СПЕКТАКЛЬ «ВАЎКАЛАК» ПАКАЗВАЮЦЬ У МАСКВЕ, У ДЗЕЛАВЫМ І КУЛЬТУРНЫМ КОМПЛЕКСЕ АМБАСАДЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ У РАСІЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ

11 лютага, у 19:00, у Дзелавым і культурным комплексе Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (г.Масква, вул.Марасейка, д.17/6) у межах святкавання Дня роднай мовы адбудзецца паказ спектакля «Ваўкалак» па матывах аднайменнага аповеда з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня».

 

Першы раз рэжысёр Ірына Цішкевіч звярнулася да творчасці Яна Баршчэўскага вясной 2018 года, падчас праекта віцебскіх тэатраў «Казкі для сталых» да Міжнароднага дня тэатра, які ажыццяўляўся на сцэне Цэнтра культуры «Віцебск». Тады яна ўзяла для сцэнічнай чыткі аповед «Пра чарнакніжніка і пра змея, які вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем».

Жанр спектакля «Ваўкалак» – шлях навяртання.

 

Стары чалавек успамінае сваё мінулае. Ён быў юнаком і кахаў Алёну. Тады і яна прыгрэлася да яго. Але з'явіўся слуга пана Ілля, зруйнаваў прыгожую гісторыю жаданнем валодаць і сілай узяў Алёну ў жонкі. Смутак ахапіў галоўнага героя. А на сваім вяселлі Ілля плаціць Арцёму, каб той прапанаваў нешчасліваму юнаку выпіць загаворанай гарэлкі. Моцная крыўда і атрута нараджаюць у юнака жаданне помсты. І вочы яго пачынаюць гарэць па-ваўчынаму. І людзі палохаюцца. А сам ён ператвараецца ў ваўкалака – звера, пярэваратня, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць страх на былых аднавяскоўцаў.

Няма ваўкалаку супакою, атручаны ён нянавісцю да людзей, якія зрабілі яго няшчасным. Ён спрабуе здаволіць нянавісць злымі ўчынкамі – крадзе маленькую Ганну, дачку Арцёма, і пакідае яе адну ў лесе. Але помста не прыносіць палёгкі, а прыводзіць да глыбокай роспачы. Ваўкалак шкадуе пра зробленае, і пакута, разуменне каштоўнасці дабра дае яму шанец да выратавання. Ад людзей ён чуе пра чараўніцу Аксінню, якая ўмее ператвараць людзей у звяроў і назад. Каля хаты Аксінні сустракаецца з ужо сталай Ганнай, няшчаснай ад таго, што ваўкалак некалі ўкраў яе ў бацькоў. І ўрэшце ён прызнае, што «сам сябе зрабіў ваўкалакам». Юнак робіцца на шлях навяртання – вяртання да чалавечага жыцця, якое амаль страціў.

 

Разам з Ірынай Цішкевіч спектакль «Ваўкалак» на камернай сцэне тэатра стваралі мастак-сцэнограф Юлія Карымава і харэограф Дзіяна Юрчанка. У спектаклі ярка задзейнічаны беларускі фальклор. Прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы і, вядома, аўтэнтычныя песні ў апрацоўцы вядомага беларускага этна-трыа «Троіца» (кіраўнік Іван Кірчук).

У спектаклі заняты артысты тэатра: кавалеры медаля Францыска Скарыны Пётр Ламан і Юрась Цвірка, уладальнік прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная кветка» Святлана Жукоўская, Раіса Грыбовіч, Дзмітрый Каваленка, Ульяна Ацясава, Яўген Бераснеў, Алёна Чыстабаева. У Маскве ў сваім спектаклі іграе і сама Ірына Цішкевіч.

 

Ірына Цішкевіч:
«Мы хочам расказаць гледачу, як чалавек, юнак робіцца зверам. Што яго робіць зверам і як потым вярнуцца ў стан чалавека. Усе людзі спрадвечна добрыя. Проста так часам складаюцца абставіны, што мы дазваляем крыўдзе перарасці ў помсту. Наш ваўкалак таксама добры, але ён стаў зверам таму, што для гэтага была добрая глеба, зерне зла прарасло і адбылося пераўвасабленне. Увесь спектакль герой спрабуе зразумець, чаму так адбылося. Спрабуе помсціць, але гэта не выйсце. І напрыканцы разумее, што ачысціць сябе можа толькі ён сам».

Юрась Цвірка:
«Самае галоўнае, што атмасфера гэтага спектакля ахінае, як туман. Спадзяюся, што і гледачу спадабаецца. І нешта ваўкалацкае застаецца ў душы на ўсё жыццё. Я з асалодай успамінаю працу над спектаклямі «Макбет», «Шагал... Шагал...», і спадзяюся, што буду гэтак жа ўспамінаць і «Ваўкалака».

 

Святлана Жукоўская:
«Вялікае дзякуй Івану Іванавічу Кірчуку! Ён такая велічыня, асоба, але няма нічога наноснага. Узяў нас у сваю аўру. Ён шмат гадоў збіраў песні па ўсёй нашай Беларусі. Я думаю, што для тэатра гэты спектакль вельмі знакавы. І веру, што мы яшчэ па свеце паездзім і раскажам пра нашу родную Бацькаўшчыну. Бо без яго мы ніхто».

Пятро Ламан:
«Песень, якіх паказаў нам Іван Кірчук, ніхто не ведае. І такую аўтэнтычную манеру выканання таксама. Ён запісвае так, як спяваюць. А ў нашым спектаклі гэтыя песні, адабраныя рэжысёрам, самі па сабе ствараюць драматургію, інтрыгу».

Алесь Замкоўскі, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі тэатра:
«Ірына Цішкевіч вяртае нас у аўтэнтычны эксперыментальны коласаўскі варыянт камернай сцэны. Для таго, каб людзі, якія прыходзяць у вялікую залу, прыходзілі і на камерныя спектаклі. І зразумелі, што тэатр – гэта не толькі забаўка, відовішча, але акт мастацтва, які нясе ў сабе вялікі сэнс, глыбокую думку. Каб прыходзілі не толькі выліць, аддаць эмоцыі, але набраць і падтрымаць іх у сабе».

У 2020 годзе спектакль «Ваўкалак» стаў лаўрэатам у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы» на VII Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» (Смаленск, Расія).

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка