Паставіў спектакль новы мастацкі кіраўнік Віктар Дарвішаў, які да гэтага працаваў рэжысёрам Ленінградскага акадэмічнага тэатра драмы. У ролі Ларысы Агудалавай бліскуча праявіла сябе Раіса Кашэльнікава, будучая народная артыстка БССР.

Сапраўднымі тагачаснымі дасягненнямі тэатра лічацца пастаноўкі «Мяшчане» М.Горкага (1938, рэжысёры І.Віньяр, Б.Тамарын), «Лес» А.Астроўскага і «Здані» Г.Ібсена (1940, рэжысёр П.Гарбуноў). У спектаклі «Лес» напоўніцу раскрыўся драматычны талент Мікалая Звездачотава, будучага славутага трагіка коласаўскай сцэны, які стварыў вобраз Генадзя Нешчасліўцава. У пастаноўцы «Зданяў» Павел Малчанаў дасягаў глыбокага драматызму ў ролі Освальда.

У 1940 годзе адбылася першая сустрэча тэатра з драматургіяй Ж.-Б.Мальера. Гэта была пастаноўка камедыі «Лекар мімаволі», якую ажыццявіў Сямён Казіміроўскі, які праз многа год стане галоўным рэжысёрам тэатра.

Імя Якуба Коласа

З першых сезонаў наш тэатр супрацоўнічаў з беларускімі аўтарамі. Гэта распачаў рабіць яшчэ Мікола Красінскі, падпісаўшы дамовы на стварэнне п’ес з Язэпам Дылам, Міхайлам Грамыкам, Еўсцігнеем Міровічам, Іллём Бэнам, Кузьмой Чорным, Васілём Шашалевічам. Ён наладзіў стасункі з беларускім драматургам, тэатральным дзеячам Францішкам Аляхновічам і запрасіў яго на пасаду першага літаратурнага кіраўніка. Нацыянальная драматургія ў рэпертуары – гэта прынцыповая пазіцыя тэатра.

У скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва ўпісаны пастаноўкі п’ес Якуба Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся», якія ўвасобіў Віктар Дарвішаў. Коласаўцы адкрылі народнага песняра ў якасці драматурга. У 1944 годзе тэатру было прысвоена імя Якуба Коласа.

Тэатр і надалей нязменна ўключаў у рэпертуар спектаклі паводле твораў класіка: «Навальніца будзе» паводле трылогіі «На ростанях» (1958, рэжысёр Ю.Шчарбакоў), «Сымон-музыка» (1976, рэжысёр В.Мазынскі), «На дарозе жыцця» (1982, рэжысёр В.Мазынскі), «Зямля» (2001, рэжысёр В.Баркоўскі).

У 2018 годзе паэму «Сымон-музыка» перанёс на сцэнічныя падмосткі мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў (ён і аўтар інсцэніроўкі, і рэжысёр-пастаноўшчык). Яго асабліва натхніла і з’явілася штуршком да нараджэння задумы першая рэдакцыя паэмы, створаная Якубам Коласам у 1918 годзе, адгэтуль спектакль набыў не толькі моцны філасофскі змест, але і трагічную афарбоўку, асабліва ёй уласцівую ў параўнанні з больш познімі варыянтамі. Міхась Краснабаеў адчуў перазоў пачатку 20 стагоддзя з нашым прагматычным часам. Здаецца, рэжысёра хвалюе не толькі лёс мастака, які змагаецца за сваё права быць вольным і незалежным там, дзе правяць баль грошы і ўлада, але і будучае беларусаў як нацыі.

Неўміручы «Несцерка»

У 1941 годзе глядач убачыў маляўнічае народнае відовішча, напаўказачнае, напаўрэальнае, галоўныя дзейныя асобы якога – народ і выказнік яго інтарэсаў, чулы і добры, вынаходлівы і дасціпны весялун і гаварун Несцерка. Першым таленавіта ўвасобіў гэты вобраз народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі. Пазней яго годна замяніў Фёдар Шмакаў, у ролі выступалі Яўген Шыпіла, Валянцін Салаўёў, Пятро Ламан – сённяшні выканаўца. Карысталіся поспехам у гледача Цімох Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Зінаіда Канапелька (Наста), Анатоль Шэлег (Юрась), Яніна Глебаўская (Мальвіна), Анатоль Трус (Мацей), Іосіф Матусевіч (Суддзя). Рэжысёр Навум Лойтар, які ў ваенны час стане мастацкім кіраўніком тэатра, надаў спектаклю імклівы рытм, напоўніў яго вынаходлівасцю і вострымі мізансцэнамі. Адчуваўся моцны рэжысёрскі тэмперамент. У яркім, стракатым тэатральным відовішчы дакладна прасочвалася ідэя спектакля. За пастаноўку Навум Лойтар, поруч з выканаўцамі галоўных роляў Аляксандрам Ільінскім і Цімохам Сяргейчыкам, кампазітарам Ісакам Любанам і мастацкім кіраўніком тэатра Паўлам Малчанавым, у 1946 годзе быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

18 мая 2021 года спектаклю споўнілася 80 год, і ён, як раней, знаходзіцца ў рэпертуары коласаўцаў, мае статус візітнай карткі тэатра.

У часы ваеннага ліхалецця

У ліхаманкавыя 40-я тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ва Уральску Казахскай ССР. Так атрымалася, што віцебскія артысты вымушаны былі выехаць улегцы. Уся гаспадарка – касцюмы, дэкарацыі – засталіся на Радзіме. Дапамаглі петразаводскія чыгуначнікі (у гэтым горадзе тэатр напярэдадні вайны быў на гастролях), якія выправілі ва Уральск вагон з дэкарацыямі «Несцеркі». Гэтым спектаклем віцябчане і адкрылі сезон 1941-42 гадоў. У далейшым уся ўвага была сканцэнтравана на п’есах пра падзеі Вялікай Айчыннай.

За пяць ваенных год  было пастаўлена каля пятнаццаці спектакляў на гэтую тэматыку. Найбольш яскравыя – «Рускія людзі» К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука, «Нашэсце» Л.Лявонава. У Арэхава-Зуеве, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі з 1943-га, адбылася прэм’ера спектакля «Проба агнём» Кандрата Крапівы, у якім выдатныя вобразы сучаснікаў былі створаны Паўлам Малчанавым (маёр Караневіч), Аленай Радзялоўскай (Наталля Мікалаеўна) і Анатолем Шэлегам (лейтэнант Перагуд). Лірычная тэма перапляталася ў творы з тэмай гераічнай барацьбы.

З класічных твораў прыкметны след пакінула пастаноўка «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (Булычоў – М.Звездачотаў). У 1944 годзе мастацкая брыгада тэатра абслугоўвала фронт, паказвалі скарочаныя варыянты «Пробы агнём» і «Прымакоў», канцэртную праграму, якая складалася з вакальных нумароў і мастацкага чытання.

Да мастацкіх вяршынь

У пасляваенны час тэатр імя Якуба Коласа знаходзіўся на вялікім творчым уздыме. І нездарма, бо ў трупе працавалі сапраўдныя майстры, карыфеі беларускай сцэны. Высокімі творчымі дасягненнямі былі пастаноўкі класічных твораў. Прынца Дацкага ігралі многія акцёры, але не многія змаглі спасцігнуць і перадаць глыбіню неўміручага вобраза. Павел Малчанаў здолеў зрабіць гэта надзвычай уражліва. У кожным спектаклі акцёр з памежнай эмацыйнай напоўненасцю, шчырым хваляваннем перажываў трагічны лёс героя.

У спектаклі «Рэвізор» (рэжысёр Н.Лойтар) бліскучыя гогалеўскія вобразы стварылі майстры коласаўскай сцэны Мікалай Звездачотаў, чый Гараднічы быў чалавекам уладалюбівым і крывадушным, баязлівым і хцівым, і Аляксандр Ільінскі. Як майстар пластычнага малюнка ролі, рухавай і выразнай мімікі, ён тонка перадаваў зменлівы характар Хлестакова.

У 1951 годзе тэатр звярнуўся да п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» (рэжысёр А.Скібнеўскі), увасобіўшы яе як глыбокі рэалістычны твор. За гісторыяй простай сялянскай сям’і глядач бачыў лёс беларускага народа. І хоць у спектаклі застаўся выразны адбітак тагачаснай ідэалагізацыі, калі Незнаёмы паўставаў у вобразе рабочага-бальшавіка, а пастаноўка завяршалася вялікай масавай сцэнай, дзе народ выходзіў на змаганне, аднак праўдзівыя, па-мастацку пераканаўчыя вобразы стварылі Цімох Сяргейчык (Лявон), Алена Лагоўская (Марыля), Анатоль Шэлег (Сымон).

У гэты ж перыяд коласаўцы актыўна звяртаюцца да сучаснай драматургіі, у чым маюць мастацкія здабыткі. Сярод найбольш яскравых работ – «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка (1953), «Андрэй Лабанаў» Д.Граніна (1955), «Бітва ў дарозе» Г.Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960). Лепшыя з гэтых твораў паказвалі станоўчыя змены, што адбываліся ў грамадскім жыцці і свядомасці савецкіх людзей пасля смерці Сталіна і пасля хрушчоўскай «адлігі». У многіх спектаклях выдатныя вобразы маладых сучаснікаў стварыў будучы народны артыст СССР Фёдар Іванавіч Шмакаў (Андрэй Лабанаў з аднайменнага спектакля, Сяргей з «Іркуцкай гісторыі», настаўнік Лемяшэвіч з «Крыніц» І.Шамякіна).

Змена пакаленняў

Тэатр імя Якуба Коласа заўжды славіўся акцёрскай школай, славутымі майстрамі выканаўчага мастацтва. А вось мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры змяняліся ў Віцебску кожныя 2-3 гады. Даволі стабільны перыяд назіраўся з 1949 па 1958 гады, калі тэатр узначальваў Аляксандр Браніслававіч Скібнеўскі, вучань А.Таірава, вопытны рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, практык і тэарэтык тэатра.

Плённым быў час з 1967 па 1976 гады, калі на чале мастацкага кіраўніцтва працаваў Сямён (Саламон) Казіміроўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. З’явіліся значныя пастаноўкі, пастаўленыя галоўным і чарговымі (Аляксандрам Смеляковым, Валерыем Мазынскім), а таксама запрошанымі рэжысёрамі (Юрыем Шчарбаковым, Барысам Эрыным, Іосіфам Паповым...). Сярод іх – «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча, «Трыбунал», «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Званы Віцебска» Ул.Караткевіча, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Клоп» У.Маякоўскага, «Улада цемры» Л.Талстога, «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні, «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.

У гэты ж час адбываецца драматычны працэс змены акцёрскіх пакаленняў, калі сцэну пакідалі буйныя майстры... Трупу папаўнялі выпускнікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Галіна Маркіна, Уладзімір Куляшоў, Ніна Левашова, Віктар Зубараў, Мікалай Цішачкін, Георгій Дубаў, Тамара Шашкіна, Баляслаў Сяўко, Галіна Дзягілева, Святлана Акружная (у 60-я гг.); Пятро Ламан, Вячаслаў Грушоў, Віктар Дашкевіч, Таццяна Ліхачова, Юрый Кулік, Генадзь Шкуратаў, Валянціна Багданава, Аляксандр Фралоў, Валянцін Цвяткоў (у 70-я гг.); з дапаможнага акцёрскага складу – Леанід Трушко, Яўген Шыпіла. Менавіта творчая моладзь пачынае вызначаць мастацкую палітру спектакляў.

Акадэмічны

Свежы подых Коласаўскаму тэатру надаў Валерый Яўгенавіч Мазынскі, які працаваў галоўным рэжысёрам з 1976 па 1989 гады. З асаблівай яскравасцю ў яго атрымліваліся спектаклі па творах беларускіх аўтараў. Ужо першай сваёй работай – «Званы Віцебска» Ул.Караткевіча – рэжысёр пацвердзіў, што разумее сутнасць сучаснай тэатральнай эстэтыкі, умее карыстацца сімвалам, метафарычнай сцэнічнай мовай. Спектакль уражваў маштабнасцю, пластычнасцю, узрушваў сур’ёзнасцю ўзнятых праблем. У ім сцвярджалася думка пра адказнасць кожнага чалавека за лёс народа, за ход самой гісторыі. Яскравыя вобразы стварылі як сталыя майстры Уладзімір Куляшоў (Іясафат Кунцэвіч), Валянціна Петрачкова (Еўга Бабук), Іосіф Матусевіч (поп Ілля), так і моладзь тэатра – Пятро Ламан (Марцыян Ропат), Алесь Лабанок (Сцяпан Пасіёра), Алена Цвяткова (Багуся Данель), Валянцін Цвяткоў (Антоні-Лар Вольха), Віктар Дашкевіч (Палікар). Праз некалькі год Мазынскі зноў звярнуўся да драматургіі Караткевіча, увасобіўшы трагедыю «Кастусь Каліноўскі» (1978), дзе ў цэнтральнай ролі выступіў Уладзімір Куляшоў.

Выдатнай старонкай у гісторыі Коласаўскага тэатра з’яўляецца драматычная балада «Сымон-музыка», пастаўленая Мазынскім паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. У галоўнай ролі – Сяргей Шульга (пазней яе сыграе і Міхась Краснабаеў), дзед Курыла – Яўген Шыпіла, Жабрак – Тадэвуш Кокштыс, Маці – Таццяна Мархель, Ганна – Таццяна Ліхачова. Спектакль уганараваны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1976).

У 1976 годзе тэатр узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1977 годзе тэатру імя Якуба Коласа прысвоены ганаровы статус «акадэмічны».

Паўнавартаснае сцэнічнае ўвасабленне атрымалі п’есы А.Дударава – «Парог» (Буслай – Я.Шыпіла, Маці – Л.Пісарава), «Вечар» (Мульцік – Я.Шыпіла, Гастрыт – Т.Кокштыс, Ганна – Т.Мархель і В.Петрачкова, Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1986) і «Радавыя».

Звярнуў на сябе ўвагу першымі спектаклямі Валерый Маслюк: «Брыльянт» Е.Пшэздзецкага, «Стары дом» А.Казанцава і асабліва «Клеменс» К.Саі. Рэжысёру ўдалося сур’ёзна пераасэнсаваць п’есу літоўскага аўтара, дапоўніць яе вершамі Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Пятра Ламана (альбо песнямі-зонгамі на іх словы), а ў выніку спектакль узняў вельмі балючую тэму абуджэння нацыянальнай і ўвогуле грамадзянскай самасвядомасці. Па тым часе гэта была не толькі вялікая мастацкая перамога тэатра, але і смелы грамадзянскі ўчынак. Пасля паказу ў Літве ў рэжысёра са здзіўленнем пыталіся: «І ў вас такое дазваляюць іграць?..»

У 1991 годзе мастацкае кіраўніцтва ўзначальвае Барыс Эрын, вядомы маскоўскі рэжысёр, які многа працаваў у тэатрах Беларусі і Украіны. Пры ім коласаўцы звяртаюцца да класічнай і сучаснай абсурдысцкай драматургіі («ЧП-1» і «ЧП-2» паводле гогалеўскага «Рэвізора», «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака). Назіраецца пэўны ўздым пастановачнай і акцёрскай культуры, тэатр імкнецца вярнуцца да сваіх згубленых вытокаў, у яго з’яўляецца цікавая мастацкая праграма.

Пошукі новага аблічча тэатра працягваюцца ў 1993-1997 гадах і пры Валерыі Маслюку: «Цырк Шардам» паводле Д.Хармса і «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча (рэжысёр А.Грышкевіч), «Панначка» Н.Садур (рэжысёр В.Куржалаў), «Непаразуменне» А.Камю, «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (рэжысёр Ю.Лізянгевіч), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (рэжысёр В.Маслюк). Віцебск становіцца сапраўды тэатральным горадам: адраджаецца традыцыя правядзення акцёрскіх бенефісаў, тэатральных марафонаў, тэатр пачынае выпускаць уласную газету «Раёк».

Нацыянальны

З 1997 года на чале мастацкага кіраўніцтва становіцца Віталь Міхайлавіч Баркоўскі – рэжысёр, які прытрымліваецца авангарднага накірунку ў мастацтве. Яго пастаноўкам уласцівы адкрыты постмадэрнізм, дакладнае выяўленне формы і структуры сцэнічнага твора, засяроджанасць на псіхааналізе («Пісьменныя» М.Чокэ, Гран-пры фестывалю сучаснай нямецкай драматургіі ў Мінску, «Нас пацалуе світанак» В.Острава (псеўданім В.Баркоўскага), «Так нараджаецца каханне» па Т.Кантару, трылогія паводле п’ес У.Драздова - пра беларускіх мастакоў «Шагал…Шагал…» (Марк Шагал), «Мадам Боншанс» (Хаіс Суцін, Амадэа Мадзільяні) і «Ружа ў чыстым полі» (Юдэль Пэн), «Зямля» паводле твораў Якуба Коласа, «Сон на кургане» паводле твораў Янкі Купалы, «Дадому» А.Паповай, «Прывітанне, Альберт!» Ю.Сохара). У рэпертуарнай палітыцы Баркоўскі стварае пэўны баланс спектакляў традыцыйнай формы (на вялікай сцэне) і эксперыментальных (на камернай сцэне). Тэатр пашырае не толькі эстэтычныя рамкі, але і геаграфічныя межы гастрольных і фестывальных вандровак. Упершыню цягам усёй сваёй гісторыі калектыў пабываў у Польшчы, Францыі, Італіі, ЗША. У 2000 годзе спектакль «Шагал… Шагал…» атрымлівае Гран-пры на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя). У 2000 годзе Віталь Баркоўскі быў уганараваны званнем «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі».

У 2001 годзе тэатру прысвоены ганаровы статус «нацыянальны».

У 2009 годзе мастацкае кіраўніцтва ўзначаліў лаўрэат міжнародных тэатральных фестываляў Рыд Таліпаў, які паставіў на коласаўскай сцэне спектаклі «Кацярына Іванаўна» Л.Андрэева (высока ацэнены крытыкай на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Трабзоне, Турцыя), «Васа» М.Горкага, «Мудрацы...» А.Астроўскага, «Квартэт» Р.Харвуда.

У гэты ж час прасочваецца ўздым творчасці рэжысёра Юрыя Лізянгевіча. Сярод значных яго работ – «Непаразуменне» А.Камю, «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Тайбелэ і яе дэман» І.Б.Зінгера, І.Фрыдмана, «Дзядзька Ваня» і «Вішнёвы сад» А.Чэхава, «Вельмі простая гісторыя» М.Ладо, «Я чакаю сапраўднага мужчыну» па матывах п’есы Э.Радзінскага.

Пастаноўкі Лізянгевіча адрозніваюцца высокім мастацкім густам, канцэптуальным візуальным рашэннем, падкрэслена сімвалічнай вобразнасцю. Як выдатны арганізатар, ідэолаг тэатральнай справы рэжысёр падпарадкоўвае свае пастановачныя рашэнні творчай індывідуальнасці акцёраў, адкрывае нечаканыя грані іх таленту.

З прыходам у тэатр у 2012 годзе ў якасці дырэктара-мастацкага кіраўніка заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі «За духоўнае адраджэнне» Валерыя Анісенкі накірунак рэпертуарнай палітыкі тэатра кардынальна змяніўся. Галоўным прадметам аналізу на коласаўскай сцэне стала сучасная п’еса. Сведчанне таму – спектаклі ў пастаноўцы В.Анісенкі: «Песні ваўка» В.Паніна, «Ліфт» Ю.Чарняўскай, «Што баліць?» Л.Агулянскага, «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П.Санаева, «Загадкавыя варыяцыі» Э.-Э.Шмітта, «Белы анёл з чорнымі крыламі» Дз.Балыка, а таксама запрошаных рэжысёраў Аляксандра Марчанкі «Гэта ўсё яна» А.Іванова і «Леанарда ?» Э.Флізара, Таццяны Навумавай «IN-side-OUT» па п’есе Э.Уолша, Аляксандра Дольнікава «Я вольны!» паводле Амелі Натомб. Адкрылася новая пляцоўка – тэатральная гасцёўня, дзе праводзяцца разнастайныя музычна-паэтычныя вечары і творчыя выступы.

Прэм'ера спектакля «Макбет» прайшла на Міжнародным тэатральным фестывалі «Мельпамена Таўрыі» ў горадзе Херсон (Украіна, 2013). Спектакль быў паказаны на начным пленэры на пляцоўцы музея-сядзібы І.І.Рэпіна «Здраўнёва» ў рамках XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2014).
 
Валерый Анісенка праяўляў клопат пра ўдзел тэатра ў міжнародных тэатральных фестывалях. У верасні 2012 года са спектаклем «Жарты» коласаўцы ўзялі ўдзел у V Міжнародным фестывалі «Руская камедыя» (Растоў-на-Доне, Расія). На X Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец» (Масква, 2013) спектакль «Ліфт» узнагароджаны дыпломам «За актуальнае раскрыццё вострых сацыяльных праблем», а вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч адзначана спецыяльным дыпломам «За яскравы вобраз Маці Дзімона ў спектаклі «Ліфт». На IV Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» (Смаленск, Расія) спектакль «Макбет» У.Шэкспіра адзначаны ў намінацыі «За лепшую рэжысуру», а вядучы майстар сцэны Георгій Лойка – за лепшую ролю другога плана (Макдуф). Спектакль «Пахавайце мяне за плінтусам» быў паказаны на XXI Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Бранск, Расія, 2014), на IV Міжнародным тэатральным фестывалі «Родниковое слово» імя Фёдара Абрамава (Архангельск, Расія, 2014, выканаўца ролі Бабулі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова атрымала дыплом «За псіхалагічную праўду вобраза ў сцэнічным увасабленні сучаснай прозы»), XII Міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь» у рамках V Славянскага форума мастацтваў «Залаты Віцязь» (Тамара Скварцова ўганаравана «Залатым дыпломам»). Выканаўца ролі Сашы Савельева Раман Салаўёў быў уганараваны прызам «Лепшая акцёрская работа ў спектаклі тэатра драмы» на III Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» ў 2014 годзе. Тамара Скварцова прызнана лаўрэатам фестываля «LUDI» (Арол, Расія, 2016 г.) у намінацыі «Лепшая жаночая роля» за ролю Бабулі ў тым жа спектаклі. Спецыяльнымі прызамі журы таксама былі ўзнагароджаны: у намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану» вядучы майстар сцэны Пятро Ламан за ролю Дзеда, у намінацыі «Надзея сцэны» - артыст Раман Салаўёў за ролю Сашы Савельева. Дыплом лаўрэата ў намінацыі «Лепшая праца мастака» атрымаў мастак-пастаноўшчык спектакля Андрэй Жыгур. Спектакль «Гэта ўсё яна» па п'есе А.Іванова на міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых форм «АrtOкраина» (Санкт-Пецярбург, Расія, 2016 г.) здабыў перамогу ў намінацыі «Лепшы спектакль».
 
З кастрычніка 2014 па лістапад 2021 года дырэктарам тэатра з’яўляўся Аляксандр Аляксандравіч Старых.
 
Зараз тэатр узначальвае Юлія Аляксандраўна Харкевіч.
 
Коласаўскі тэатр сёння! 
 
З верасня 2017 па 2022 год мастацкім кіраўніком тэатра імя Якуба Коласа быў Міхась Краснабаеў. Яго творчы лёс ад пачатку звязаны з Віцебскам. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ён працаваў артыстам. Сярод найбольш значных вобразаў – Сымон («Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа), Рамэа («Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра), Ундзу («Жураўлінае пяро» Д.Кінасіта), Буфрон («Школа блазнаў» М.дэ Гільдэрода), Бенволіо («Чума на вашы дзве сям’і» Р.Горына), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Грэй («Ветразі» паводле А.Грына), Гартэнзіа («Утаймаванне наравістай» У.Шэкспіра), Карэхідор («Віват, каханне!» П.А. дэ Аларкона), Барэйка («Пакахай мяне, салдацік» паводле В.Быкава), Гораў («Вераб’іная ноч» паводле Ул.Караткевіча), Сушчэня («Стрэл у тумане» паводле В.Быкава), Капітан («Люці» А.Дударава).
 
У 2000-2001 гадах Міхась Краснабаеў навучаўся ў Акадэміі перападрыхтоўкі работнікаў мастацтва, культуры і турызму (Масква, Расія), прайшоў рэжысёрскую стажыроўку ў народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі. І ў 2004 годзе быў пераведзены на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка. Сярод яго значных рэжысёрскіх работ - «Плач, саксафон!» І.Сідарука, «Стрэл у тумане» паводле В.Быкава, «Школа блазнаў» М.дэ Гільдэрода, «Легенда пра Валодшу» В.Маслюка, «Люці» А.Дударава,  «Вар’яцкае танга кахання» С.Шэпарда,  «Школа з тэатральным ухілам» Дз.Ліпскерава, «Крыж Еўфрасінні» І.Масляніцынай«За двума зайцамі» М.Старыцкага, «Перабор» Х.Бергера, «Жарты» (вечар беларускіх вадэвіляў паводле М.Чарота, Л.Родзевіча, Янкі Купалы), «Да трэціх пеўняў» паводле В.Шукшына, «Шукаем тэнара!» К.Людвіга, «Смяротны нумар» А.Антонава, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Апошнія» М.Горкага, «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі, «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа.

Значнае месца ў рэжысёрскай творчасці М.Краснабаева займаюць спектаклі паводле твораў Ул.Караткевіча: «Вераб’іная ноч» (паводле пралога да рамана «Нельга забыць»), «Ладдзя роспачы» (паводле аднайменнай аповесці), «Леаніды не вернуцца на зямлю» (паводле рамана «Нельга забыць»), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (паводле аднайменнага рамана). 

Міхась Краснабаеў паставіў шэраг добрых спектакляў для дзяцей: «Доктар Айбаліт», «Знікненне прынцэсы Фяфёлы» А.Стараторжскага, Л.Цітовай, «Вясёлы Роджэр» Д.Салімзянава, «Снежная каралева» Я.Шварца, «Прыгоды Дзюймовачкі» П.Ісайкіна.

З верасня 2020-га па лістапад 2023 года рэжысёрам-пастаноўшчыкам працаваў Андрэй Жыгур, які адначасова навучаецца ў ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў (Тэатральная школа Канстанціна Райкіна (Масква, Расія) па спецыяльнасці «Рэжысура тэатра» (майстэрня народнага артыста Расіі К.А.Райкіна). На яго рахунку пастаноўкі спектакляў «Метро» А.Савухі і «Гульня ў джын» Дональда Лі Коўбэрна.

Сёння мастацтва тэатра ўзбагачаюць народныя артысты Беларусі Святлана Акружная і Тадэвуш Кокштыс, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна, Вячаслаў Грушоў, Таццяна Ліхачова, Георгій Лойка, Тамара Скварцова, таленавітае сярэдняе пакаленне, перспектыўная працавітая моладзь. Ставяць у тэатры спектаклі шматлікія запрошаныя творцы сцэны, а таксама рэжысёры, выхаваныя ў атмасферы Коласаўскага тэатра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, вядучы майстар сцэны Ніна Обухава (мае вышэйшую рэжысёрскую адукацыю).

Сёння на коласаўскай сцэне можна ўбачыць традыцыйную і глыбокую псіхалагічную драму з падрабязным і няспешна разгорнутым дзеяннем, далучыцца да яскравага праяўлення нацыянальнай годнасці, можна атрымаць асалоду ад тонкай гульні інтэлекту і лёгка трапіць у імклівую плынь тэатральнага эксперыменту. У рэпертуары ёсць спектаклі, напоўненыя высокай паэзіяй, і творы шчырай грамадзянскай пазіцыі, звернутыя да розуму і сэрца сучасніка.

Коласаўцы імкнуцца захаваць дух студыйнасці, акцёрскае братэрства, адчуванне якога перадаецца ад пакалення да пакалення. Адкрыты да наватарскіх эксперыментаў, тэатр традыцыйна прасякнуты любоўю да беларускага слова, да Радзімы, лепшыя пастаноўкі коласаўцаў вылучае нацыянальны каларыт створаных вобразаў. Тут спалучаюцца разнастайныя акцёрскія і рэжысёрскія стылі, ідзе няспынны творчы пошук.

Вядучы тэатральны калектыў Беларусі знаходзіцца на шляху да новых творчых здзяйсненняў.

Комментарии

Будьте добры, уточните пожалуйста, где находится Архив театра с первых лет существования?!

Хотелось бы уточнить, для чего вам архивные данные о театре?

Добрый вечер! Скажите пожалуйста, почему на вашем официальном сайте, хотя бы в этом разделе или в других, я не смогла найти информацию об актерах, которые по моему мнению должны были войти в историю театра. Раньше, при посещении театра в перерывах между актами на 2м этаже, мне нравилось рассматривать фотографии тех, кого увы больше нет. Теперь там новые фотографии, современные…и для людей с не очень хорошим зрением не доступные для просмотра ( это мое личное мнение, человека у которого со зрением все в порядке).Но еще  большое разочарование я получила зайдя на сайт и не найдя даже здесь имена тех замечательных актеров!!! Пожалуйста, впишите их в историю театра!!!

Добрый день!!! В этом году первый раз посетили Витебск, прекрасный город!!!! Гуляли возле театра, там растёт красивая, вкусная груша, на берегу реки!!! Она такая красивая, добротная. Мне кажется у этой груши есть история, м.б. кто-то её знает и расскажет!)

А я помню, что в этом здании, что у реки и у моста, был Дом Офицеров. Театр в 1950-60-е года был на центральной площади, напротив парка.
Как-то мальчишками играли на заднем дворе театра, и вышли на перекур актеры в костюмах и гриме, нас не прогнали. Спектакль был - ОПТИМИСТИЧЕСКАЯ ТРАГЕДИЯ, запомнился актер в матросском прикиде, с Маузером через плечо и по внешности сходный с Ефимом Копеляном...

Дзякуй, за інфармацыю. Шкада, што вельмі рэдка Вы наведваецеся ў Горадню: места з нізкай тэатральнай культурай. Да вас даехаць - страціць дзень.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X