СЫШЛА З ЖЫЦЦЯ ЗАСЛУЖАНАЯ АРТЫСТКА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ТАМАРА ШАШКІНА

У тэатр прыйшла сумная вестка. 18 чэрвеня на 87-м годзе жыцця ад нас пайшла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Рыгораўна Шашкіна. Амаль паўстагоддзя яна прысвяціла служэнню Коласаўскаму тэатру. З яе імем звязаны незабыўныя старонкі гісторыі нашага творчага калектыву.

У дзяцінстве будучая актрыса сапраўднага тэатра наогул не бачыла.Але пах, адчуванне сцэны адчула яшчэ тады, спрабуючы сябе ў школьнай самадзейнасці. І толькі пазней, у Мінску, дзе вучылася спярша ў політэхнічным, а потым у бібліятэчным тэхнікумах, пачала наведваць тэатры. Прыязджаў і славуты Коласаўскі. Менавіта тады яна ўбачыла спектакль «Несцерка», дзе ігралі такія карыфеі, як Ільінскі, Сяргейчык, Глебаўская. Менавіта тады выспела жаданне самой стаць актрысай. І яна паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі-інстытут, на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова, дзе вучыцца разам з Георгіем Дубавым, які неўзабаве стане яе мужам. У 1958 годзе па размеркаванню прыязджае ў Гродзенскі абласны драмтэатр. Там маладая актрыса іграла ўсе галоўныя ролі. Сярод іх – Маша ў «Трох сёстрах» Чэхава, Патрыцыя ў «Трох таварышах» па Рэмарку, Любоў у «Салдатах» Шаўрына. Але пераходзіцьу Віцебск на той час галоўны рэжысёр гродзенскай драмы Іосіф Папоў, і маладая пара рушыць за ім следам. Уся далейшая яе творчая біяграфія будзе звязана з коласаўскім тэатрам.

Першай роляй, сыгранай у Віцебску, была Нюрка ў «Дні вяселля» В.Розава. Спектакль карыстаўся ў гледача вялікім поспехам. Потым быў цэлы шэраг лірычных і вострахарактарных роляў: Агнічка («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Фінея з «Дурнічкі» Лопэ дэ Вэга, Беатрычэ са «Слугі двух гаспадароў» К.Гальдоні, Марына з «Улады цемры» Л.Талстога, Соф’я з «Зыкавых» М.Горкага, Марыля з «Бацькаўшчыны» К.Чорнага, Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія…» Б.Васільева), Травіна з «Лёнушкі» Л.Лявонава, Кэт («Семнаццаць імгненняў вясны» Ю.Сямёнава).

Маладыя няўрымслівыя гераіні змяніліся больш сталымі, умудронымі жыццёвым вопытам жанчынамі. І тут актрысе настолькі спатрэбіліся ўрокі Папова, які дапамагаў выканаўцу намацаць шлях да псіхалагічнага раскрыцця вобраза. Складаныя жаночыя характары, якія выяўляюцца ў драматычных, а часам і трагічных калізіях, увасобіла актрыса ў спектаклях «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (Цвяткова), «Трывога» А.Петрашкевіча (Манаева), «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (Маці), «Клеменс» К.Саі (Жамгулене), «Стары дом» А.Казанцава (Таісія Пятроўна).

У аўтарскім спектаклі Маслюка «Пад сонцам» яна іграла звар’яцелую настаўніцу.Яе гераіня страчвае розум пасля сынавага самагубства і не можа паверыць у незваротнае. Працягвае хадзіць на вясковы прыпынак (а раптам сыночак усё ж прыедзе?), працягвае гатаваць яго любімыя стравы. Жыве так, быццам ён ёсць.

І зусім іншая маці. З п’есы Камю «Непаразуменне» (рэжысёр Юрый Лізянгевіч), наймагутны творчы ўзлёт актрысы . Яна выдатна перадала душэўны стан гераіні, здолела яе ўзняць да антычных персанажаў, накшталт Медэі альбо Клітэмнестры.

Цяжка забыць гледачу яе Зою Сяргееўну з «Жыдоў горада Піцера» Стругацкіх – вострага, пранізлівага спектакля Барыса Эрына, пастаўленага напярэдадні жнівеньскага путчу ГКЧП. Яе гераіня – жанчына з тонкай душой, прыродным пачуццём годнасці, больш маўчыць на працягу спектакля, але за гэтым хаваецца яе высакароднае супраціўленне хунце ў любым абліччы.

Шэраг цікавых вобразаў стварыла актрыса і ў спектаклях Віталя Баркоўскага. Сярод іх – Клеапатра Пятроўна ў «Плошчы Перамогі» Алены Паповай –самаахвярная жанчына, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла мужу-афіцэру, захаваўшы памяць пра яго былыя подзвігі, місіс Уайр з п’есы Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў», якая пакутліва змагаецца з адзінотай і марна спрабуе стаць для Пісьменніка маці.

Апошняй вялікай роляй для Тамары Рыгораўны стала Лідзія Васільеўна ў «Старамоднай камедыі» Аляксея Арбузава, былая цыркавая артыстка, а цяпер пацыентка санаторыя, дзе яна сустрэла ў асобе ўрача сваё апошняе каханне. Гэта быў бенефісны спектакль, пастаўлены адмыслова да яе 75-годдзя заслужаным артыстам РБ Вячаславам Грушовым. У гэтым вобразе спалучаліся і лірызм, і жаночая, чалавечая кранальнасць, і тонкі разумны гумар. А яшчэ была ў спектаклі тая настальгія, туга па артыстах ды тэатру мінулых часоў, якія ўжо сталі гісторыяй.

Трэба заўважыць, што ў жыцці Тамара Рыгораўна была інтэлігентным, далікатным, чулым чалавекам.А яшчэ вельмі добрай гаспадыняй. Дзверы яе дома былі заўсёды гасцінна адчыненымі. А яшчэ яе адрознівала моцная, амаль фанатычная любоў да сына Генадзя.

Памяць пра Тамару Рыгораўну Шашкіну назаўсёды застанецца ў сэрцах яе калег і ўсіх удзячных гледачоў.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка