ТАМАРЫ СКВАРЦОВАЙ – 70!

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны, загадчык трупы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа за 45 год творчай працы стварыла больш за шэсць дзесяткаў каларытных жаночых вобразаў. Сярод іх такія знакавыя работы, як пані Драга ў «Доктару філасофіі» Б.Нушыча, Беціна ў «Цыліндры»
Э. дэ Філіпа, Агаф’я Ціханаўна ў «Жаніцьбе» М.Гогаля, Марцэля ў «Хаме» Э.Ажэшка, Мальвіна ў «Несцерцы» В.Вольскага, Марына ў «Дзядзі Вані» А.Чэхава, Барабошава з камедыі А.Астроўскага «Праўда добра, а шчасце – лепш», Іспанка з «Дацкай гісторыі» па Х.К.Андэрсену, Джын Хортан з «Квартэта» Р.Харвуда, Бабуля з трагікамедыі «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева… 9 сакавіка актрыса адзначае свой юбілей –70-годдзе з дня нараджэння. Мы віншуем Тамару Уладзіміраўну з юбілеем і прапануем вашай увазе гутарку з майстрам сцэны.

Ваша юнацтва, пачатак творчага шляху звязаны з Мінскам. Што вас падштурхнула пакінуць сталіцу і звязаць сваё жыццё з Віцебскам, з коласаўскім тэатрам?

– Артысткай я сябе адчувала з трох год, калі наладжвала маленькія спектаклі перад суседзямі. Потым быў студэнцкі тэатр БДУ. Відаць, гэта і падштурхнула мяне да паступлення ў студыю пры Купалаўскім тэатры. Там мяне вучылі выдатныя майстры. Яшчэ пад час вучобы была занятая ў спектаклях «Трыбунал», «Начное дзяжурства». Але прыйшоў з Масквы новы галоўны рэжысёр, і ў мяне з ім неяк не вельмі заладзілася. А тут якраз прыехаў у Мінск на гастролі Коласаўскі тэатр. Я паказалася і была залічана ў трупу.

Як сустрэў вас Віцебск, калегі па сцэне? Ці памятаеце першы свой выхад, дэбют?

– Як першы раз выйшла на сцэну, памятаю. Казіміроўскі ўзяў для пастаноўкі «Багну» Астроўскага і даручыў мне эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, гэткай бойкай, вясёлай дзяўчыны. І, памятаю, прыехаў крытык Юрый Рыбакоў з Масквы, ён так мяне азначыў: «Гэта ваш майстар эпізоду». Такая была мая першая роля. Як сустрэлі акцёры? Новых жанчын у тэатры заўсёды ўспрымаюць насцярожана, а я ні на што не прэтэндавала. Дарогу нікому не пераходзіла.Таму адносіны з калегамі ў мяне былі добрыя.

Як вы лічыце, чаму Маслюк менавіта вас выбраў на ролю Агаф’і Ціханаўны ў гогалеўскай «Жаніцьбе»?

– А я да гэтага часу не ведаю. Валерый Васільевіч мне патэлефанаваў і сказаў: «Прачытайце «Жаніцьбу». Я прачытала і потым спытала яго: «Сваху буду іграць?» – «Не, Агаф’ю Ціханаўну». Я была ашаломлена. Якая я Агаф’я Ціханаўна? І толькі калі даведалася, што галоўную ролю будзе іграць Куляшоў (светлая яму памяць), я ўсё зразумела. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару ў добрым сярэднім узросце, якім асабліва патрэбна шчасце, больш чым маладым. Усё ў нас добра атрымалася. З гэтага спектакля і пачаўся адлік маіх вялікіх роляў. Некалі мне пра гэта сказаў мой педагог, выдатны артыст-купалавец Леанід Рыгоравіч Рахленка: «Вы будзеце іграць з узростам, калі ў вас ураўнаважацца знешнія і ўнутраныя дадзеныя». Так яно і атрымалася.

Яшчэ з адным выдатным партнёрам вам, мяркую, пашчасціла. Гэта Фёдар Іванавіч Шмакаў. Вы з ім ігралі ў «Несцерцы», «Праўда добра, а шчасце – лепш», «Ружа ў чыстым ролі»… У асобных пастаноўках ён выступаў і ў якасці рэжысёра…

– Фёдар Іванавіч – гэта наогул зорка планетарнага маштабу. І таму я яго нават крыху пабойвалася. Ён сам мне даручыў ролю Мальвіны, калі рабіў аднаўленне «Несцеркі». Потым ужо сустракаліся і пазнавалі адно аднаго ў пастаноўцы паводле Астроўскага. У нас была цудоўная фінальная сцэна. Як мы «купаліся» ў ёй: мы там і плакалі, і смяяліся, і танцавалі. З вялікай прыемнасцю ўспамінаю «Ружу ў чыстым полі». Я іграла сваячку выдатнага мастака. Мне цікава было пераўвасобіцца ў хітраватую яўрэйскую жанчыну з адметнай знешняй характарнасцю. Фёдар Іванавіч проста геніяльна іграў. Да гэтага часу памятаю ягоныя вочы, – чалавека, які ўжо адыходзіць з жыцця. Хутка і насамрэч гэта здарылася. Глядзіш на яго і быццам у нейкую прорву ўлазіш. Гэта шчасце, што разам з ім такія ролі іграла, і нават не таму, што іграла, а што побач з ім знаходзілася.

Дзякуючы Віталю Баркоўскаму вы пабывалі ў многіх краінах, на розных фестывалях, сустракаліся з цікавымі, нават знакамітымі людзьмі, напрыклад, з П’ерам Кардэнам, які высока ацаніў і вашу работу. Якія засталіся ўражанні ад гэтых спатканняў?

– Цікава было ўсюды. У Лондане я заўважыла, што адзін дзядуля трэці раз прыходзіць на нашы спектаклі. Я пацікавілася чаму. І ён адказаў: «Я не ведаў, хто такі Шагал і дзе знаходзіцца Беларусь. А цяпер ведаю, што ёсць такая краіна, ёсць такі горад Віцебск і там працуюць выдатныя артысты». У Нью-Йорку нават давялося пабываць у зале пасяджэнняў ААН. Было шмат незабыўных уражанняў…

– Мабыць, самая яскравая роля апошніх сезонаў і для вас, і для тэатра ў цэлым, – ваша Бабуля ў спектаклі «Пахавайце мяне за плінтусам». Яна прынесла вам некалькі важкіх узнагарод. Наколькі складана было працаваць над гэтым вобразам?

– Калі я ўпершыню даведалася, што ў тэатры будзе ставіцца гэты твор, то вельмі захацела працаваць у спектаклі. Я адчула, што гэта мой матэрыял, нават біяграфічна. Раптам падышоў да мяне Валерый Данілавіч Анісенка і прапанаваў паспрабаваць. Я нават заплакала, настолькі гэта супадала з маімі жаданнямі. І мне трэба было толькі паглыбіцца ў ролю і быць натуральнай. Магчыма, было крыху цяжка, бо ўсё ж такі дзве гадзіны на сцэне, трэба ўмець размеркаваць сябе нават фізічна. Але ўсё зрабілі як трэба. Цяжка іграць толькі апошнюю сцэну, дзе бабуля атрымлівае разрыў сэрца і памірае. Дзе б мы ні былі, ні ігралі, усюды мелі шалёны поспех. І вядомыя маскоўскія крытыкі ў Архангельску, і  тэатразнаўца Алег Півавараў, галоўны рэдактар часопіса «Театральная жизнь», паглядзеўшы наш спектакль, зазначылі, што зараз у Маскве актрысы так не іграюць – на разрыў сэрца і душы.

Які драматург, з якой эпохі вам унутрана бліжэй? І калі б не рэжысёру. а вам пашчасціла самой для сябе выбраць п’есу, ролю, што б вы выбралі?

– Мне бліжэй сучасная эпоха. Неяк не адчуваю сябе ні 18-м, ні ў 19-м стагоддзі. Мне цікавыя сучасныя гераіні. Напрыклад, графіня Растапчына, якую іграю ў «Афінскіх вечарах». Не зусім звыклая для мяне роля, яна ж дама шляхетнага паходжання, хоць ад яе шляхетнасці мала што засталося, бо дваццаць адзін год адбыла ў лагерах, але не зламалася. Іграю яе з вялікай прыемнасцю, гэтак жа як Бабулю ў «Белым анёле з чорнымі крыламі». З класічнага рэпертуару мне вельмі блізкая Карміцелька з «Рамэа і Джульеты». Сустрэча з рэжысёрам Валерыем Беляковічам – гэта асобная старонка ў маім жыцці. Штодзень ішлі рэпетыцыі па сем гадзін, і ніхто з артыстаў не пікнуў, бо ўсе знаходзіліся пад магіяй гэтага чалавека, пад уплывам яго таленту. З класічных аўтараў хацелася б сустрэцца з драматургіяй Астроўскага, не адмовілася б яшчэ раз сыграць даму купецкага паходжання.

Гутарыў Юрась Іваноўскі.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка