ЯЎГЕН ШЫПІЛА. НАРОДНЫ ПА ПРЫЗВАННІ

Да 75-годдзя з дня нараджэння артыста-коласаўца Яўгена Шыпілы

7 кастрычніка 1943 года ў вёсцы Відокі, што на Верхнядзвіншчыне, з’явіўся на свет будучы народны артыст Беларусі, выдатны акцёр-коласавец Яўген Патафеевіч Шыпіла. Аматарам тэатральнага мастацтва добра знаёмае гэтае імя. Нягледзячы на тое, што яму суджана было непрацяглае жыццё (пайшоў у іншы свет ва ўзросце 56 год), Яўген Шыпіла пакінуў важкі след у гісторыі Коласаўскага тэатра, пакінуў у ёй свае яркія старонкі. А пачыналася ўсё так.

Нарэшце яму пашанцавала!

У 1967 годзе Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа аб’явіў набор у акцёрскі дапаможны склад. Сярод тых, каму пашчасціла і каго адабралі, быў і Жэня Шыпіла. За плячыма ў юнака – камсамольская работа, вучоба на курсах культасветработнікаў у Мінску, праца інструктарам раённага Дома культуры і неаднаразовыя няўдалыя спробы паступлення ў тэатральна-мастацкі інстытут. Праўда, кіраўніцтву і вядучым артыстам Коласаўскага тэатра Яўген стаў даспадобы. Ён цудоўна выконваў беларускія вершы і байкі, быў добрым апавядальнікам, апрача таго, валодаў вельмі натуральным беларускім маўленнем, той чыстай, не літаратурнай, а менавіта народнай гаворкай, якой немагчыма навучыцца, а якая ўбіраецца разам з малаком маці, з матульчынай калыханкай. І яго залічылі!

Героі-аднагодкі

Ужо ў першых эпізадычных ролях малады артыст існаваў жыццём таго персанажа, які хоць на кароткі тэрмін займаў увагу гледача. У камедыі «Амністыя» Матукоўскага – Кузьма Хаценьчык, той самы прыяцель Грышы Салавейчыка, які спрабуе ўсялякім чынам абараніць свайго прыяцеля-сабутыльніка, нахабна хітруе, маніць, маскіруецца... Пагранічнік Пятро Шчарбіна з драмы «Не турбуйся, мама!» Думбадзе запомніўся акрэсленым характарам, які гартуецца на мяжы, дзе выпрабоўваюцца мужнасць і адданасць Радзіме.

Непрыкметна і гарманічна артыст перайшоў разам з Леанідам Трушко (яшчэ адным артыстам-самародкам, будучым народным) у асноўны склад трупы, у яе маладзёжнае ядро. Часцей яму на той час даручалі ролі людзей, якія і па ўзросце былі яго аднагодкамі: Пётр Хромаў з «Сталевараў» Бокарава, Іван Швед з «Таблеткі пад язык» Макаёнка, Генадзь з камедыі «Укралі кодэкс» Петрашкевіча...

Малады, але ўжо «стары»

Творчы ўздым для Яўгена Шыпілы наступае з прыходам у тэатр мастацкага кіраўніка Валерыя Мазынскага. Ён з поспехам у дастаткова маладым узросце пачынае выконваць узроставыя ролі.

Найперш прыгадваецца дзед Курыла з драматычнай балады «Сымон-музыка». Як дакладна і па-мастацку пераканаўча перадаваў ён думку пра тое, што некалі і гэты стары меў талент музыкі, талент, забіты, заціснуты ў ім суровай рэчаіснасцю. Гледачы бачылі, як гэты працавіты і мудры чалавек вучыў вопыту Сымона і сам вучыўся ад юнака бачыць хараство прыроды і шчырых чалавечых памкненняў. Нямала сыграў акцёр на коласаўскай сцэне розных старых (Глахуна ў «Законе вечнасці» Думбадзе, пенсіянер Тарон з камедыі «Заставайцеся сонцам» Папаяна, Мульцік-Фядос з «Вечара» Дударава), але ў кожным з іх знаходзіў і знешнюю, і ўнутраную своеасаблівасць, чалавечую непаўторнасць.

Зорны час артыста

На пачатку 80-х гадоў бясспрэчным поспехам карысталіся пастаноўкі «Парог» і «Вечар» па п’есах Дударава. У першай артыст сыграў цэнтральную ролю Андрэя Буслая. Без перабольшання заўважым, што гэта быў творчы пік артыста, яго зорны час. На прэм’еры яго шчырая, глыбока пранікнёная ігра выклікала сапраўдную авацыю. І ён сам моцна ўсхваляваны: матэрыял і вобраз ляглі на душу. Шыпіла паказаў цяжкі, драматычны шлях адраджэння чалавека, абуджэнне знявечанай душы. Іншым часам ён захапляўся фарсавымі, сцэнічна выйгрышнымі момантамі ролі, але ў фінале, калі ён прыціскае да грудзей свайго маленькага сына, уражваў глыбінёй перажыванняў, сапраўдным драматызмам.

У спектаклі «Вечар» акцёр пераконваў мудрасцю, унутраным спакоем, справядлівасцю. Здаецца, не адчуваў стомленасці цяжару пражытых гадоў. Нават калі Мульцік-Фядос размаўляў з Ганнай альбо Гастрытам, яго рукі прывычна рабілі што-небудзь. Праца і адносіны да яе – гэта аснова яго чалавечых прынцыпаў і адносін да іншых людзей. Узнікала адчуванне, быццам ягоны герой прыйшоў з самога жыцця, настолькі артыст быў праўдзівы і дакладны.

Мары здзейсненыя і няспраўджаныя

У вымаўленні тэксту, манерах паводзін, у карыстанні рэквізітам Шыпіла ўмеў паказаць народнае паходжанне персанажаў. Гэта асабліва ярка адчувалася ў яго рабоце над вобразам Несцеркі, якога яму давялося сыграць пасля народных артыстаў СССР Аляксандра Ільінскага і Фёдара Шмакава. Пра гэтую ролю ён марыў доўгія гады, вывучыў тэкст на памяць і на адным з выязных спектакляў, калі другі выканаўца захварэў, увайшоў у спектакль без рэпетыцыі.

Хочацца ўзгадаць яшчэ пра няздзейсненую мару артыста – Тарас са знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе». На жаль, спектакль з’явіўся ў рэпертуары тэатра ўжо пасля яго заўчаснай смерці.

І класічныя, і сучасныя персанажы

Яўген Патафеевіч стварыў цэлую галерэю персанажаў у класічных творах. Гэта паштмайстар Шпекін у гогалеўскім «Рэвізоры» – чалавек, які жыве быццам не ў гэтым свеце, тым самым сцвярджаючы яго абсурднасць. Дзядзька Ваня, што занадта позна ўсвядоміў марнасць намаганняў і страчанага жыцця ў знакамітай п’есе Чэхава. Апантаны прагай улады бунтаўшчык Джон Бочка ў «Генры VI» і няшчасны пакутнік Глостэр у «Каралі Ліры» Шэкспіра.

Але найбольш блізкія да душы артыста, да яго тыпажных дадзеных, менталітэту былі народныя персанажы. Праўдашукальнік, бяссрэбранік Ягор Палушкін у інсцэніроўцы аповесці Васільева «Не страляйце ў белых лебедзяў». Спектакль нядоўга затрымаўся ў рэпертуары, але на тых, хто яго бачыў, зрабіў непазбыўнае ўражанне. Сват Канкаліс, таленавіты вясковы эпікурэец-балагур у легендарным «Клеменсе» Саі. Альбо невялічкая роля інваліда Ягоравіча ў спектаклі “Адпачынак пасля ранення” паводле аповесці Кандрацьева. Герой, нягледзячы на сваё гаротнае становішча, умеў добра прыстасавацца да складаных ваенных умоў.

Не толькі тэатр…

Яўген Шыпіла здымаўся і ў кіно. Прычым гэта былі не толькі эпізадычныя, але і цэнтральныя ролі. У «Новай зямлі» паводле Якуба Коласа ён сыграў дзядзьку Антося, а ў фільме «Адна ноч» паводле Васіля Быкава стварыў драматычны, унутрана супярэчлівы вобраз Івана Валокі, які вымушаны раздзірацца паміж спагадай і пачуццём абавязку.

Памяць пра артыста жыве

Не стала Яўгена Шыпілы 28 лістапада 1999 года. Памёр ён у вёсцы Свяціцы Верхнядзвінскага раёна , там і пахаваны. На магіле пастаўлены сціплы помнік-напамін пра тое, што жыў на Беларусі з 1943 па 1999 год вясёлы чалавек, знакаміты артыст, які вельмі любіў сваю Верхнядзвіншчыну.

Прайшлі гады. Даўно ўжо няма з намі Яўгена Патафеевіча, як няма і многіх іншых выдатных майстроў коласаўскай сцэны, толькі памяць раз-пораз выхоплівае з мінулага тыя незабыўныя спектаклі, у якіх яны здзіўлялі і радавалі гледачоў.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка