ВЫСОКАЕ МАСТАЦТВА ЛЮДМІЛЫ ПІСАРАВАЙ

Час няспынна плыве. Прайшло восем гадоў, як няма з намі заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Іванаўны Пісаравай, якая больш за 40 год свайго жыцця прысвяціла служэнню Коласаўскаму тэатру. Толькі памяць ўзнаўляе незабыўныя старонкі яе сцэнічнай біяграфіі, шматлікія высокамастацкія вобразы, якія яна стварыла на віцебскай сцэне.

У тэатр Людміла Пісарава прыйшла з завода «Маналіт» дзе працавала вымяральнікам-разбракоўшчыкам. Зарабляла добра, карысталася аўтарытэтам у калектыве, але адчула, што яе паклікала сцэна. Паступіла ў студыю пры тэатры імя Якуба Коласа, дзе на той час выкладалі Цімох Сяргейчык, Барыс Браганцаў, Фёдар Шмакаў.

Пачыналася ўсё з маленькіх роляў, выхадаў у масоўцы. Самой актрысе асабліва запомніліся Анфіса з «Пунсовай кветачкі» І.Карнаухавай і Л.Браўсевіч і Інэса з камедыі Кальдэрона «Каханне не жарты». Можа, гэтак і згубілася б сярод іншых маладых актрыс, калі б не шчаслівы выпадак.

 

Летам 1971 года, якраз перад мінскімі гастролямі тэатра, захварэла выканаўца ролі Матруны з «Улады цемры» па п’есе Л.Талстога, народная артыстка Беларусі Яніна Глебаўская. За восем дзён уводзяць у спектакль Людмілу Пісараву. І вось якой яе ўбачылі мінскія, а потым і віцебскія гледачы: спакойная і грубая, хітрая і самаўпэўненая, яна шнырыць сваімі мышынымі вочкамі па закутках чалавечых душ. Ходзіць, быццам качка, перавальваючыся з боку на бок, саладжавым голасам разносіць заразу. Побач з ёй ніхто не ўратуецца ад цемры. Пасля спектакля гледачы – патрабавальная сталічная публіка – доўга апладзіравалі. А маладая актрыса ад вялікага нервовага напружання плакала ў грымёрцы, нават не падазраючы пра свой вялікі поспех.

Пасля гэтай работы за Людмілай Іванаўнай трывала замацаваліся ролі жанчын з цяжкім асабістым лёсам. Як пацверджанне гэтаму – вобразы Марыны Казюры («Снежныя зімы» І.Шамякіна), Ганны Кісельнікавай («Багна» А.Астроўскага), Паліны Цвятковай («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), цётухны Сашыко («Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе), маці Буслая («Парог» А.Дударава).

 

Асаблівы поспех прынёс Пісаравай створаны актрысай вобраз маці Буслая. Дзякуючы яе высокаму майстэрству, спектакль набыў большую выразнасць, трагедыйную ёмістасць, што наблізіла яго да аўтарскай задумы і забяспечыла трывалы поспех у гледача. Немагчыма забыць гора маці, якой прыносяць жудасную вестку пра смерць сына. Яна не плача, не лямантуе – хворая, не ў стане сысці з печы, з разварушанымі сівымі валасамі і скажоным ад невыноснага болю тварам, толькі надрыўна стогне і павольна разгойдваецца з боку ў бок.

Майстар псіхалагічнага малюнка, Людміла Пісарава пераконвала, узрушала праўдзівасцю сцэнічнага пражывання ролі. Вобраз Ульяны Юрскай актрыса сыграла двойчы – на коласаўскай сцэне ў спектаклі «Трывога» па п’есе А.Петрашкевіча і ў фільме «Нядзельная ноч» на кінастудыі «Беларусьфільм». Яе гераіня – простая вясковая жанчына, якая не ведала ў жыцці светлых, шчаслівых хвілін. Шмат пакут прынёс ёй муж, горкі п’яніца, праз якога ў хаце былі пастаянныя скандалы і бойкі. Праз гарэлку ён і памёр. Але ж тая самая хвароба напаткала сына. Гарэлка стала яго пастаяннай спадарожніцай. І хіба лёгка было маці глядзець, як сын усё больш співаецца, траціць чалавечае аблічча! Было ў ёй прадчуванне, што здарыцца нейкая бяда. Так і атрымалася.

Драматург Алесь Петрашкевіч, убачыўшы Пісараву ў спектаклі «Трывога», не мог уявіць сабе іншую выканаўцу гэтай ролі. Сведчанне таму яго словы, пакінутыя на тэатральнай праграмцы: «Дарагая Людміла Іванаўна! Я вельмі, вельмі ўдзячны вам за вобраз дарагой майму сэрцу Ульяны. Я зараз не ведаю. як можна было яго зрабіць інакш. Узрушаны! Рады! Удзячны! Ведаючы вас па «Уладзе цемры», пісаў на вас і не памыліўся. Дзякую! Да новых сустрэч!»

Галоўны рэдактар маскоўскага часопіса «Искусство кино», вядомы кіназнаўца Яўген Суркоў адзначаў так: «Я быў зусім перакананы, што Ульяну іграе не актрыса, што на экране жанчына, знятая дакументальна. Аказваецца, гэта актрыса Людміла Пісарава. Я запомню яе на ўсё жыццё. З якой дзівоснай праўдай яна прамаўляе трагічны маналог! Якое гэта высокае мастацтва і якая гэта высокая прастата!»

Пазней актрыса здымалася таксама ў кінастужках: «Палеская хроніка» (Сарока), «Трывогі першых птушак» (Макарыха), «З юбілеем пачакаем» ( Ганна Паўлаўна, жонка Рыгора), «Плач перапёлкі» (Гапка Сімукова) і іншых.

 

 

І нават калі актрысе надаралася іграць ролі ў нечым падобныя, яна ніколі не паўтаралася, а знаходзіла новыя дэталі – як у знешнім абліччы, так і ў характары, унутранай матывіроўцы паводзін, эмацыянальна-псіхалагічным стане сваіх гераінь. Адна з такіх роляў – старая Зоська ў спектаклі «Сылгалі Богу, сылгалі!» па п’есе А.Ждана. У іншых хоць дзеці ёсць, а ў яе, вясковай кабеты з чарнобыльскай зоны, дачка памерла, адзіны ўнук загінуў у арміі і пахаваны тут жа, на мясцовых могілках. Ходзіць туды старая і вядзе з ім доўгія размовы.

Але былі і ролі іншага характару, якія нельга не прыгадаць. Актрыса сама прызнавалася, што адзін з яе любімых вобразаў – Івета Пацье з хронікі Брэхта «Матухна Кураж і яе дзеці». Тут спатрэбіліся самыя рознабаковыя здольнасці Пісаравай – уменне спяваць, танцаваць, адчужацца ад персанажа (згодна з брэхтаўскай эстэтыкай) і пранікаць у сутнасць характару, спалучаць псіхалагізм і гратэск. Да таго ж, трэба было ў 36 год сыграць 22-гадовую дзяўчыну лёгкіх паводзін. З усім гэтым актрыса справілася выдатна.

Людміла Іванаўна стварыла цэлы шэраг камедыйных і сатырычных вобразаў як у класічным, так і ў сучасным рэпертуары. Уладарная Мальвіна з «візітнай карткі» тэатра - «Несцеркі» В.Вольскага, цынічная мяшчанка з пранізлівым ідыёцкім смехам і мітуслівымі рухамі – жонка Бодага са спектакля «Тэлевізійныя перашкоды» К.Сакані. Ці шалёная істэрычка – маці Святланы са спектакля «Такое дзіўнае каханне». Альбо фанатычка Нэта з «Маскоўскага хору» Л.Петрушэўскай: яна толькі вярнулася са сталінскага лагеру, але працягвае жыць па законах культаўскага часу – піша даносы на ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяра і кат адначасова.

 

Спектакль «Сола для гадзінніка з боем» па п’есе О.Заградніка быў задуманы Валерыем Маслюком для артыстаў старэйшага пакалення. Людміла Пісарава іграла насельніцу багадзельні, пажылую пані Конці. Яна заўсёды з’яўлялася з вялікім чамаданам са шлюбнай сукенкай, якую ёй ніколі не суджана будзе апрануць. Гераіня выклікала нейкую шчымлівую тугу па іншаму, прыгожаму жыццю па-за межамі гэтага свету.

 

Адна з апошніх работ Людмілы Пісаравай – старая нянька Феліцата з класічнай камедыі Астроўскага «Праўда – добра, а шчасце лепш». Здавалася, актрыса па-сапраўднаму купалася ў гэтай ролі, па-майстэрску выпісанай знакамітым драматургам. Яна была і смешная, і кранальная адначасова, гэтая старая дзеўка з тонкімі сівымі коскамі, у шырачэзным сарафане, інтрыганка і прайдзісветка, душа і стрыжань барскага дома. Як апантана і гнеўна яна крыўдавала на несправядлівасць сваёй гаспадыні Барабошавай, як шчыра радавалася шчасцю маладых!

Хочацца ўзгадаць яшчэ пра адзін талент Людмілы Пісаравай – яе апантанасць музыкай, спевамі. У 90-я гады яна ўпершыню выйшла да публікі з праграмай рускіх старадаўніх рамансаў. А потым мела шмат прыхільнікаў менавіта ў гэтым жанры. 

У 2002 годзе за беззапаветную любоў да тэатральнага мастацтва, адданае служэнне гледачу Людміла Пісарава  была ўдастоена дзяржаўнай узнагароды —ордэна Францыска Скарыны.

23 мая 2011 года скончылася зямное жыццё гэтай выдатнай актрысы. Але памяць пра Людмілу Пісараву назаўсёды застанецца ў сэрцах яе калег па сцэне, родных, сяброў, і ўсіх яе самых адданых прыхільнікаў.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка