ЮБІЛЕЙНАЯ ДАТА ЛАРЫСЫ АНТОСЕВАЙ

У яе знешнім выглядзе, паставе, манеры трымацца ёсць нешта шляхетнае, высакароднае, нават арыстакратычнае. Здаецца, што і ўнутраная сутнасць гэтай выдатнай актрысы адпавядае першаму ўражанню. 16 лютага юбілейную дату адзначае вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра Ларыса Антонаўна Антосева. З гэтай нагоды 28 лютага а 15-й гадзіне ў актавай зале Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна адбудзецца творчая сустрэча з актрысай пад назвай «Прастора душы».

 Нарадзілася яна ў вельмі прыгожых мясцінах, зусім непадалёку ад Камянецкай вежы. У дзяцінстве была вельмі сарамлівай дзяўчынкай, таму выступала толькі перад сваімі бацькамі, і першы дэбют адбыўся ўжо на студэнцкай сцэне, у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Яна закончыла курс Аляксандра Іванавіча Бутакова, выдатнага рэжысёра і педагога. Разам з ёй вучыліся вядомы беларускі драматург Аляксей Дудараў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і многія іншыя вядомыя дзеячы сцэны. Першай роляй стала Васіліса ў горкаўскай п’есе «На дне».

Пазней была праца ў Гродзенскім абласным драмтэатры, куды яна адправілася следам за мужам, будучым тэатральным рэжысёрам Ігарам Баярынцавым. Тут яна сыграла Анюту ў спектаклі «Камуніст» паводле сцэнарыя Яўгена Габрыловіча, купалаўскую Паўлінку. Былі абяцаны новыя цікавыя ролі.Але неўзабаве давялося змяніць прапіску. Яе разам з мужам чакаў знакаміты Коласаўскі тэатр. Адной з першых роляў была Вера ў драме ўсё таго ж Аляксея Дударава «Радавыя», жонка Дугіна, якога іграў Генадзь Шкуратаў. Ставіў спектакль Валерый Мазынскі.

У далейшым вельмі добрыя творчыя стасункі звязалі актрысу з Валерыем Маслюком, Антонам Грышкевічам, Ігарам Баярынцавым. Менавіта ў іх спектаклях Ларыса Антосева сыгралі свае самыя лепшыя, «зорныя» ролі. Гэта Рэгана ў «Каралі Ліры» У.Шэкспіра, Шарлота фон Штайн ў монаспектаклі “Размовы ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма”  П.Хакса (роля адзначана  дыпломам на III Міжнародным фестывалі монаспектакляў «Я»), Мэры ў спектаклі «Кахаю. Спадзяюся. Чакаю» паводле «Шлюхі з Гарлема» Э.Сверлінга, фрэкен Юлія ў аднайменным спектаклі па п’есе А.Стрындберга, Жанчына ў «Жанчыне ў пясках» Коба Абэ, Шаганэ ў «Жаночым стале ў паляўнічай зале» В.Мярэжкі, Яна ў «Фламенка» В.Маслюка, Шарлота ў «Восеньскай санаце» І.Бергмана. Увогуле акцёр павінен быць сааўтарам і аднадумцам рэжысёра, а не паслухмянай марыянеткай, свайго роду пластылінам у яго руках. Так лічыць Антосева і спраўджвае ў сумеснай рабоце, супольнай творчасці.

Больш за 30 год свайго жыцця яна прысвяціла Коласаўскаму тэатру, дзе стварыла амаль 40 мастацкіх вобразаў. Кожны з іх яна напаўняла ўласнымі думкамі, перажываннямі, эмоцыямі, сіламі, нервамі, уяўленнямі пра людзей і свет. А як жа інакш, калі ставіш перад сабой сур’ёзныя творчыя задачы і мэты.Трэба заўважыць, што Ларысу Антонаўну заўсёды цікавілі высокамастацкая літаратура, самыя лепшыя ўзоры сусветнай драматургіі, найперш класічнай. І калі нават здараліся  перыяды творчага прастою, яна прыносіла кіраўніцтву тэатра, асобным рэжысёрам свае прапановы. У выніку нарадзіліся надзвычай цікавыя пастаноўкі.

На сённяшні дзень актрысу можна ўбачыць у двух спектаклях. Гэта сучасная гісторыя Пятра Гладзіліна «Афінскія вечары» , дзе Ларыса Антонаўна выконвае ролю графіні Растапчыной, і «Восеньская саната» Інгмара Бергмана, дзе яна стварыла вобраз Шарлоты. Тэма мацярынства, якая гучыць у гэтым спектаклі, вельмі важная для актрысы як у мастацтве, так і ў жыцці.

Мы віншуем Ларысу Антонаўну з юбілейнай датай і жадаем ёй моцнага здароўя, новых яскравых роляў, добразычлівага, чуйнага гледача!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка