ПРЭМ’ЕРА «ДУРНІЧКІ» НА «СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ Ў ВІЦЕБСКУ»

Распачаўся «Славянскі базар у Віцебску». І вядома, яго неад’емнай часткай з’яўляюцца «Тэатральныя сустрэчы», у якіх прымаюць удзел розныя вядомыя тэатры. Сёлета ў праграме – пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

14 ліпеня, у суботу, а 18-й гадзіне, артысты-коласаўцы прадставяць лірычную камедыю «Дурнічка» паводле п’есы Лопэ дэ Вегі, выдатнага іспанскага драматурга XVI-XVII стагоддзяў. Пастаноўка зусім «свежая», прэм’ера адбылася ў тэатры 20 красавіка.

П’еса, напісаная ў 1613 годзе, у перыяд найвышэйшага росквіту творчасці драматурга, адразу прыйшлася даспадобы рэжысёрам, акцёрам, а галоўнае – гледачам. Яшчэ пры жыцці Лопэ дэ Вега «Дурнічка» была настолькі папулярная, што знаходзіліся спрытнюгі, якія, пачуўшы арыгінал з падмосткаў, зараблялі распаўсюдам рукапісных «пірацкіх» копій камедыі.

Хуткае дзеянне тут спалучаецца з развіццём характару галоўнай гераіні Фінэі, якая мяняецца непасрэдна на вачах у гледачоў. Вясёлы іскрысты гумар і сатырычнае выкрыванне грамадскіх нораваў, якія мала змяніліся за мінулыя 400 гадоў, зрабілі гэтую п’есу вечнай і заўсёды актуальнай.

Жыхарам Віцебска і гасцям фестывалю прыйдзецца даспадобы гэтая «казка для дарослых» – прыгожы спектакль пра каханне з шыкоўнымі строямі, адпаведнымі позняму іспанскаму рэнесансу, і дэкарацыяй, стылізаванай пад тую эпоху (мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка).

Галоўная адметнасць спектакля – якасна ўвасобленыя сцэнічныя вобразы, і найперш Фінэі ў выкананні маладой актрысы Святланы Сухадолавай. У пачатку дзеі яна іграе прыродную чысціню, цнатлівасць, недасведчанасць у адносінах да навакольнага свету і людзей. Яе гераіня — быццам tabula rasa, на якой можна напісаць любы тэкст ці намаляваць ўзор. Пасля сустрэчы з бедным паэтам Лаўрэнсьё (Арцём Герак) яна фактычна наноў нараджаецца, адкрывае для сябе невымернае багацце і размаітасць Сусвету. Актрыса выдатна паказвае трансфармацыю характару гераіні, якая ў другой дзеі захоўвае маральную чысціню, але дадае да яе розум, жаноцкасць, хітрасць, вынаходлівасць.

Вобраз Нісы, сястры Фінэі, у спектаклі таксама падаецца ў развіцці. Стрыманасць у эмоцыях і рухах на пачатку дзеі змяняюць дзяўчыну, калі ў ёй абуджаецца рэўнасць. У рабоце Юліі Крашэўскай шмат адценняў, нюансаў і хочацца звярнуць увагу на добрую шліфоўку ролі.

У вобразе Актаўё – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько, выканаўца добра даносіць гумар і іронію, закладзеную ў ролі.

Спектакль абрамляюць харэаграфічныя застаўкі (балетмайстар Дзіяна Юрчанка). Рэжысёр такім чынам быццам пераносіць нас на вуліцы Мадрыда, дзе за прыгожай танцоркай (Ульяна Ацясава) увіхаюцца кавалеры. Гэтыя вакальна-танцавальныя ўстаўкі быццам задаюць неабходны градус і драматычнаму дзеянню, якое адбываецца паміж імі.

Паставіў спектакль мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў.

Спектакль ідзе на беларускай мове.

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X