«У ГЛЕДАЧА БУДЗЕ СВОЙ ПЕРСАНАЛЬНЫ ДРУГІ АКТ». ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ З НАГОДЫ ПРЭМ’ЕРЫ СПЕКТАКЛЯ «ВАЎКАЛАК»

Прэс-канферэнцыя перад спектаклем – вельмі карысная справа. У размове з журналістамі рэжысёр, акцёры агучваюць многія нюансы рэпетыцыйнага працэсу. І гэта тым больш неабходна для спектакляў камернай сцэны, дзе творчасць ідзе па шляху тэатральнага эксперыменту, як у спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Ваўкалак» паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня».

Першы раз рэжысёр, вядучы майстар сцэны Ірына Цішкевіч звярнулася да творчасці Яна Баршчэўскага яшчэ вясной 2018-га, падчас праекту віцебскіх тэатраў, які трэці год запар робіцца на сцэне цэнтра культуры «Віцебск» і сёлета меў назву «Казкі для дарослых». Тады рэжысёр узяла для сцэнічнай чыткі апавяданне «Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем». Для пастаноўкі на камернай сцэне Коласаўскага тэатра Ірына Цішкевіч выбрала апавяданне «Ваўкалак». Разам з ёй над спектаклем працавалі мастак-сцэнограф Юлія Карымава і харэограф Дзіяна Юрчанка. І ўсе занятыя ў спектаклі артысты.

Ірына Цішкевіч, рэжысёр спектакля «Ваўкалак»:
«Мы хочам расказаць гледачу, як чалавек, юнак робіцца зверам. Што яго робіць зверам і як потым вярнуцца да стану чалавека. Усе людзі ад пачатку добрыя. Проста так часам складаюцца абставіны, што мы дазваляем крыўдзе перарасці ў помсту. Наш ваўкалак таксама добры, але ён стаў зверам таму, што для гэтага была добрая глеба, зерне зла прарасло і адбылося пераўвасабленне. Увесь спектакль герой спрабуе зразумець, чаму так адбылося. Спрабуе помсціць, але гэта не выйсце. І напрыканцы разумее, што ачысціць сябе можа толькі ён сам».

Юрась Цвірка, артыст, вядучы майстар сцэны:
«Самае галоўнае, што атмасфера гэтага спектакля абвалаквае, як туман. Спадзяюся, што і гледачу спадабаецца. І нешта валкалакаўскае застаецца ў душы на ўсё жыццё. Я з асалодай успамінаю працу над спектаклямі «Макбет», «Шагал... Шагал...», і думаю, што буду гэтак жа ўспамінаць і «Ваўкалака». Такі працэс рэпетыцый прыносіць сапраўдную асалоду. І шкада, што ён заканчваецца...»

Ірына Цішкевіч:
«Вельмі незвычайнымі былі рэпетыцыі. Мы рабілі трэнінгі, працавалі з эмоцыямі, з адчуваннямі адно да аднаго, з энергетыкай. Я сама рабіла гэта ўпершыню. І ўсё было вельмі цікава».

Аляксей Стома, артыст:
«Пасля вячэрніх рэпетыцый цяжка заснуць. Ужо столькі напоўненасці, што хочацца аддаць гэта на прэм’еры».

У спектаклі актыўна задзейнічаны беларускі фальклор. Прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы і, вядома, песні. Аўтэнтычныя песні ў апрацоўцы вядомага беларускага этна-трыа «Троіца».

Ірына Цішкевіч:
«З творчасцю Івана Кірчука я знаёмая вельмі даўно. І калі з’явілася згода на пастаноўку ў тэатры, то зразумела, што толькі песні «Троіцы» змогуць нам дапамагчы і натхніць. Спачатку ішла размова пра тое, што «Троіца» будзе займацца музычным афармленнем спектакля. Але абставіны не склаліся, і тады Іван Іванавіч сказаў: «Бярыце ўсё, што мы стварылі. Выкарыстоўвайце так, як вам трэба». І ён сам прыехаў у Віцебск, каб дапамагчы, узбагаціць гэтыя спевы. Разбіць на двух-трохгалоссе. Распавядаў гісторыю песень. І ён сам настолькі цудоўнай дабрыні, годнасці чалавек, што нават зносіны з ім узбагацілі нас і натхнілі. Ён быў рады сустрэчы і рабоце з намі. Усё склалася так, як павінна быць.

Мы самі, ўжывую, ствараем гукавое афармленне, спяваем песні «Троіцы». І пачынаем адчуваць энергію гэтых песень, якая пранікае ў цябе, і ты падсвядома разумееш, пра што песня, нават не разумеючы да канца слоў, якія неяк асабліва распяваюцца. Толькі фінальную песню спецыяльна для нас запісаў Іван Кірчук вось тут, у нашай  студыі гуказапісу».

Святлана Жукоўская, артыстка, вядучы майстар сцэны:
«Вялікі дзякуй Івану Іванавічу! Ён такая глыба, асоба, але няма нічога наноснага. Узяў нас у сваю аўру. Ён шмат год збіраў песні па ўсёй нашай Беларусі. Я думаю, што для тэатра гэты спектакль вельмі знакавы. І веру, што мы яшчэ па свеце паездзім і раскажам пра нашу родную Бацькаўшчыну. Бо без яе мы ніхто».

Пятро Ламан, артыст, вядучы майстар сцэны:
«Песні, якія паказаў нам Іван Кірчук, ніхто не ведае. І такую аўтэнтычную манеру выканання таксама. Ён запісвае так, як пяюць. А ў нашым спектаклі гэтыя песні, адабраныя рэжысёрам, самі па сабе ствараюць драматургію, інтрыгу».

У спектаклі «Ваўкалак» ёсць толькі адзін абазначаны галоўны герой. Той самы, якога ператвараюць, які ператвараецца ў звера. Гэты вобраз увасабляюць два артысты – Дзмітрый Каваленка і Пятро Ламан.

Аляксей Стома:
«У гэтым спектаклі кожны герой – асоба. Тут вельмі павышаны градус духоўнага і эмацыйнага ўзроўню. Гэта не спектакль для адпачынку пасля працы. Як для акцёраў, так і для гледача – гэта будзе вельмі няпростая духоўная работа над сабой».

Святлана Жукоўская:
«Ёсць у спектаклі  пара, якіх выконваюць Дзмітрый Каваленка і Юлія Крашэўская. Мы гаворым пра тое шчасце, пра якое крычаць не трэба. Як у жыцці. А шчасце – гэта цішыня».

Такіх аўтарскіх пастановак віцебскі глядач не бачыў даўно. Гэта сапраўдны тэатральны эксперымент, тое, для чаго і стваралася першапачаткова камерная сцэна Коласаўскага тэатра.

Алесь Замкоўскі, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі:
«Ірына Цішкевіч вяртае нас у аўтэнтычны эксперыментальны коласаўскі варынт камернай сцэны. Для таго, каб людзі, якія прыходзяць у вялікую залу, прыходзілі і на камерныя спектаклі. І зразумелі, што тэатр – гэта не толькі забава, відовішча, але акт мастацтва, які нясе ў сабе вялікі сэнс, вялікую думку. Каб прыходзілі не выліць, аддаць эмоцыі, але набраць і патрымаць іх у сабе».

Спектакль «Ваўкалак» напоўнены сэнсамі і іх ўвасабленнямі. На гэта працуе ўсё – і дэкарацыя, і касцюмы, і своеасаблівае гукавое афармленне, калі разам з запісанай музыкай прыроды, свету ствараюць гукі самі акцёры, і незвычайная структура спектакля.

Ірына Цішкевіч:
«Мы заканчваем спектакль кульмінацыяй. У нас няма развязкі. Магчыма, гэта не зусім правільна па законах пабудовы твора. Але тая нота, на якой заканчваецца спектакль, – не проста шматкроп’е. У гледача будзе свой персанальны другі акт. І гэта вельмі важна. Ёсць тэатр забаўляльны, ёсць тэатр, які павінны нечаму навучыць... А мая задача была ўздзейнічаць на гледача на вельмі тонкім эмацыйным узроўні, каб ён сядзеў у зале, і раптам у яго пачало біцца сэрца, змянілася дыханне, а ён не разумее, чаму гэта адбываецца. І самі акцёры адкрываюць для сябе новае, не проста выказваюць тэкст, праводзяць дуэтныя сцэны, але размаўляюць целам, душой, энергіяй».

Святлана Жукоўская:
«Кожны з нас знаходзіцца ў жыцці перад выбарам. І выбіраем мы часта на ўзроўні падсвядомасці. Гэты спектакль пра кожнага з нас. Чалавек, падумай, перш чым кінуцца ў гэтую раку. А калі ты ўжо кінуўся, то падумай, ці трэба другі раз туды кідацца. Каб было балюча чалавеку, які побач з табой, можа, ты разбурыш чалавека, і не аднаго, і нават сям’ю. Ці трэба гэты паўтор? Ідзі па іншым шляху. На гэтым роздуме і заканчваецца спектакль. Давайце на гуках, на адчуваннях, закрытымі вачамі пачуем чалавека ў глядзельнай зале, забярэм яго з сабой і пойдзем дарогай, якая надасць нам гармоніі ўнутры сябе».

Квіткі на прэм’еру, 11 снежня, прададзеныя!
І гэта вялікая радасць для тэатра!

Але ёсць магчымасць наведаць спектакль 20 снежня, а 19-й гадзіне.
Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайце kvitki.by.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка