ЗАСЛУЖАНАЯ АРТЫСТКА БССР ТАМАРА ШАШКІНА. Да 90-годдзя з дня нараджэння

Амаль паўстагоддзя Тамара Рыгораўна Шашкіна прысвяціла служэнню Коласаўскаму тэатру. З яе імем звязаны незабыўныя старонкі нашай гісторыі.

Нарадзілася Тамара Рыгораўна 31 кастрычніка 1931 года ў вёсцы Ніжняя Алешня ў Падмаскоўі. У дзяцінстве будучая актрыса сапраўднага тэатра наогул не бачыла. Але адчуванне сцэны праявілася яшчэ ў школьнай самадзейнасці. І толькі пазней, у Мінску, дзе вучылася спярша ў політэхнічным, а потым у бібліятэчным тэхнікумах, пачала наведваць тэатры. Старэйшы сябра, што аказваў дзяўчыне знакі ўвагі, моцна паспрыяў гэтаму. Дзякуючы яму яна перагледзела ўвесь оперны рэпертуар, часта хадзіла ў Купалаўскі тэатр. Прыязджаў і славуты Коласаўскі. Менавіта тады выспела жаданне самой стаць актрысай. І яна паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова, дзе вучыцца разам з Георгіем Дубавым, які неўзабаве стане яе мужам.

У 1958 годзе Тамара Шашкіна па размеркаванню прыязджае ў Гродзенскі абласны драмтэатр. Там маладая актрыса іграла ўсе галоўныя ролі. Сярод іх – Маша ў «Трох сёстрах» Чэхава, Патрыцыя ў «Трох таварышах» па Рэмарку, Любоў у «Салдатах» Шаўрына. Але пераходзіць у Віцебск на той час галоўны рэжысёр гродзенскай драмы Іосіф Папоў, і маладая пара рушыць за ім следам. Уся далейшая творчая біяграфія Тамары Шашкінай будзе звязана з Коласаўскім тэатрам.

Была спакуса сысці следам за Іосіфам Паповым, які ў Віцебску надоўга не затрымаўся і пераехаў у Новакузнецк, але на той час галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Аляксандр Падабед прыстрашыў артыстаў: «Калі з’едзеце, я вам такі воўчы білет зраблю, што нідзе не ўладкуецеся». Напалоханыя, засталіся... І не пашкадавалі.

 

Першай роляй, сыгранай у Віцебску, была Нюрка ў «Дні вяселля» В.Розава. Спектакль карыстаўся ў гледача вялікім поспехам. Потым быў цэлы шэраг лірычных і вострахарактарных роляў: Агнічка са спектакля «Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага, Фінея з «Дурнічкі» Лопэ дэ Вэга, Беатрычэ са «Слугі двух гаспадароў» К.Гальдоні, Марына з «Улады цемры» Л.Талстога, Соф’я з «Зыкавых» М.Горкага, Марыля з «Бацькаўшчыны» К.Чорнага, Рыта Асяніна з пастаноўкі «А зоры тут ціхія…» Б.Васільева, Травіна з «Лёнушкі» Л.Лявонава, Кэт з «Сямнаццаці імгненняў вясны» Ю.Сямёнава.

 

 

Маладыя няўрымслівыя гераіні змяніліся больш сталымі, умудронымі жыццёвым вопытам жанчынамі. І тут актрысе спатрэбіліся ўрокі Папова, які дапамагаў выканаўцу намацаць шлях да псіхалагічнага раскрыцця вобраза. Складаныя жаночыя характары, якія выяўляюцца ў драматычных, а часам і трагічных калізіях, увасобіла актрыса ў спектаклях «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (Цвяткова), «Трывога» А.Петрашкевіча (Манаева), «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (Маці).

Пасля змены мастацкага кіраўніцтва для актрысы наступілі часы творчага прастою. Нягледзячы на ганаровае званне заслужанай артысткі БССР, роляў не давалі. На гэта былі розныя прычыны... Амаль на 15 гадоў імя Тамары Шашкінай было выкрэслена з афіш. Выключэннем, бадай, сталі ролі ў спектаклях Валерыя Маслюка – Таісія Паўлаўна ў легендарным «Старым доме» А.Казанцава, які карыстаўся вялікай прыхільнасцю ў моладзі, і Жамгуленэ з не менш знакамітага «Клеменса» К.Саі. Была ў гэтых вобразах мацярынская пяшчота, дабрыня, цярплівасць і яшчэ з гадамі набытая пакутлівасць.

 

Аднойчы ў размове Тамара Рыгораўна прызналася, што цяжка перажыла заўчасную смерць Маслюка: «Аднойчы ён прыбег да мяне: «Я бачыў усіх нашых там — і маму. Ім усім добра». Хай і яму там будзе добра. Я малюся за яго і веру ў гэта».

У яго аўтарскім спектаклі «Пад сонцам» яна іграла звар’яцелую настаўніцу. Яе гераіня страчвае розум пасля сынавага самагубства і не можа паверыць у незваротнае. Працягвае хадзіць на вясковы прыпынак (а раптам сыночак усё ж прыедзе?), працягвае гатаваць яго любімыя стравы. Жыве так, быццам ён ёсць.

І зусім іншая маці з п’есы Камю «Непаразуменне» (рэжысёр Юрый Лізянгевіч) – наймагутны творчы ўзлёт актрысы пасля доўгага творчага прастою. Гераіня займаецца жудасным промыслам: забівае і рабуе пастаяльцаў гасцініцы, гаспадыняй якой і з’яўляецца. Нечаканым госцем аказваецца яе сын, якога маці не пазнала і таксама забіла. Актрыса выдатна перадала душэўны стан гераіні, здолела яе ўзняць да антычных персанажаў, накшталт Медэі альбо Клітэмнестры.

Цяжка забыць гледачу яе Зою Сяргееўну з «Жыдоў горада Піцера» Стругацкіх – вострага, пранізлівага спектакля Барыса Эрына, пастаўленага напярэдадні жнівеньскага путчу ГКЧП. Яе гераіня – жанчына з тонкай душой, прыродным пачуццём годнасці, больш маўчыць, але за гэтым хаваецца яе высакароднае супраціўленне хунце ў любым абліччы.

Шэраг цікавых вобразаў стварыла актрыса і ў спектаклях Віталя Баркоўскага. Сярод іх – Клеапатра Пятроўна ў «Плошчы Перамогі» Алены Паповай, самаахвярная жанчына, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла мужу-афіцэру, захаваўшы памяць пра яго былыя подзвігі.

Місіс Уайр з п’есы Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» – старая ханжа, якая ўвесь час падглядвае, падслухоўвае і вучыць жыць. Рэжысёр Віталь Баркоўскі даў актрысе вялікі эпізод, пластычную сцэну, дзе яна адна ў промні пражэктара на лесвіцы дома. Успаміны адносяць яе ў далёкае юнацтва, кружаць яе ў танга, вальсе. Яна ўяўляе сябе нявестай, каханай. Здаецца, жыццё вяртае ёй самыя шчаслівыя імгнені, і яна маладзее на вачах, становіцца надзвычай прыгожай, гнуткай і неверагодна самотнай.

 

Актрысу заўсёды вылучала ўменне спалучаць жыццёвую дакладнасць (адзнака добрай тэатральнай школы) з эмацыйнасцю, тэмпераментам, тонкім лірызмам і выдатным адчуваннем стылю п’есы і спектакля. Так, у «Пісьменных» М.Чокэ яна сыграла маленькую ролю пані Кранц, але здавалася, быццам актрыса ўсё жыццё пражыла ў Германіі і асабіста знаёмая з тамтэйшымі вытанчанымі немачкамі.

Тамара Рыгораўна вельмі сур’ёзна і адказна ставілася да свайго ўдзелу ў спектаклі, нават калі гэта быў невялічкі эпізод. У «Памінальнай малітве» Р.Горына яна іграла старую і крыху не ў сваім розуме габрэйку – маці Менахэма-Мэндла, якая з’яўлялася ў фінале спектакля. Яна прамаўляла літаральна адну фразу: «Мяне ў поездзе так трасе!» Але рабіла гэта гэтак, што глядзельная зала ўзрывалася гучнымі апладысментамі. Мабыць, таму што жыццё і мастацтва тут зліваліся ў адно цэлае? Ці ж гэта не ёсць адзнака выдатнага майстэрства?

 

Апошняй вялікай роляй для Тамары Рыгораўны стала Лідзія Васільеўна ў «Старамоднай камедыі» А.Арбузава, былая цыркавая артыстка, а цяпер пацыентка санаторыя, дзе яна сустрэла ў асобе ўрача сваё апошняе каханне. Гэта быў бенефісны спектакль, пастаўлены адмыслова да яе 75-годдзя заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Вячаславам Грушовым. У гэтым вобразе спалучаліся і лірызм, і жаночая, чалавечая кранальнасць, і тонкі разумны гумар. А яшчэ была ў спектаклі тая настальгія, туга па артыстах ды тэатру мінулых часоў, якія ўжо сталі гісторыяй.

 

У спектаклі Юрыя Пахомава «Млын» А.Дударава актрыса выходзіла ў маленечкім эпізодзе разам з другім выдатным майстрам сцэны, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Валянцінай Петрачковай. Яны ігралі дзвюх нямоглых старых, адна з якіх карміла другую супам. Гэта быў кранальны дуэт. Нягледзячы на тое, што актрысы не прамаўлялі ніводнага слова, яны настолькі шчымліва даносілі жорсткую, бязлітасную праўду жыцця, што зала заўсёды праводзіла іх апладысментамі.

У жыцці Тамара Рыгораўна была інтэлігентным, далікатным, чулым чалавекам. А яшчэ вельмі добрай гаспадыняй. Дзверы яе дома былі заўсёды гасцінна адчыненыя. А яшчэ яе адрознівала моцная, амаль фанатычная любоў да сына Генадзя.

Пайшла з жыцця заслужаная артыстка БССР, выдатны майстар коласаўскай сцэны Тамара Рыгораўна Шашкіна 18 чэрвеня 2018 года. Тэатр памятае пра яе. І не забудзе.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка