ТВОРЧАЯ ДАРОГА ТАДЭВУША КОКШТЫСА

Тадэвуш Антонавіч Кокштыс – увасабленне гонару і годнасці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, яго традыцый, вытокаў і каранёў. Трапіў ён сюды ў 1958 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе вучыўся на курсе знакамітага народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова, і з таго часу застаўся тут на ўсё жыццё.

Рабіў пародыю нават на рэктара

Нарадзіўся Тадэвуш Кокштыс у вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна. Месца гэта асаблівае. Тут калісь жыў і працаваў выдатны беларускі асветнік Сымон Будны. У школьнай самадзейнасці хлапчука не вельмі актыўна займалі. У адным са спектакляў – «Выбачайце, калі ласка!» па п’есе Андрэя Макаёнка - ён усё ж такі сыграў Моцкіна. Пасля адной з рэплік пачуў рогат глядзельнай залы. З таго часу зразумеў, што на яго неяк асабліва рэагуюць. Але пра акцёрскую прафесію тады яшчэ не задумваўся. Хутчэй меў цягу да малявання. Гэты талент ён атрымаў у спадчыну ад бацькі, які быў майстрам на ўсе рукі і яшчэ да вайны збіраўся паступаць у Віленскую тэатральную школу на мастацкае аддзяленне, ды не хапіла маёмаснага цэнзу. Перад самым выпускам дырэктар выклікаў юнака да сябе, паказаў газетную аб’яву пра набор у тэатральна-мастацкі інстытут і прамовіў: «Паспрабуй!». Меў ён на ўвазе, вядома ж, мастацкі факультэт. Але лёс вызначыў па-іншаму. Для паступлення на мастака патрабаваліся дамашнія работы, якіх хлопец не меў, не было і адпаведнай пачатковай адукацыі - мастацкай школы альбо вучэльні, як у гарадскіх абітурыентаў. Выйсце было адно: падаваць дакументы на акцёрскі…

Заняткі з такімі вядомымі майстрамі сцэны, як народны артыст СССР Павел Малчанаў, народныя артыстка Беларусі Ірына Ждановіч і асабліва з прафесарам Дзмітрыем Арловым дапамаглі раскрыць здольнасці будучага артыста. Яшчэ ў маладыя гады ён выдатна ўмеў рабіць пародыі спачатку суседзяў, потым выкладчыкаў, калег па сцэне. І гэтую здольнасць юнак развіваў у «капусніках» – спярша інстытуцкіх, пасля тэатральных. Падчас аднаго вечара ён наважыўся скапіраваць рэктара, прычым «пазычыўшы» на час ягоныя макінтош і капялюш, што віселі ў гардэробе. Усе прадракалі Кокштысу выключэнне з інстытута, але рэктар аказаўся чалавекам разумным, з пачуццём гумару і ні разу пра гэты выпадак не ўзгадваў.

Студэнцкія дыпломныя работы – Максім Кутас з купалаўскіх «Прымакоў», Кастылёў і Крывы Зоб з горкаўскай п’есы «На дне», Лапшынаў з розаўскай драмы «У пошуках радасці» - сведчылі пра цікавыя здольнасці будучага артыста. Яны былі кантрасныя ў сваёй аснове: ад іскрыстай камедыйнасці да глыбокай драматычнасці і завостранай характарнасці.

Кароль эпізоду?

Здадзены дзяржаўныя экзамены, і Кокштыс разам са сваімі сябрамі-аднакурснікамі Генадзем Гарбукам і Яўгенам Шабанам едзе ў Віцебск, у Коласаўскі тэатр. Першай роляй (нават не роляй, а проста выхадам) быў Чорт у «Несцерцы». Падчас сцэны са Скамарохам ён выбягаў, круціў хвастом, куляўся. Чорт існаваў, пакуль не парваўся касцюмчык, а каб не шыць новы, ролю вырашылі скасаваць. Пазней артыст перайшоў на Скамароха і ў рэшце рэшт стаў іграць Другога шляхцюка, на жонку якога Несцерка і скакаў з моста. Кожны сыход артыста са сцэны суправаджаўся нязменнымі воплескамі глядзельнай залы. Так было ў Віцебску, так было і ў шматлікіх гарадах былой савецкай краіны, дзе тэатр выступаў на гастролях.

 

Першыя дзесяць год Тадэвуш Антонавіч галоўных роляў за рэдкім выключэннем не меў, і за ім паспела замацавацца рэпутацыя «караля эпізоду». Прычым гэтыя невялічкія ролі былі настолькі яскравыя, што ў друку мог з’явіцца цэлы артыкул пра яго работу (напрыклад, пра вобраз Вартавога са спектакля «Шостага ліпеня»). У яскравым спектаклі Барыса Эрына «Клоп» Кокштыс іграў Клоўна ў пары з Баляславам Сяўко (той выконваў Міма). Гэты герой аб’ядноўваў сабой розныя карціны спектакля, выбягаючы з доўгай бамбукавай жэрдкай, махаючы ёй у бок глядзельнай залы. Падчас аднаго з паказаў ён незнарок прайшоўся па нейкім начальніку з гарвыканкама. У тэатры ўсе прадракалі: «Усё, твая кар’ера ў тэатры скончана». Але гэта быў толькі пачатак творчага шляху.

Перыяд творчага росквіту

У 1969 годзе галоўны рэжысёр тэатра Сямён Казіміроўскі прапанаваў артысту цэнтральную ролю Труфальдзіна ў камедыі «Слуга двух гаспадароў». Тадэвуш Кокштыс добра зразумеў прыроду гэтага вобраза, здолеў зрабіць персанаж і эфектным, і жыццёвым. Спектакль вытрымаў болей за сто паказаў. А крыху пазней – новая ўдача. І таксама ў сусветнай камедыйнай класіцы – у п’есе Браніслава Нушыча «Доктар філасофіі». Герой Кокштыса – прайдзісвет Благае, які трапляе ў пастку, што рыхтаваў іншым. Вядомы тэатральны крытык Барыс Бур’ян, пабачыўшы яго, напісаў: «Калі выходзяць на сцэну такія акцёры, як, скажам, Дубаў ці Кокштыс, мне прыгадваецца незабыўны Аляксандр Ільінскі…»

 

Расплюеў Кокштыса ў спектаклі «Вяселле Крачынскага» – варты жалю і адначасова вельмі небяспечны чалавек. Рабалепны каўзун, амаль лёкай, ён поўнасцю страціў пачуццё годнасці і апынуўся за парогам чалавечнасці. Праўда, яму нічога не варта нацягнуць маску свецкага чалавека, прыняць ганарлівую позу пакрыўджанай нявіннасці, але яго ганарлівасць, нават фанабэрыя ўяўныя, гэта хутчэй карыкатура на чалавечую прыстойнасць.

 

Па знешніх дадзеных прыроджаны комік, артыст не абмяжоўваўся гратэскам, буфанадай, пашырэннем фармальных, выйгрышных прыёмаў ігры, а імкнуўся да псіхалагічнага паглыблення вобразаў, трансфармуючы іх у трагікамедыйныя, спасцігаючы на сцэне супярэчлівую чалавечую сутнасць. Прыгадаем для прыкладу яго Жабрака ў першай пастаноўцы «Сымона-музыкі», створанай Валерыем Мазынскім. Жвавы, рухавы, у зрэбнай вопратцы, з традыцыйнай торбай за плячыма, хуткі на гаворку, па-зямному трывалы і немудрагелісты. І разам з тым лёгкі, як вецер, настырны, учэпісты, хітры спакушальнік... Нездарма яшчэ адзін выдатны тэатральны крытык Таццяна Арлова назвала яго «вясковым Мефістофелем». Такія супрацьлеглыя рысы спалучаў у сабе вобраз, створаны Тадэвушам Кокштысам.

 

Ролю Блазна ў пастаноўцы п’есы «Кароль Лір» Тадэвуш Кокштыс іграў двойчы. І калі ў спектаклі А.Падабеда (1965г.) ён поўнасцю адпавядаў свайму прызначэнню, хоць і хаваў дулю ў кішэні, то ў пазнейшай пастаноўцы В.Маслюка (1994 г.) падаваўся даволі нечаканым. Цяпер артыст цураўся эксцэнтрыкі, знешніх момантаў, уласцівых традыцыйнай трактоўцы вобраза. Блазен Кокштыса адмаўляецца быць паслугачом караля-тырана, караля-дэспата. Але яго трапныя філіпікі, жахлівыя прароцтвы не дасягаюць мэты. І тады ён сыходзіць. У небыццё. Каб потым, у фінале спектакля, з’явіцца ў белым адзенні, стаўшы ці то анёлам, ці то святым.

 

На самым донцы душы

Асаблівага поспеху дасягнуў артыст у драмах Аляксея Дударава. Драматург, рэжысёр Валерый Мазынскі і акцёр Тадэвуш Кокштыс былі аднадумцамі. Вобразы Шаргаёва ў «Парозе», Гастрыта ў «Вечары», Саляніка ў «Радавых», Юткі ў «Вежы» канчаткова замацавалі за ім рэпутацыю «сур’ёзнага» артыста. У драме «Парог» вострым трагізмам, нягледзячы на фарсавую сітуацыю, вылучаецца вобраз Шаргаёва – чалавека «па-за мяжой жыцця». Акцёр знайшоў трапныя характарныя рысы, літаральна ўразіў гледача непасрэднасцю, пераканальнасцю знешняга вобліку, манерамі паводзін, гаворкай, жэстыкуляцыяй персанажа. Ён быў адначасова смешны, недарэчны ў сваёй амаль дзіцячай наіўнасці і страшны інертнасцю жывёльнага існавання, вычварнасцю.

   

П’еса А.Дударава «Вечар» набыла ў коласаўцаў адметнае жанравае вырашэнне як драма-прыпавесць. Таму вобразы пазбаўляліся «тыпажнага» праўдападабенства і набывалі сімвалічную абагульненасць. Складанасць вобраза Цімоха (Гастрыта) у тым, што трэба было ў сённяшняй чалавечай дробнасці, нягегласці, раздражнёнасці, адзіноце паказаць яго жахлівае мінулае, вытокі чорных плямаў хворага сумлення. Герой нібы атрымлівае запозненае пакаранне за грахі сваёй маладосці. Тадэвуш Кокштыс выдатна паказаў працэс трансфармавання свядомасці свайго героя, паступова падводзіў яго да фінальнай драматычнай споведзі пра змарнаванае жыццё. За гэтую вялікую творчую работу ў 1986 годзе артыст быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а ў 1984-м таксама атрымаў дыплом «За лепшае выкананне мужчынскай ролі» на Міжнародным фестывалі «Прыбалтыйская тэатральная вясна» ў Вільнюсе. У тым жа годзе за ўсе творчыя заслугі Тадэвуш Кокштыс атрымаў ганаровае званне «Народны артыст Беларусі».

 

Іграючы такіх адмоўных персанажаў, як Кічкайла з «Амністыі» М.Матукоўскага, Угараў з «Правінцыяльных анекдотаў» А.Вампілава, Шаргаёў і Гастрыт, Расплюеў з «Вяселля Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, Качкароў з «Жаніцьбы» М.Гогаля, артыст шукаў тую чалавечынку, што схавалася на самым донцы душы.

 

Універсальны акцёр

Сярод яркіх, запамінальных, разнастайных вобразаў, створаных народным артыстам у апошнія дзесяцігоддзі, варта ўспомніць яго Іосіфа III з «Кракаўскага студэнта» Г.Марчука, Тараса ў «Тарасе на Парнасе» С.Кавалёва, Круціцкага з «Мудрацоў…» А.Астроўскага, Сыракваша з «Плошчы Перамогі» А.Паповай, Зганарэля з «Лекара мімаволі» Ж.-Б.Мальера, Старога з «Бездані» паводле Р.Брэдберы. Апошняя з названых для акцёра асабліва ўпадабаная, магчыма, таму, што дазволіла сказаць пра самае істотнае, што яго хвалюе: без мінулага, без памяці, без каранёў няма будучага.

   

 

Сёння народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, старэйшына коласаўскай трупы, заняты ў двух спектаклях – «Самая жаданая» С.Гіргеля і «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. У першым з іх ён іграе Мацье – немаладога сцэнарыста, што знаходзіцца ў працяглым творчым крызісе і марна шукае сюжэт для новага фільма. Акцёр быццам нутром адчуў і саму ролю, і тыя праблемы, якімі жыве персанаж – яго творчыя пакуты, унутраны крызіс, залішнюю прыземленасць каханай, пачуцці якой ён надумаў ускалыхнуць. Знешне герой Кокштыса нагадвае знакамітых французскіх комікаў, але разам з тым прываблівае, скарае ўнутранай цеплынёй, пяшчотай, абаяльнасцю. У нечым ён наіўны, нібы дзіця, а ў нечым - мудры філосаф. Мабыць, у канцы спектакля ён усё ж такі прыходзіць да высновы, што нельга гуляць з жыццём, з пачуццямі – сваімі альбо блізкіх табе людзей нават дзеля стварэння мастацкіх шэдэўраў.

 

У «Сымоне-музыку» артыст іграе чатыры ролі, унутрана звязаныя між сабой - Стары, Курыла, Жабрак і дзед Даніла. Яны ў многім падобныя і па той функцыі, якую выконваюць у спектаклі (духоўных настаўнікаў Сымона), і проста па-чалавечы. Насамрэч выканаўца стварае адзін велічны, эпічны вобраз, які ўбірае ў сябе розныя рысы, уласцівыя беларусам, і найперш – мудрасць, пранікнёнасць, абачлівасць, памяркоўнасць, спагадлівасць, чалавекалюбства.

 

Нельга яшчэ прамінуць шэраг кінаработ, створаных Тадэвушам Кокштысам у розных стужках: Яўхім («Знак бяды»), Станіслаў Іосіфавіч («Маленькі баец»), Іосіф Станіслававіч («Зорка Венера»), пан Хлапніцкі («Талаш»), Аператар («Нядзеля ў жаночай лазні»), Цімафей Паўлавіч («Фабрыка мараў»).

 

За сваё вялікае творчае жыццё Тадэвуш Антонавіч удастоены шэрагу ўзнагарод, у тым ліку і дзяржаўных. Сярод іх – ордэн Францыска Скарыны, тэатральная прэмія імя Ігната Буйніцкага, ордэн «Знак Пашаны», нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», імянны прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка».

Тэатр віншуе дарагога Тадэвуша Антонавіча з юбілеем - 85-годдзем,
жадае яму моцнага здароўя, трываласці духу, жыццёвага аптымізму,
новых яскравых роляў, нязменнага поспеху ў гледача!

А прыхільнікаў таленту народнага артыста запрашаем на бенефіс шаноўнага артыста,
які пройдзе 30 лістапада на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра.
Тадэвуш Кокштыс выйдзе да гледача ў ролі Мацье ў спектаклі «Самая жаданая»,
па заканчэнні спектакля адбудзецца віншавальная частка.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка