СЫШОЎ З ЖЫЦЦЯ БЕЛАРУСКІ КАМПАЗІТАР, АЎТАР МУЗЫКІ СПЕКТАКЛЯ «СЫМОН-МУЗЫКА» СЯРГЕЙ КАРТЭС
«Тэатральнасць – гэта проста неад’емная канстанта маёй творчасці», – сказаў у адным з інтэрв'ю Сяргей Альбертавіч Картэс. І гэта пацвярджалася не толькі тым, што ён быў аўтарам знакамітых опер «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», аднаактныя «Юбілей» і «Мядзведзь» па творах А. Чэхава, балета «Апошні Інка»… Не толькі высокай ацэнкай ягонай творчасці: ён меў званні заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і народнага артыста Беларусі… Не толькі працаю ў музычных частках Беларускім ЦЮГа, тэатра імя М.Горкага, у кінастудыі «Беларусьфільм», дырэктарам-мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь…
У драматычным тэатры Сяргея Картэса будуць памятаць у першую чаргу як вялікага кампазітара, аўтара таленавітай музыкі. У свой час ён шчыльна супрацоўнічаў з нашым, з Коласаўскім тэатрам. Асабліва з мастацкім кіраўніком, рэжысёрам Валерыем Мазынскім. Менавіта Сяргей Картэс з’яўляецца кампазітарам спектакляў «Сымон-музыка» паводле паэмы Якуба Коласа, «Кастусь Каліноўскі» Ул.Караткевіча. Без удзелу гэтыя пастаноўкі не мелі б таго шчырага нацыянальнага духу… Чыліец па бацьку, Сяргей Альбертавіч быў безумоўным беларусам у душы. Самааданым, самаахвярным, прасякнутым высокай творчасцю. Ён супрацоўнічаў з Віталём Баркоўскім пры пастаноўцы спектакля «На дарогах жыцця» паводле творчасці Якуба Коласа.
У 2013 годзе Сяргей Картэс напісаў музыку да спектакля «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёр – Міхась Краснабаеў.
«Ці ёсць у творчасці тэрмін прыдатнасці?» – спыталі ў кампазітара. «У сапраўднага няма, калі меркаваць паводле Баха. Я чытаў успаміны Рымскага-Корсакава. Ён напісаў, што было б добра, калі б яго памяталі яшчэ праз 20 год. Ён нават не казаў пра стагоддзі і пакаленнію І гэта была не гульня слоў».
Ёсць дакладная упэўненасць, што пра Сяргея Картэса будзе памятаць не адно пакаленне беларускіх кампазітараў, сапраўдным аматараў беларускай класічнай музыкі.
Добавить комментарий