СТАТУС «НАЦЫЯНАЛЬНЫ» ПАЦВЕРДЖАНЫ!

У 2001 годзе нашаму тэатру імя Якуба Коласа быў прысвоены ганаровы статус «нацыянальны». Так быў адзначаны яго вялікі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры, выдатныя дасягненні ў мастацтве, высокі мастацкі ўзровень і адпаведныя творчыя паказчыкі. І сапраўды, Коласаўскі тэатр – гэта калектыў з вялікай, багатай гісторыяй, многія яго дзеячы ўпісалі свае імёны ў скарбонку беларускага мастацтва. Але не толькі мінулым мы можам ганарыцца, але і сучаснасцю. Коласаўскі – гэта, як кажуць зараз, вядомы ў краіне мастацкі брэнд, альбо, як сказалі б раней, знак якасці. У 2001 годзе, ды і цяпер, наш тэатр мае моцную трупу, у яго складзе два народныя артысты Беларусі, шэсць заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь, некаторыя з акцёраў узнагароджаны ордэнам ці медалём Францыска Скарыны. Коласаўскі тэатр ведаюць далёка за межамі Беларусі, ён часта выступае на прэстыжных міжнародных фестывалях, бывае на замежных гастролях.
Кожныя пяць год, згодна з артыкулам 246 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, тэатральна-відовішчная арганізацыя, якой прысвоены статус «нацыянальны», пацвярджае яго. Пры гэтым улічваюцца розныя паказчыкі. Напрыклад, удзел калектыву ў розных культурных мерапрыемствах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню (фестывалі, выставы, прэзентацыі, лабараторыі, форумы і г.д), атрыманыя на іх узнагароды. За 2015–2019 гады гэта VI Міжнародны фестываль камерных і монаспектакляў «LUDI» (Арол, Расія), дзе быў паказаны спектакль «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева. Дыплом лаўрэата фестывалю ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» за ролю Бабулі атрымала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова. Спецыяльны прыз журы ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану» за ролю Дзеда дастаўся вядучаму майстру сцэны Пятру Ламану. Спецыяльны прыз журы ў намінацыі «Надзея сцэны» за ролю Сашы Савельева аказаўся ў артыста Рамана Салаўёва. Дыплом лаўрэата ў намінацыі «Лепшая работа мастака» па версіі маладзёжнага журы атрымаў мастак-пастаноўшчык спектакля Андрэй Жыгур. У тым жа 2016 годзе на VII Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «АртОкраина» (Санкт-Пецярбург, Расія) спектакль «Гэта ўсё яна» А.Іванова названы лаўрэатам у намінацыі «Лепшы спектакль».
Апрача таго, пры пацвярджэнні статуса, улічваецца пастаяннае абнаўленне рэпертуару, у тым ліку п’есамі беларускіх аўтараў. За апошнія пяць год у рэпертуары тэатра з’явіліся пастаноўкі спектакляў па творах Якуба Коласа, Яна Баршчэўскага, Францішка Аляхновіча, Аляксея Дударава, Сяргея Гіргеля.
Улічваюцца і дзяржаўныя ўзнагароды, якія атрымалі за гэты перыяд дзеячы коласаўскага тэатра. Так, у 2016 годзе ганаровыя званні «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» былі прысвоены вядучым майстрам сцэны Галіне Букацінай і Віктару Дашкевічу, а медаль Францыска Скарыны атрымаў вядучы майстар сцэны Пятро Ламан.
Такім чынам, днямі выйшла Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, згодна з якой высокі статус «нацыянальны» Коласаўскаму тэатру пацверджаны. З гэтай прыемнай падзеяй мы віншуем увесь коласаўскі калектыў, а таксама ўсіх прыхільнікаў нашага тэатра, нашых любімых гледачоў.
Добавить комментарий