ВАДЗІМ АСВЯЦІНСКІ: «МАЯ КАНЦЭПЦЫЯ – ЗРАБІЦЬ РОЛЮ СВАЁЙ»
15.02.2025
Каля 30 год творчага жыцця ў артыста Вадзіма Геральдавіча Асвяцінскага прысвечана служэнню Коласаўскаму тэатру. За гэты час сыграна больш за 60 роляў самага рознага кшталту – вострахарактарных, камедыйных, драматычных. Сярод найбольш значных работ мінулых гадоў – Валодзька ў трагікамедыі «Трыбунал» А.Макаёнка, Віцька ў драме «Стары дом» А.Казанцава, Хлестакоў у эксперыментальнай пастаноўцы Б.Эрына «ЧП-1»–«ЧП-2» паводле «Рэвізора» М.Гогаля, граф Рэтланд у гістарачнай хроніцы «Генры VI» У.Шэкспіра, Адуванчык з «Радавых» А.Дударава, Франсуа ў дэтэктыве «Загадка дома Вернье» А.Крысці, Ягорка з трагікамедыі «Самазабойца» М.Эрдмана, гарадскі прарок Іллюк з інсцэніроўкі рамана Ул.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Асаблівае месца складаюць яго казачныя персанажы – Лесавік з «Пунсовай кветачкі» І.Карнаухавай і Л.Браўсевіч, Рыжык і Баравічок («Жыла-была Сыраежка» В.Зіміна), Нядзеля з «Беласнежкі і сямі гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, Алесь з «Купальскай ночы» Ю.Куліка, Певень з «Кошчынага дома» С.Маршака, Воўк з «Вядзьмаркі і Дыназаўрыка» А.Якімовіча, Жук-Рагач з «Казявачкі» Т.Уфімцавай, Аўва з «Доктара Айбаліта» Р.Быкава і В.Карастылёва, маэстра Дымуча з «Агнявога льва» А.Кружнова, Людаед з «Ката ў ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро. Сярод апошніх работ – Ліпень («Дванаццаць месяцаў» А.Замкоўскага паводле С.Маршака), Дурэмар («Залаты ключык» А.Талстога), Мартан («Усе мышы любяць сыр» Д.Урбана), Разумнік («Беласнежка і сем гномаў» братоў Грым). Дарэчы, сам артыст ніколькі не грэбуе працай у казках, лічыць, што гэта сапраўдная школа прафесійнага майстэрства.



Нарадзіўся Вадзім Асвяцінскі 15 лютага 1960 года ў вёсцы Макуты Іўеўскага раёна. Бацькі артыста пазнаёміліся яшчэ будучы студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Бацька Геральд Баляслававіч працаваў спярша на камсамольскай рабоце ў Маладзечна, потым у Глыбокім. Якраз на той час нарадзіўся Вадзім на радзіме матчыных бацькоў. Пазней бацьку перавялі на сталую працу ў Гродна, дзе ён узначальваў упраўленне культуры аблвыканкама. І так ужо атрымалася, што першыя пяць гадоў жыцця хлопчык правёў у Крывым Рогу, дзе жыла матчына радня. У 1966 годзе бацьку пераводзяць у Віцебск дырэктарам Коласаўскага тэатра. І Вадзім таксама пераехаў у горад на Дзвіной. Тады ў тэатры ўтварылася цэлая кампанія: Вася Петрачкоў, Юра Пісараў і Вадзік Асвяцінскі. Чым сябе заняць? Вядома, ішлі ў рэквізітарскі цэх. Там сапраўдныя аўтаматы, пісталеты. А што самае цікавае для хлапчукоў? Ваенныя фільмы, ваенныя гульні. І вось хлопцы ўтраіх гулялі ў вайну. Ціха яны сябе не паводзілі, і іх, як тараканаў, выкурвалі то з якога-небудзь даху, ці то з падвалу...
Аднойчы пад час спектакля Вадзім узяў у народнага артыста БССР Куляшова меч і пайшоў гуляць. І тут як на грэх начальнік рэквізітарскага цэха Ніна Якаўлеўна Крупская пайшла некуды па сваіх справах, а гэтым мячом павінны былі секчы галаву Марыі Сцюарт. А мяча няма… І бацьку сказалі: «Бярыце свайго сына і хай ён гуляць недзе далей ад тэатра». І хлопец заняўся спортам – вялікім тэнісам. На тэатр забыў увогуле. Але здарылася хвароба, і гэтыя заняткі давялося кінуць. Стаў іграць у школьным драмгуртку, і настаўніца рускай мовы і літаратуры неяк параіла: «Ідзі ў тэатр, гэта тваё прызванне».
Потым быў інстытут – гэта зусім іншы асяродак, дзе панавала творчасць. Артысты, мастакі, тэатразнаўцы – усе варыліся ў адным катле. З некаторымі з іх Вадзім Геральдавіч сябруе і па сёння. Адам Глобус, Іван Казак, Рыгор Сітніца і яго аднакурснікі – Георгій Лойка, Галіна Букаціна, Андрэй Душачкін. У інстытуцкія гады адбыліся яго першыя спробы як у тэатры, так і ў кіно.

Першы выхад на сцэну надарыўся 7 лістапада 1977 года. Гэта быў матрос у спектаклі «Аптымістычная трагедыя», які ставіў на купалаўскай сцэне кіраўнік курса Валерый Раеўскі. А праз два гады адбыўся і дэбют у кіно. У фільме «Звон адыходзячага лета» артыст сыграў ролю Аляксея, простага вясковага хлопца, што быў закаханы ў галоўную гераіню. Так здарылася, што яго прозвішча нават не трапіла ў цітры. Асістэнт рэжысёра Жанна Пякарская потым выбачалася за гэтую памылку і запрашала надалей на здымкі.

Больш сур’ёзны вопыт да Вадзіма прыйшоў праз год у наступнай рабоце ў кіно: у серыяле «Дзяржаўная граніца» («Мірнае лета 21-га») выдатнага беларускага кінарэжысёра Барыса Сцяпанава ён сыграў Запявалу, польскага бандыта. Спяваў голасам Валерыя Залатухіна прыпеўкі: «По России слух прошёл – Николай с ума сошёл». А ў фільме-спектаклі Уладзіміра Арлова «Камедыянт» ужо сыграў адну з цэнтральных роляў Міраслава, сына Дуніна-Марцінкевіча. Там побач з ім працавалі выдатныя беларускія артысты Генадзь Гарбук, Валерый Філатаў, Святлана Кузьміна.
У 1981 годзе выпускнік тэатральна-мастацкага інстытута Вадзім Асвяцінскі трапіў у коласаўскую трупу разам са сваімі аднакурснікамі – Георгіем Лойкам, Галінай Букацінай, Наталляй Фацеевай, Таццянай Анікінай. Толькі прынялі ў тэатр, а наступным тыднем ужо выклікае галоўны рэжысёр і дае тэкст ролі Валодзькі са спектакля «Трыбунал». Трэба было замяніць на выязным спектаклі асноўнага выканаўцу – Баляслава Сяўко, які паехаў на замежны фестываль са сваім тэатрам пантамімы. Для маладога артыста гэта была вялікая адказнасць. У яго былі шыкоўныя партнёры – Іосіф Матусевіч і Зінаіда Канапелька. Роля атрымалася.

З іншых вобразаў, створаных у коласаўскім тэатры па першым часе, варта ўспомніць і яго Віцьку ў «Старым доме» А.Казанцава. Ціхмяны, зацурканы хлапчук, які трапляе пад уплыў свайго бацькі-п’янчугі, да таго ж яшчэ і хатняга тырана. А ў выніку коціцца ўніз, становіцца жулікам, алкаголікам. Былі і ёсць некаторыя ролі, за якія ён браўся з асаблівым імпэтам.

Гэта Ягорка са спектакля «Самазабойца», які ставіў у нашым тэатры Аляксандр Смелякоў у 1986 годзе. Калі Мазынскі чытаў артыстам п’есу, Вадзіма адразу гэтая роля зачапіла, ён падумаў, што гэта яго персанаж. Хто ён такі? Камсамолец, заўзятар, які хапаецца за любую справу, але трохі з дурынкай.

Другая роля, якая таксама запомнілася, – граф Рэтланд са спектакля «Генры VI» паводле Шэкспіра таго ж рэжысёра. Гэта малодшы сын Ёрка, якога іграў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. Праца з мэтрам коласаўскай сцэны таксама многаму навучыла. Яго герой – на самым парозе сталасці, ён быў заўсёды пад апекай бацькі, і яго забіваюць.
Ну і, вядома ж, Хлестакоў у эксперыментальным спектаклі Барыса Эрына. Зрэшты, гэты вобраз увасаблялі адразу чатыры акцёры – Генадзь Гайдук, Міхась Краснабаеў, Генадзь Кірпічоў і Вадзім Асвяцінскі. І кожны прыўносіў нейкія свае рысы ў ролю. У Кірпічова – інфантыльнасць і рамантычнасць, у Гайдука пераважала гіпертрафаваная жаноцкасць, у Краснабаева – ганарлівасць, у Асвяцінскага – інфернальнасць. Калі які-небудзь наведвальнік заходзіў да Хлестакова, гасла і рэзка ўспыхвала святло, і госць быў ашаломлены: адразу чатыры Хлестаковых цягнулі да яго рукі.

На працягу свайго творчага шляху Вадзім Геральдавіч сыграў нямала роляў адмоўных персанажаў. Гэтаму спрыялі адпаведныя фізічныя дадзеныя, постаць, голас. Напрыклад, махляр-карцёжнік Швохнеў у камедыі «Вытанчаны падман» па п’есе М.Гогаля «Гульцы», Чалавек у чорным з драмы А.Дударава «Выбар» альбо паліцай Тарасюк з ваеннай драмы В.Быкава «Сотнікаў».


У спектаклі «Саня, Ваня, з імі Рымас» па п’есе У.Гуркіна артыст атрымлівае абсалютна супрацьлеглую па характары ролю. Пануры, стрыманы ў праяўленнях сваіх пачуццяў, але разам з тым высакародны па сваіх учынках, па-чалавечы вельмі прыстойны герой, з багатай і шчодрай душой – такім узнікае ў пастаноўцы коласаўскага тэатра гэты персанаж.

Дарэчы, 2 сакавіка на камернай сцэне Коласаўскага тэатра адбудзецца бенефіс артыста, дзе ён выступіць у ролі Рымаса ў спектаклі «Саня, Ваня, з імі Рымас». Пачатак а 18-й гадзіне.
У бессмяротнай трагедыі Шэкспіра «Гамлет» Вадзім Асвяцінскі іграе дзве ролі – прывіда – Цень бацькі галоўнага героя і Другога акцёра. Асабліва можна адзначыць першага з названых персанажаў. Дзякуючы выразнай пластыцы акцёра ўзнікае адчуванне, што гэты герой – нейкі хадзячы шкілет, у якога цела акамянелае, амаль нягнуткія рукі і ногі. Згодна з рэжысёрскай задумай (гэта падкрэсліваецца і ў фінале, калі ён цягне цэлы ланцуг людзей за сабой у прорву), менавіта ён першапрычына ўсіх забойстваў, насамрэч крушэння, пагібелі цэлай дзяржавы.

На пытанне пра любімую ролю артыст звычайна адказвае так:
– Некалі Раеўскі нам, студэнтам, казаў: «Рабіце ўсе свае ролі любімымі. На першы погляд, можа здацца, што і не вельмі падыходзіць табе тая ці іншая роля. Але трэба знайсці тыя рысачкі, якія табе падабаюцца, кладуцца на душу». Вось і мая канцэпцыя такая: зрабіць ролю сваёй.
А як жа кіно? Пасля першых удалых спроб у кінематографе артыст працягваў здымацца і надалей. Назавем такія ролі, як Васількоў, ад’ютант Чумакова («Вайна на заходнім напрамку», дзе давялося пазнаёміцца з Міхаілам Ульянавым, пасябраваць з Віктарам Сцяпанавым і Андрэем Талубеевым), Ігар Раманавіч (серыял «Сямейны дэтэктыў»), участковы Васіль Іванавіч («Водар шыпшыны»), Башмакоў («Мухтар. Новы след»).

У дакументальным фільме «Код нацыі» стварыў вобраз народнага песняра Янкі Купалы.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
сардэчна віншуе Вадзіма Геральдавіча з юбілейным днём нараджэння,
зычыць яму моцнага здароўя, творчага натхнення,
яшчэ многа цікавых роляў у тэатры і ў кіно, аптымізму, добрага настрою!


















Добавить комментарий