ЗОРНЫ ШЛЯХ ГАЛІНЫ МАРКІНАЙ

 

Народная артыстка БССР Галіна Пятроўна Маркіна пражыла невялікае, але вельмі насычанае жыццё. Яе творчы шлях ад самага яго пачатку быў адзначаны зорнымі ролямі і вялікай папулярнасцю сярод гледачоў.

Нарадзілася яна 23 лістапада 1931 года ў расійскім Варонежы ў акцёрскай сям’і. Бацька Пётр Аляксандравіч Маркін і маці Вольга Сцяпанаўна Захарава былі ўлюбёныя ў сцэну, у публіку. Гэтую сваю любоў, апантанасць перадалі дачцэ. Пазней сям’я пераехала ў Беларусь, бацькі сталі працаваць у Брэсцкім абласным тэатры драмы. Сюды, пасля заканчэння ў 1956 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (мастацкім кіраўніком курса быў народны артыст БССР Дзмітрый Арлоў), трапіла і Галіна Маркіна. Тут атрымала першыя галоўныя ролі. Вызначальнай стала роля Жэнькі ў спектаклі «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, дзе ўпершыню выявілася яе індывідуальнасць, раскрыўся драматычны талент, тэмперамент, прафесійнае майстэрства, шчырасць. У 1961 годзе Галіна Пятроўна прыходзіць на сталую працу ў Коласаўскі тэатр, якому аддала амаль чвэрць стагоддзя і служыла да апошніх хвілін жыцця.

Адна з першых роляў – Яўгенія з драмы Івана Шамякіна «Выгнанне блудніцы», адкрыта драпежная жанчына, мяшчанка, якая выкарыстоўвае мужчын для дасягнення кар’ерысцкіх мэт. Ужо тут спатрэбілася яе здольнасць ствараць моцны валявы характар. Гэта пацвердзілі і наступныя работы актрысы – партызанская сувязная Вера ў «Павароце ключа» М.Кундэры (на фота), Зося Савіч ў «Сэрцы на далоні» і Марозава ў «Крыніцах» І.Шамякіна, Ганерылья ў «Каралі Ліры» У.Шэкспіра і асабліва Ганна Корзун – цэнтральная жаночая роля ў «Вайне пад стрэхамі» А.Адамовіча. Яна была цэнтрам сцэнічнага дзеяння спектакля.

Як і ў рамане, гераіня Маркінай збірала вакол сябе ўсіх, хто арганічна не можа прыняць законаў жыцця, што прынеслі фашысты. Пачынаючы ад вельмі простага, ад вельмі звычайнага, ад барацьбы за кавалак хлеба (але не цаной здрады), ад страху за дзяцей, жадання захаваць, зберагчы іх (але не цаной ганьбы), разгортвалася гэтае вялікае дзеянне – народная вайна. Маладосць вонкавага аблічча актрысы нейкім цудам пераплаўлялася ў тое адчуванне душэўнай маладосці, парывістасці і чысціні, якое дадало яшчэ прыгажосці вельмі праўдзіваму вобразу маці, абаронцы ўсіх, хто мае патрэбу ў абароне.

 

Спектакль «Улада цемры», пастаўлены Барысам Эрыным па п’есе Л.Талстога, стаў этапным і для многіх вядучых артыстаў-коласаўцаў, і для тэатра ў цэлым. Ён быў вельмі высока ацэнены і маскоўскімі крытыкамі. Яны аднадушна адзначалі, што ў пастаноўцы кожны выканаўца раскрыў лёс чалавека, што спазнаў прагу нажывы, уладу цемры. Галіна Маркіна выконвала ў ім ролю Аніссі. Яе гераіня шчыра прагнула шчасця. Аднак сродкі, якія яна выбрала для дасягнення мэты, антычалавечныя, антыгуманныя. Спазнаўшы жудасны жах злачынства, жанчына так нічога і не здолела змяніць у сваім жыцці. Актрыса даводзіла: зло можа нарадзіць толькі зло. Галіна Маркіна пераканаўча раскрыла асабістую віну Аніссі, але прычыны яе віны шукала не столькі ў характары гераіні, колькі ў цяжкіх умовах тагачаснага жыцця.

 

Здаецца, гэтыя ролі з’явіліся подступам да яшчэ адной, яшчэ больш грунтоўнай работы – Марыя Сцюарт у спектаклі па аднайменнай трагедыі Ф.Шылера. Яго кульмінацыйным момантам стала сцэна сустрэчы двух каралеў – Марыі і Лізаветы, якая вызначалася ўнутранай сілай, эмацыянальнасцю. Гераіня Маркінай паўставала высакароднай, адкрытай, перакананай ў справядлівасці сваіх прынцыпаў. Было відавочна, якіх намаганняў каштавала Марыі слухаць абразлівыя словы ненавіснай каралевы, як цяжка было стрымаць гнеўны пратэст. Уражвала апошняя сцэна спектакля. Марыя Сцюарт за развітальным жалобным сталом, на дзіва спакойная, ветлівая, пяшчотная, суцяшае блізкіх людзей. У апошнія хвіліны жыцця яна трымала сябе з годнасцю, як і належыць каралеве. Стражнікі расчыняюць люк, і Марыя павольна сыходзіць у небыццё, без ценю страху і ахвярнасці.

З вобразаў класічнага рэпертуару, створаных народнай артысткай, таксама вылучаюцца: Беатрычэ з камедыі У.Шэкспіра «Многа шуму з нічога», Ранеўская з «Вішнёвага саду» А.Чэхава.

Магутнай, знакавай работай актрысы стала матухна Кураж з п’есы Б.Брэхта, якую ўвасобіў на коласаўскай сцэне Сямён Казіміроўскі. У трактоўцы Г.Маркінай вобраз гераіні спалучаў, здавалася б, несумяшчальныя супярэчнасці: душэўную чуласць і бессардэчнасць, любоў да людзей і разлік гандляркі, глыбінны народны розум і абывацельскую абмежаванасць. Сквапнасць Кураж стала прычынай смерці яе малодшага сына Швейцарца. Гэта першая асабістая трагедыя, што перажыла маці. Але нават у жудасныя хвіліны яна не страціла цвярозы розум, помніла пра камерцыю. Зараз да яе прынясуць забітага сына. Яна павінна «не пазнаць» яго, змаўчаць, каб выратаваць сябе і дачку. Прыціснуўшы галаву Катрын да сваіх грудзей, Кураж-Маркіна ў трызненні глядзела ўдалечыню застылымі вачыма. Яна стаяла нерухомая, застылая ад гора. Толькі шырока адкрыты рот, з якога нібыта імкліва рваўся жудасны працяглы стогн. Ён сведчыў пра той боль, што адчувала маці. Г.Маркіна выклікала спачуванне гледача, але яно шчыльна перапляталася з адмаўленнем фатальнай абыякавасці гераіні, якая, перажыўшы трагедыю, так і не ўзнялася да разумення ісціны, не вызвалілася ад ілюзій.

У ролі Філумены Мартураны з аднайменнай драмы Эдуарда дэ Філіпа, выканаўца нібы даводзіць, што не ўсё купляецца і прадаецца. Ёсць адзіночкі, якія пераступаюць гэты закон, вырываюцца з яго цесных жалезных путаў, сцвярджаючы сваю чалавечую годнасць. Філумена Мартурана якраз з такіх людзей. І паводзіны, і жэсты, і манеры – усё выдае ў ёй непрыстойнае мінулае. Г.Маркіна нібы балансуе  на грані станоўчай і адмоўнай адзнакі гераіні, пакуль што не даючы канчатковага адказу, вымушаючы гледача адначасова абурацца ёю і сімпатызаваць ёй. У момант сваркі артыстка дасягала эфекту ўнутранага, душэўнага спакою гераіні – пры ўсім тым што голас Філумены раз-пораз зрываўся на крык.

 

Гледачы старшага пакалення добра памятаюць і ролі Галіны Пятроўны, сыграныя ў сучасным рэпертуары. Гэта і пяшчотная, душэўна прыгожая Гелена ў «Варшаўскай мелодыі» Л.Зорына. Хлуслівая, цынічная Маці ў «Зацюканым апостале» А.Макаёнка. Апантаная эсэрка Спірыдонава з «Шостага ліпеня» М.Шатрова. Прынцыповая, бескампрамісная суддзя Зубрыч з «Трывогі» А.Петрашкевіча. Нібы закаваная ў браню, пазбаўленая нейкіх душэўных, маральных комплексаў прафесар Грачанская з «Вострава Алены» Я.Шабана. Згубіўшая паразуменне са сваім сынам Вера Малахава з «Апошняй інстанцыі» М.Матукоўскага. Раўнівая мяшчанка Кузькіна ў «Энергічных людзях» В.Шукшына. Затузаная сямейнымі засмучэннямі буфетчыца Ганна з «Летась у Чулімску» А.Вампілава. Ганарлівая, маральна спустошаная Габі з «Васьмі жанчын закаханых» Р.Тама.

 

 

 

Гэта былі як станоўчыя, так і адмоўныя персанажы, але ў кожным выпадку моцныя, валявыя асобы, шматслойныя вобразы. Напрыклад, такія, як Серафіма са «Скорых цягнікоў» А.Паповай, першая жонка галоўнага героя Чарапанава, якога іграў Фёдар Шмакаў – натура няўрымслівая, адметная. Яе жыццё прамільгнула ў пагоні за ілюзорнай марай. Аднаго сына, Сяргея, яна пакінула мужу, другога, Альку, сваёй маці.На дачы Чарапанава Серафіма з’яўляецца, каб уладкаваць Альку ў які-небудзь інстытут. Гераіня Маркінай паводзіць сябе экстравагантна, з нейкім выклікам, але за ўсёй яе знешняй бравадай адчуваецца адзінота, стомленасць, неўладкаванасць.

 

Галіна Пятроўна была актрысай інтэлектуальнай. Валодала высокай эрудыцыяй. Апрача тэатральнай адукацыі, мела і філалагічную, скончыла Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт. З’явілася аўтарам цэлага шэрагу артыкулаў пра артыстаў Коласаўскага тэатра.

Апошняй работай Галіны Пятроўны Маркінай на коласаўскай сцэне стала Кручыніна ў пастаноўцы выдатнай камедыі Астроўскага «Без віны вінаватыя», дзе ў поўную сілу прагучаў драматычны талент актрысы. Галіна Пятроўна іграла гэтую ролю ўжо будучы цяжка хворай. Пра свой блізкі сыход яна добра ведала, але працавала на сцэне амаль да апошняга дыхання.

Пайшла з жыцця народная артыстка БССР Галіна Пятроўна Маркіна 27 кастрычніка 1985 года. Пахавалі яе, згодна з яе воляй, у касцюме Філумены Мартурана. Вобразы, створаныя гэтай выдатнай актрысай, увайшлі ў залатую скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка