ЖЫЦЦЁВАЯ ПРАЎДА ВЯЧАСЛАВА ГРУШОВА – У СЦЭНІЧНЫХ ВОБРАЗАХ

Цудоўныя знешнія дадзеныя, выдатны акцёрскі тэмперамент, адметны тэмбр голасу, моцны энергетычны запал у спалучэнні з унутранай высакароднасцю вылучылі Вячаслава Грушова з першых гадоў працы на коласаўскай сцэне.

Створаныя акцёрам вобразы – быццам яго дзеці. Спярша гэта былі маладыя зухаватыя хлапчукі, што ў барацьбе з мяшчанскімі пастулатамі бацькоў спрабавалі адстойваць юнацкія ідэалы. Да іх можна дадаць і рамантычных герояў з так званых «камедый плашча і шпагі». Здавалася б, менавіта такі акцёр мусіў стаць вельмі запатрабаваным у тэатры, зарыентаваным на акадэмічную «мадэль», дзе вялікае месца павінна быць адведзена класічнай драматургіі. Але так не адбылося. На працягу доўгага часу – пасля вымушанага зыходу галоўнага рэжысёра Сямёна Казіміроўскага і да прыходу Барыса Эрына – сусветная класіка была рэдкім госцем на коласаўскай сцэне. А ў сучасных п’есах тыпаж «рамантычнага героя» не быў запатрабаваны. Але артыст не губляў надзеі, што яго «зорны час» яшчэ прыйдзе.

Дзяцінства. Студэнцкае юнацтва.

У дзяцінстве Вячаслаў Грушоў не меў жадання стаць артыстам, ён пра гэта нават не задумваўся. Яго цікавіў спорт. Тым больш што лыжнымі гонкамі з ім і сябрамі па секцыі нават займаўся сапраўдны алімпійскі чэмпіён.

Але аднойчы хлопца запрасілі паўдзельнічаць у школьным тэатралізаваным прадстаўленні. Вячаслаў паказваў нешта накшталт пантамімы. Пасля выступу адзін з настаўнікаў параіў паступаць у тэатральны інстытут. Юнак нават не ведаў, што такі існуе і што там рыхтуюць артыстаў. Але вырашыў паспрабаваць. І паступіў, бо, відаць, зрабіў уражанне на прыёмную камісію сваёй юнацкай свабодай, разняволенасцю, можа, нейкай дзіцячай наіўнасцю, непасрэднасцю. Трапіў на курс вядомага беларускага рэжысёра і педагога Уладзіміра Маланкіна.

На пачатку Вячаслаў Грушоў не вельмі разумеў, што такое акцёрская прафесія, у студэнцкія гады пераважала «гульня ў тэатр». Потым ужо, калі паехаў у Маскву, Ленінград на спектаклі (гэта былі МХАТ, Таганка, піцерскі Ленком з яго славутай «Вестсайдскай гісторыяй»), то перагледзеў стаўленне і ўспрыманне тэатра.

Аказваецца, можна пад час спектакля знайсці такі кантакт з акцёрам, які дапаможа табе, гледачу, раскрыць і сябе самога. Вячаслаў Грушоў зразумеў, што прафесія артыста не павярхоўная, а даволі складаная, якая датычыцца ўнутранага стану чалавека. А потым, калі прыйшоў працаваць у Коласаўскі тэатр і акунуўся ў прафесійную атмасферу, то пачаў і свой розум пераключаць, каб стаць неад’емнай часткай гэтай славутай трупы.

Першыя ролі. Таўстаногаў.

Дэбютам на коласаўскай сцэне для Вячаслава Грушова стаў Ніглас у пастаноўцы «Свой востраў» па п’есе эстонскага драматурга Р.Каўгвера.

Сярод першых буйных роляў – Сяргей у «Прахадным бале» Б.Рацэра і У.Канстанцінава. Гэта быў малады, закаханы юнак, які адстойваў перад бацькамі сваю незалежную пазіцыю, свае прынцыпы. Як прызнаецца акцёр, гэтая задача супадала з яго характарам, таму было вельмі лёгка адчуваць сябе ў прапанаваных абставінах.

Пазней былі Велімір у «Доктары філасофіі» Б.Нушыча, Педра з «Рабы свайго каханага» Лопэ дэ Вегі, дон Себасцьян у «Раўнівай да сябе самой» Цірса дэ Маліны , Густаў з «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына. Усе работы – добрыя, прафесійна зробленыя, але хацелася чагосьці большага.

Калі акцёрская праца не задавальняла праз недахоп сур’ёзных, маштабных работ, стала з’яўляцца цікавасць да рэжысуры. Паехаў у Вялікі драматычны тэатр у Ленінградзе, да Георгія Таўстаногава. Гэта была не стажыроўка, проста была такая творчая ініцыятыва спасцігнуць, зразумець рэжысёрскую прафесію. Прысутнасць на рэпетыцыях такога сталага майстра паўплывала на творчае развіццё, набіраўся прафесійны досвед.

«Другая» прафесія

Вельмі карыснымі для Вячаслава Грушова былі ўрокі, атрыманыя ад выдатнага рэжысёра Барыса Эрына. Атрымалася сапраўдная школа, што дала разуменне, спасціжэнне новай прафесіі. Акцёр сачыў за рэжысёрам і прыкмячаў, што можна ўзяць карыснае для сябе. Ён нават запомніў некаторыя яго фразы. Напрыклад, гэтую: «Ніколі не рабі заўвагі акцёру, рабі прапановы». Важна было бачыць больш за іншых і гэтым падзяліцца з акцёрамі. У іншым выпадку – імітацыя, крадзеж: ты скраў тэкст у аўтара і выдаў за асабісты. А вось калі ты ў п’есе знайшоў сваё, акумуляваў знойдзенае праз акцёра, тады гэтая ідэя абавязкова ўзрушыць гледача.

Першай пастаноўкай Вячаслава Грушова былі «Жарты» паводле вадэвіляў М.Чарота і Л.Родзевіча, потым «Кветкі-ягадкі» В.Ткачова, у больш позні перыяд – «Варвара і яе блудны муж» Г.Марчука, «Ветразі» паводле А.Грына, «Старамодная камедыя» А.Арбузава, «Пазычанае шчасце» Ф.Палачаніна. У апошнія сезоны – казкі «Як Воўк мамай быў» В.Ткачова, «Агнявы Леў» А.Кружнова і «Кот у ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро.

   

Калі размова ідзе пра сучасных аўтараў, Вячаслава Георгіевіча адрознівае скрупулёзная работа ў супольнасці з драматургам над тэкстам, калі ходам працы адзін сцэнічны варыянт змяняецца другім, адаптуецца і пад рэжысёрскую задуму, і пад успрыманне спектакля гледачом. І з гэтага ёсць моцны вынік. Напрыклад, іранічная мілая драма «Пазычанае шчасце» карыстаецца попытам у гледача ўжо цягам 10-ці год.

 

З прыходам Віталя Баркоўскага

І ўсё ж такі галоўнае для Грушова – гэта акцёрская праца. За амаль 50-гадовую творчую дзейнасць на коласаўскай сцэне ім створана больш за 100 разнастайных вобразаў.

З прыходам у тэатр Віталя Баркоўскага наступіў новы, больш цікавы перыяд і для Грушова-акцёра. Сярод роляў, якія можна назваць этапнымі ў яго творчай біяграфіі, – Аляксандр Фінскі ў спектаклі «…таму што люблю» па п’есе А.Паповай «Дзень карабля». Давялося ўвасабляць крызіс сярэдняга ўзросту, калі чалавек крытычна пераглядае сваё жыццё. Пасля доўгіх год эміграцыі ён вяртаецца на Радзіму. Герой вінаваціць ранейшы час, які не дазволіў яму ў поўную моц раскрыцца, бо не мог ён ліслівіць, крывадушнічаць. Але ўсім ходам дзеяння, усім раскрыццём характару героя гэта абвяргаецца. Уладарыць не час, а чалавек, здольны захаваць сябе ў любых варунках альбо здабыць дабрабыт, свабоду, рэалізаваць творчую патэнцыю занадта дарагой цаной. Стратай кахання, простых чалавечых сувязей, душэўнай спустошанасцю.

Асабліва ўдалася акцёру другая частка спектакля, калі герой, накшталт блуднага сына, вяртаецца пад родны дах. Незвычайныя, непадробныя пачуцці ахопліваюць яго на парозе. Праз некалькі хвілін для героя ўваскрэсне мінулае. Акцёр нібы нёс на сцэнічную пляцоўку ўвесь цяжар пражытых гадоў, у вачах – стомленасць, пакута і надзея.

Запомніўся гледачам і доктар Зеет з «Пісьменных» М.Чокэ. Спектакль, дарэчы, атрымаў Гран-пры на фестывалі нямецкай драматургіі. Гэта чалавек, які падпарадкоўваецца складаным абставінам, калі матэрыяльныя каштоўнасці ў грамадстве аказваюцца вышэй за духоўныя, і гіне, «абкладзены» гэтымі абставінамі. Доктар Грушова кранальны, разгублены, мяккі, прыстойны чалавек у свеце шоў-бізнесу. Ён з вялікай цяжкасцю імкнецца звесці ў адно калейдаскоп сучаснага жыцця і знайсці пункт апоры. І не можа гэтага зрабіць.

Цікавай была спроба паглыбіцца ў аўтарскі матэрыял у спектаклі «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле п’есы У.Набокава «Падзея», дзе артыст сыграў Трашчэйкіна. У гэтай рабоце, як пазней і ў ролі Старадума з «Недарасці» Д.Фанвізіна, Вячаслаў Грушоў зноў вярнуўся ў стыхію камедыйнага жанру. Галоўны герой п’есы – інтэлігент-пустабрэх, мастак, што працуе «на заказ» і сам ганарыцца сваімі падробнымі шэдэўрамі. З уласцівай акцёру мяккай, далікатнай манерай ігры Грушоў дакладна паказаў чалавека слабога, які згубіў мінулыя ідэалы, існуе па інерцыі, які змірыўся са здрадамі жонкі і падмяняе сапраўднае жыццё нейкім тэатральным рытуалам.

 

Чэхаўскія вобразы

Вячаслаў Грушоў стварыў цэлы шэраг чэхаўскіх вобразаў: Серабракоў у «Дзядзі Вані», Гаеў у «Вішнёвым садзе», Дорн у «Чайцы». Артыст крыху іранічна адносіцца да сваіх герояў, як бы раскрывае іх знутры. Яны жывуць чалавечымі распуснымі жарсцямі і хаваюць іх за маскай добрапрыстойнасці. Серабракоў губляе ўладу сярод сваіх і таму чапляецца, стараецца навязаць сябе. Гэта эгаізм, узведзены ў квадрат, гульня над сваімі хваробамі. Урэшце ў фінале ён застаецца адзін, усімі забыты. У вобраз Гаева акцёр дадае шмат іроніі, насмешкі. Героя нават параўноўвалі з цыркачкай-клаўнэсай Шарлотай, толькі з той розніцай, што ў яго не было такога горкага стаўлення да жыцця і беспрытульнасці лёсу, але была дзіцячая непасрэднасць і здзіўленне.

 

Апошнія сезоны

У апошнія сезоны Вячаслаў Грушоў стварыў шэраг новых запамінальных вобразаў. Напрыклад, Палкоўнік з драматычнай балады «Не пакідай мяне» А.Дударава. Артыст нібы даводзіць, што псіхалогія чалавека ў ваенны час мяняецца, і чалавек у нечаканых абставінах паводзіць сябе інакш, чым у звычайным жыцці. Зразумець вайну звычайнай чалавечай логікай немагчыма, трэба самому прайсці праз гэтае пекла. І колькі б пра гэта не пісалі, колькі б фільмаў, спектакляў не ставілі, гэта толькі мастацкі погляд на тыя абставіны, у якія трапляе чалавек. Палкоўнік згубіў сына на вайне. Снайпер трапіў у фуражку, якую нельга было надзяваць. І той жа Палкоўнік аддае загад – фактычна пасылае дзяўчат з разведгрупы на смерць. Псіхалагічна гэта апраўдаць дужа складана.

Пата Дулі з кухоннага трылера «Каралева прыгажосці з Лінэна» М.Мак-Донаха. Гэты герой зразумеў, што і ад яго многае залежыць, ці ўратуецца чалавек. І ён зрабіў такі ўчынак. Не дапамог, не здолеў адхіліць трагічную развязку, але ўсё ж такі хаця б паспрабаваў.

 

Вядома ж, неаднойчы артысту даводзілася іграць і мярзотнікаў. Такім, напрыклад, з’яўляецца яго Лешч, турэмны лекар, з сямейнай драмы М.Горкага «Апошнія». Яго жыццёвая мэта– нязменнае пашырэнне ўласнай жыццёвай прасторы. Ён фактычна паскарае скананне Якава Каламійцава. Артыст паступова, ходам спектакля, раскрывае ўнутраную нікчэмнасць свайго героя.

 

Самыя розныя фарбы са сваёй акцёрскай палітры – здольнасць адаптавацца да прапанаваных абставін, дакладнасць сцэнічнага існавання, а калі неабходна, згодна з жанрам і рэжысёрскай задумай, то і гратэск – выкарыстоўвае акцёр пры стварэнні камедыйных вобразаў. Чубукоў са спектакля «Смешныя людзі» паводле аднаактовых п’ес-жартаў А.Чэхава, Жывата Цвіёвіч з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча, Іваноў з «Экстрасэнсаў» па п’есе «Феномены» Р.Горына, Ён з міні-серыяла для мужчыны і жанчыны «Асенні rock’n’roll» М.Хейфеца. У гэтых вобразах артыста можна пабачыць на сённяшняй коласаўскай сцэне.

 

 

Коласаўскі тэатр віншуе
заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь
Вячаслава Георгіевіча Грушова з юбілеем
і зычыць яму моцнага здароўя, творчага даўгалецця,
аптымізму, новых цікавых роляў і пастановак!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка