«СТУДЭНЦКІ ВЕЧАР» - НОВЫ ПРАЕКТ ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА

1 лістапада Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачаў новы праект «Студэнцкі вечар».
Яго галоўная задача – прывабіць да тэатральнага мастацтва сучасную віцебскую моладзь, распавесці ім пра высокае мастацтва Коласаўскага тэатра, пра яго гісторыю, пра людзей тэатра, якімі ганарыцца Віцебск і ўся Беларусь. Ініцыятарам праекту выступіла адзін з найбольш актыўных распаўсюджвальнікаў квіткоў Соф'я Пятроўна Мулер.
Першымі далучыліся да праекту студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Для іх быў паказаны спектакль «Шагал… Шагал…». Але гэтым праект з коласаўцамі, вядома, не абмежаваўся.
Перад спектаклем адбылося адкрыццё выставы жывапісу і скульптуры «Чароўны ліхтар кахання» маладой мастачкі Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай , якая працуе ў тэатры мастаком-дызайнерам і з’яўляецца выпускніцай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яна - вучаніца выдатнага віцебскага скульптара і жывапісца Аляксандра Слепава. На яе рахунку ўжо не адна персанальная экспазіцыя ў Віцебску, Мінску, Оршы, удзел у шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, конкурсаў у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Будапешце. Наталля робіць упэўненыя крокі і ў галіне сцэнаграфіі: яна аформіла спектаклі «Самая жаданая» Сяргея Гіргеля і «Агнявы Леў» Андрэя Кружнова. Цёплыя словы пра мастачку выказаў кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі і народная артыстка Беларусі Святлана Акружная.
Пасля адкрыцця выставы для студэнтаў была арганізавана экскурсія пра гісторыю і сучасны стан Коласаўскага тэатра. Яе правёў літаратурны рэдактар тэатра, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі.
Непасрэдна напярэдадні спектакля сваімі думкамі пра значэнне тэатральнага мастацтва для моладзі, у прыватнасці для студэнтаў ВДТУ, падзялілася з прысутнымі дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, кандыдат філасофскіх навук Вольга Іванаўна Уткевіч.
Пра сутнасць і гісторыю спектакля «Шагал... Шагал...» расказала загадчык трупы Святлана Дашкевіч, якая доўгі час служыла на пасадзе кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі тэатра і прымала ўдзел у стварэнні пастаноўкі.
Праект «Студэнцкі вечар» меў паспяховы пачатак, а значыць - будзе жыць!
Чакаем далучэння іншых вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Віцебска.
Добавить комментарий