ВАЛЕРЫ МАСЛЮК ІМКНУЎСЯ СТВАРЫЦЬ САПРАЎДНЫ ДУХОЎНЫ ТЭАТР

Сёння, 30 сакавіка 2018 года, Валерыю Маслюку споўнілася б 65 гадоў.

Валерый Васільевіч Маслюк, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, выдатны рэжысёр, артыст, драматург, паэт. Знакавая асоба для ўсяго беларускага сцэнічнага мастацтва, а для Коласаўскага тэатра асабліва. Бо тут ён пачынаў, рабіў першыя творчыя крокі, тут ён увасобіў свае апошнія пастаноўкі, адсюль ён пайшоў у небыццё, не дажыўшы нават да паўстагоддзя. Але памяць пра гэтага выдатнага чалавека і яскравага мастака жыве і па сённяшні дзень у сэрцах тых, хто яго ведаў, хто бачыў яго спектаклі.

Ён жыў імкліва, супярэчліва, хацеў сябе паспрабаваць у самых розных творчых сферах. Пісаў п’есы, вершы, займаўся разьбой па дрэву, майстраваў мэблю. Быў цудоўным рыбаловам, добра гатаваў, выконваў графічныя работы. І ўсё ў яго атрымлівалася таленавіта.

Пасля заканчэння Вушацкай сярэдняй школы Валерый вучыцца на акцёрскім факультэце Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі ( у далейшым ён даволі ўдала выступае ў гэтай якасці і на прафесійнай сцэне, так у 1982 годзе сыграў Янку Здольніка ва ўласнай пастаноўцы «Тутэйшых» у Магілёўскім абласным драмтэатры), а потым, адчуўшы большую схільнасць да іншай прафесіі, паступае на рэжысёрскае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Дыпломную работу ажыццяўляе на коласаўскай сцэне. Гэта была казка «Драўляны кароль» Валерыя Зіміна. Пазней былі знакавыя пастаноўкі, якія прынеслі рэжысёру папулярнасць у віцебскага гледача і не толькі: драма «Стары дом» Аляксея Казанцава, народная камедыя-прыпавесць «Клеменс» Казіса Саі, буйное эпічнае палатно «Закон вечнасці» паводле Надара Думбадзе, на камернай сцэне –“Брыльянт” Ежы Пшыздзецкага. Гэта быў тонкі паэтычна-псіхалагічны, безумоўна аўтарскі, спавядальны тэатр, у сваіх пастаноўках рэжысёр дзяліўся з гледачом сваім унутраным болем, хваляваннем аб тых маральных, духоўных каштоўнасцях, якія, як здавалася яму, чалавек страчвае. У спектаклі “Клеменс” з вершамі Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Пятра Ламана мастак, здаецца, апярэдзіў свой час, бо закранаў у самы пік застою такія пытанні, пра якія непрынята было гаварыць у той час гучна: пра волю, незалежнасць, нацыянальную самасвядомасць. Завяршаўся ён словамі песні-зонга галоўнага героя: “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды…” Калі спектакль быў паказаны ў Літве, да артыстаў падыходзілі ўзрушаныя гледачы і пыталі: “І што, у вас такое дазваляюць?” Пасля паказу “Клеменса” у Мінску беларуская моладзь наладзіла рэжысёру сапраўдную авацыю. У 1981-83 гадах Валерый Маслюк літаральна ўзарваў ціхмянае жыццё правінцыйнага Магілёва, узначаліўшы тамтэйшы тэатр і ўвасобіўшы шэраг гучных пастановак. Найперш – “Тутэйшыя” Янкі Купалы, якія былі з 20-х гадоў пад забаронай.А яшчэ – “Судны дзень” Віктара Казько, “Візіт старой дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата, “Каханне, джаз і чорт” Юозаса Грушаса, “А хтосьці выпаў з гнязда” паводле Кена Кізі. Пазней ён узначаліў Дзяржаўны рускі тэатр імя Горкага ў Мінску. Сярод самых знакавых пастановак на сталічнай сцэне: “Гамлет” У.Шэкспіра, “Майстры” А.Дударава паводле М.Булгакава (першая спроба ўвасаблення знакамітага рамана “Майстар і Маргарыта” на беларускай сцэне), “Царства зямное” Т,Уільямса,“Бабіна царства” Ю.Нагібіна, “Знак бяды” В.Быкава ( за апошнюю пастаноўку быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). Адначасова ён выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў, выпускае акцёрскія і рэжысёрскія курсы (сярод яго вучняў – вядомы рэжысёр-коласавец Антон Грышкевіч).

А ў 1993 годзе вяртаецца ў Віцебск, дзе становіцца дырэктарам-мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра.Ён імкнецца стварыць у нашым горадзе сапраўдны тэатральны асяродак. Адраджае традыцыю правядзення акцёрскіх бенефісаў, становіцца ініцыятарам правядзення тэатральных марафонаў. Пры ім коласаўцы выдаюць сваю газету “Раёк”. Прыцягвае да тэатра мецэнатаў.Спрыяе правядзенню ў Віцебску Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Коласаўскага тэатра. Менавіта ён упершыню вывозіць наш калектыў з “Каралём Лірам” у далёкае замежжа, у Нямеччыну.З’яўляецца ініцыятарам стварэння студыі пры тэатры.І вядома ж, ажыццяўляе шэраг цікавых пастановак: “Час быка” (новая рэдакцыя “Клеменса”), “Кароль Лір” У.Шэкспіра, “Сола для гадзінніка з боем” О.Заградніка, “Пакахай мяне, салдацік!” па В.Быкаву, “Жаніцьба” М.Гогаля, паводле ўласных драматургічных твораў – “Пад сонцам”, “Вялікая сумная рыбіна, якая чакае”, “Кацігарошак”. У такі складаны і супярэчлівы час, калі адбывалася не толькі матэрыяльнае, але і маральнае збядненне грамадства, Маслюк спрабуе вярнуць гледача да вечных каштоўнасцей. Вось словы з тагачасных інтэрв’ю з рэжысёрам: “Як бы царква не адмаўляла тэатр як духоўную ўстанову, менавіта за сапраўднай духоўнасцю будучае тэатра… Мне здаецца, зараз самы час гаварыць з людзьмі аб вечным і нятленным, аб тым, што існавала, існуе і будзе існаваць. Гэта не значыць, што трэба хавацца ад шэрай паўсядзённасці, – яна ёсць і знікне не хутка, калі наогул знікне. А вось цудоўнае, узвышанае можа знікнуць ужо заўтра… У тэатр чалавек прыходзіць не толькі дзеля таго, каб адрачыся ад сваіх праблем альбо пазабавіцца, але больш да таго, каб адчуць сябе часцінкай Сусвету, дакрануцца да вечнасці праз непарыўную сувязь пакаленняў і духоўную спадчыну.”.

Апошнім яго спектаклем, увасобленым тут, у Віцебску, быў “Кахаю.Спадзяюся. Чакаю.” паводле п’есы Энтані Сверлінга “Шлюха з Гарлема”, якую ён значна перарабіў. У выніку атрымаўся сцэнічны твор, што прагучаў прызнаннем ў любові Коласаўскаму тэатру. Ужо пасля смерці майстра артысты сыгралі яго ў Мінску, на купалаўскай сцэне, і заробленыя грошы выдаткавалі на выданне зборніка вершаў, п’ес і графічных работ Валерыя Маслюка.

Закончыць нашыя згадкі пра выдатнага коласаўца хочацца адным з яго вершаў, прысвечаных тэатру:

Я – вязень турмы, дзе пануюць вар’яты.
Я ў гэтай турме
пакуль што, галоўны вар’ят.
Мне так падабаюцца
Сцены яе і краты,
што я на свабодзе
сумую без гэтых крат.
Тут кожны сумленны
не дужа вясёлы.
Тут злодзей шчаслівы,
тут геній – не Бог.
І кожны гаворыць
пра ісціну словы.
Дай, Божа, ім сілы,
Каб гэтую ісціну
Кожны з іх вытрываць змог.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка