ШТО ЧАКАЕ ГЛЕДАЧОЎ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА Ў ЛІСТАПАДЗЕ?

Апошні месяц восені. Вельмі прыгожая пара, спрыяльная для прагулак, для вандровак на прыродзе, хоць і адчуваюцца першыя маразы, хуткае набліжэнне зімы. І ў гэты час асабліва прыемна правесці вольны час у цёплай, утульнай атмасферы тэатра, сустрэцца з любімымі акцёрамі, з героямі спектакляў. Прэм’еры, гастролі творчых калектываў з Беларусі і Расіі – усё гэта вас чакае ў лістападзе на коласаўскіх сцэнах! Так што спяшайцеся за квіткамі.
1 лістапада (19:00) вы ўбачыце спектакль «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» - меладраму па аднайменнай аповесці Эрыка Сігала.

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Барэта (Дзмітрый Філімоненкаў) да Джэніфер Кавілеры (Дар’я Французава). Ён – паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера (уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) і стаць самастойным. Яна – дачка беднага італьянскага эмігранта (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...
Працягласць спектакля – 1 гадзіна 40 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах kvitki.by, ticketpro.by і 24afisha.by.
2 лістапада (18:00) запрашаем на бенефіс народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, уладальніка ордэна Францыска Скарыны Тадэвуша Кокштыса, прымеркаваны да яго 90-годдзя. У першай палове вечара вы ўбачыце трагіфарс «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага, у якім юбіляр выйдзе на сцэну ў ролі Князя.

Мар’я Маскалёва (Ніна Обухава) імкнецца вырвацца з шэрага жыцця ў правінцыйным гарадку, трапіць у далёкую прывабную сталіцу і адначасова хоча ўладкаваць выгаднае замужжа для сваёй вытанчанай дачкі Зіны (Дар’я Французава). Нечакана ў горадзе з'яўляецца багаты і ўплывовы Князь (народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс). Толькі ж вельмі шаноўнага ўзросту! Акрамя таго, на руку і сэрца Зіны прэтэндуе малады, але зусім не паспяховы Павел Мазглякоў (Аляксей Анісеня). Маскалёва зробіць усё магчымае, каб выйграць латарэю лёсу і атрымаць шчаслівы квіток у новае жыццё. Але ці атрымаецца?
Пасля спектакля адбудзецца ўрачыстае віншаванне з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, віцебскіх абласных і гарадскіх улад, шаноўных гасцей.
Працягласць спектакля - 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах kvitki.by, ticketpro.by і 24afisha.by.
3 лістапада (12:00) запрашаем дзяцей і іх бацькоў далучыцца на камернай сцэне да вясёлай казкі-гульні «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

Гэтая казка-гульня пра тое, што галоўнае ў сямейных адносінах – дабрыня і давер. Спачатку Воўк (Аляксей Анісеня / Цімур Жусупаў) хацеў з’есці маленькае Цяля (Яўген Бераснеў), а потым стаў яго бацькам, а значыць – стварыў сям’ю, якая можа стаць прыкладам для хітрай Лісы (Вольга Куляшова / Вікторыя Шамардзіна) і дурнога Дзіка (Міхаіл Асанаў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка / Дзмітрый Філімоненкаў).
Працягласць спектакля - 1 гадзіна без антракту. Узроставае абмежаванне – 0+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
3 лістапада (18:00) запрашаем на паказ спектакля «САНЯ, ВАНЯ, З ІМІ РЫМАС» – жыццёвай меладрамы на 2-е дзеі па п’есе Уладзіміра Гуркіна, якая паказваецца на камернай сцэне.

Лёсы трох сясцёр з далёкай уральскай вёскі пераплеценыя паміж сабой. Яны разам працуюць, выхоўваюць дзяцей, жартуюць і спяваюць бяседныя песні... Спадзяюцца, што навала Вялікай Айчыннай вайны не кране іх... Бяда прыходзіць нечакана, калі на Івана (Раман Волат / Цімур Жусупаў), мужа Аляксандры (Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна), і на Пятра (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), мужа Соф’і (Ніна Обухава), піша данос старшыня калгаса. Папярэджвае пра гэта мясцовы міліцыянер Рымас Паціс (Вадзім Асвяцінскі / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Кармільцам толькі адна дарога – на фронт дабравольцамі, каб там бараніць сваіх каханых і родных.
Працягласць спектакля - 1 гадзіна 40 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
6 лістапада (19:00) вы зможаце ўбачыць на камернай сцэне міні-серыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock’n’roll на захадзе сонца».

…Яна (Святлана Жукоўская) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату… І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае. У спектаклі шмат музыкі, класічны рок-н-рол танчаць як маладыя выканаўцы (Ілля Блыкін, Дар’я Французава), так і артысты сталага веку.
Працягласць спектакля – 1 гадзіна 15 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне – 12+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
8 лістапада (12:00) запрашаем юных гледачоў і іх бацькоў на камерную сцэну паглядзець спектакль «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Цімур Жусупаў) знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў) сабе на здабычу, але стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Рэч у тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Міхаіл Асанаў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка / Дзмітрый Філімоненкаў) і надзвычай чуллівая Козачка (Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. А якой яна атрымаецца ў выніку – залежыць ад вас!
Працягласць спектакля - 1 гадзіна без антракту. Узроставае абмежаванне – 0+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
8 лістапада (19:00) вы зможаце патрапіць на прэм’ерны спектакль – ваенную драму на 2-е дзеі «СОТНІКАЎ» паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Люты 1942-га. Беларусь. Вялікая Айчынная вайна. Двое партызан – Барыс Сотнікаў (Яўген Бераснеў) і Мікалай Рыбак (Дзмітрый Філімоненкаў) – па заданні камандзіра атрада ідуць шукаць правізію ў бліжэйшыя вёскі. Пасля перастрэлкі з паліцаямі яны трапляюць у палон да фашыстаў. Для хворага, параненага Сотнікава і больш прыстасаванага да жахлівай ваеннай рэальнасці Рыбака ўзнікае маральны выбар. Яны павінны скарыцца перад гітлераўскай машынай або годна змірыцца са смерцю і такім чынам атрымаць незалежнасць ад ворагаў. У бесчалавечных абставінах вайны адказаць на пытанне вымушаны не толькі байцы, абавязаныя прысягай перад Радзімай, але і простыя людзі – бацька чырвонаармейца, стараста вёскі Пётра Качан (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), маці чацвярых дзетак Дзёмчыха (Ніна Обухава), дзяўчынка Бася (Дар’я Французава)...
Спектакль прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю Васіля Быкава.
Працягласць спектакля - 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне – 16+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, ticketpro.by і 24afisha.by.
9 лістапада (12:00) запрашаем дзяцей і іх бацькоў паглядзець на камернай сцэне рамантычную казку «УСЕ МЫШЫ ЛЮБЯЦЬ СЫР» па п’есе Дзьюлы Урбана.

Галоўныя героі казкі — два вясёлыя мышаняты Фружы (Святлана Сухадолава / Алёна Чыстабаева) і Шома (Міхаіл Асанаў / Раман Волат). Яны маглі б сябраваць і гора не ведаць, але перад імі ўзнікае сур'ёзная перашкода: Фружы – белага колеру, а Шома — шэрага. Гэта розніца бачна ўсім, і асабліва – бацькам герояў, якія бясконца спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. Але да шчасця, на дапамогу мышанятам прыходзіць Ізольда, Вялікая Чараўніца-Кошка (Ульяна Ацясава / Святлана Жукоўская / Вольга Куляшова). У фінале гісторыі ўсё ўстае на свае месцы, і героі знаходзяць шчасце. Бо насамрэч колер не важны, а важна, што ўсе мышы, без выключэння, любяць сыр!
Працягласць спектакля - 1 гадзіна без антракту. Узроставае абмежаванне – 0+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
9 лістапада (18:00) вы зможаце годна ацаніць новае бачанне выдатнай трагедыі Уільяма Шэкспіра «ГАМЛЕТ».

Неверагодна напружаная па сюжэце гісторыя пра маладога прынца Дацкага (Аляксей Анісеня), які помсціць за смерць бацькі. Ён жадае справядлівасці – ад дзядзькі, сённяшняга караля Клаўдзія (Яўген Бераснеў) і ад маці Гертруды (Святлана Сухадолава), якая стала жонкай Клаўдзія, праз два месяцы пасля забойства мужа. Спектакль задае пытанні, на якія гледачы могуць самі знайсці адказы. Ці сапраўды Гамлет кахае Афелію (Ксенія Камінская)? Магчыма, здань бацькі прынца – толькі правакатар свайго сына? Гамлет сапраўды звар’яцеў ці з’яўляецца ўдалым маніпулятарам сітуацыі, каб паспяхова ажыццявіць план помсты?
Рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Бармак і артысты Коласаўскага тэатра па-свойму раскрываюць таямніцу Гамлета і прапануюць уласнае разуменне геніяльнай трагедыі, сённяшняе даследаванне сутнасці чалавека.
Працягласць спектакля – 2 гадзіны 30 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, ticketpro.by і 24afisha.by.
Узаемаадносіны мужчыны і жанчыны – адна з галоўных тэм літаратуры і тэатра. У драматычнай камедыі «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе знакамітага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана» з кожнай карцінай атмасфера напаляецца ўсё мацней. Чакаем гледачоў 10 лістапада, у 18:00.

Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна). Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?
Працягласць спектакля - 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, 24afisha.by, ticketpro.by.
13 лістапада (19:00) запрашаем на камерную сцэну на музычны вечар «ДУШЕВНЫЙ РАЗГОВОР».

Калі чуеш песню, то ўзгадваеш нейкія моманты са свайго жыцця, месцы, дзе калісьці быў, ці знаёмых людзей. Свет пастаянна мяняецца, а песні і звязаныя з імі ўспаміны застаюцца.
Падчас музычнага вечара «Душевный разговор» ва ўтульнай атмасферы камернай сцэны гучаць вядомыя песні, артысты-коласаўцы распавядаюць пра іх цікавыя гісторыі, дзеляцца асабістымі ўспамінамі, жартуюць... «Ты у меня одна», «Не исчезай...», «На Тихорецкую», «У природы нет плохой погоды»... І самае галоўнае, што ўсім вядомыя песні яднаюць, адкрываюць блізкасць паміж людзьмі, нараджаюць пачуццё супольнасці. Гэта ж так каштоўна – адчуваць сябе разам з песняй, з калегамі, са шчырымі гледачамі!
У спектаклі занятыя Аляксей Анісеня, Ульяна Ацясава, Яўген Бераснеў, Святлана Жукоўская, Ксенія Камінская, Ніна Обухава, Святлана Сухадолава, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка.
Працягласць вечара – 1 гадзіна 10 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне – 12+.
Набыць квіткі можна ў касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by.
16 лістапада (18:00) запрашаем гледачоў атрымаць асалоду ад «лёгкага жанру». Вашай увазе прапанавана камедыя «МАЯ ЖОНКА – ПАДМАНШЧЫЦА» па п’есе Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена.

Уільям Гарысан (Ілья Блыкін / Цімур Жусупаў) – добры, надзейны муж, які марыць займець дзіця. І самы вялікі ягоны недахоп – нястрымнае пачуццё рэўнасці. Ягоная жонка Кэці (Вікторыя Шамардзіна) думае толькі пра забавы і бесклапотнае жыццё і аднойчы ўтойвае ад мужа, што снедала ў рэстаране з сябрам сям’і Джымі Скотам (Яўген Бераснеў). Уільям мог бы не заўважыць такую дробязь, але ж Кэці хлусіць яму пастаянна. Пасля чарговага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай Мэджы Скот (Святлана Сухадолава)…
Працягласць спектакля - 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, 24afisha.by.
17 лістапада (18:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць трагікамедыю «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева.

Спектакль апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці (Ніна Обухава), якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…
Працягласць спектакля – 2 гадзіны 20 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператараў квіткоў kvitki.by, 24afisha.by, ticketpro.by.
19 і 20 лістапада на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Камернага драматычнага тэатра (г.Мінск) - тэатральнай лабараторыі Наталіі Башавай.
19 лістапада (19:00) вы зможаце паглядзець лірычную камедыю «МУЖЧИНА В ПОДАРОК» па п'есе вядомага расійскага драматурга Аляксандра Галіна «Сірэна і Вікторыя».

Невыпадкова сустракаюцца дзве гераіні. Сірэна — паспяховая бізнес-лэдзі. Вікторыя — сціплая настаўніца англійскай мовы. Невыпадкова Вікторыя расказвае Сірэне пра тое, што разышлася з мужам. Сірэна запрашае для Вікторыі мужчыну па выкліку. Невыпадкова адна няправільна набраная лічба на тэлефоне вырашае ўсё і... тут пачынаецца самае цікавае! З'яўляецца сучасны доктар астранамічных і фізіка-матэматычных навук, які падзарабляе стрыжкай сабак. Вось так на сцэне сустракаюцца тры адзінокія чалавекі. І пры такой сустрэчы, вядома, павінен здарыцца цуд.
Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
20 лістапада (19:00) запрашаем паглядзець трагікамедыю «ЕХАЙ!» па п’есе Ніны Садур.

Аднойчы, у сцюдзёную зімовую пару, чалавек, які страціў не толькі сябе, але і сэнс жыцця, просты экскаватаршчык, выйшаў на чыгуначныя шляхі, каб легчы на рэйкі і назаўжды сысці з гэтага свету. Але так проста жыццё яго не адпусціла...
Спектакль «Ехай!» прымусіць задумацца кожнага. Пераплятаюцца лёсы трох людзей, якія думаюць пра жыццё пад рознымі вугламі, якія ўсімі сіламі спрабуюць зразумець меркаванне суразмоўцы. У кожнага ёсць свае праблемы і прычыны рухацца далей. У рэшце рэшт з трох меркаванняў складаецца адна агульная карціна свету, дапоўненая кожным з герояў. І ўсё гэта адбываецца пасярод поля ля чыгуначных шляхоў, што, безумоўна, таксама дадае сваю атмасферу.
Узроставае абмежаванне – 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
23 лістапада (19:00) запрашаем паглядзець камедыю масак «НІБЫТА ХВОРЫ» па п’есе класіка французскай драматургіі Жана-Батыста Мальера.

Галоўны герой, спадар Арган (Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў) лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе і ці хворы ўвогуле – ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна (Раіса Грыбовіч / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) хоча завалодаць багаццем мужа, а падчарку аддаць у манастыр. Арган жа збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка (Ксенія Камінская / Дар’я Французава) закаханая зусім у іншага юнака (Дзмітрый Філімоненкаў), які адказвае ёй узаемнасцю. Дапамагчы маладым стаць шчаслівымі бярэцца служанка Туанэтта (Вікторыя Шамардзіна). Ці атрымаецца гэта ў яе?.. Глядзіце спектакль і даведаецеся!
Працягласць спектакля - 1 гадзіна 40 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
альбо на сайце kvitki.by.
24 лістапада (18:00) запрашаем вас на камерную сцэну, дзе адбудзецца першая прэм’ера новага 99-га сезона – музычна-паэтычны вечар «МУЗЫКАЛЬНЫЙ ВЕРНИСАЖ».

Артысты заўсёды з радасцю размаўляюць з гледачамі пра каханне, сяброўства, пра самыя светлыя пачуцці. І дапамагаюць у гэтым вершаваныя радкі і песні. Яны шчыра натхняюць, даюць магчымасць часцей усміхацца, ствараюць цудоўны настрой на доўгі час. А таксама абуджаюць у нашых сэрцах нешта новае, нязведанае і абавязкова шчаслівае.
«Оттепель», «Пусть дни проходят…», «Город влюблённых людей», «Маленький принц»… Гэтыя і іншыя добра вядомыя песні па-мастацку натхнёна выканаюць артысты-коласаўцы для сваіх любімых гледачоў.
Ідэя і пастаноўка «Музыкального вернисажа» Святланы Жукоўскай, уладальніцы прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка». Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка. Музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Канцэртмайстар па класе вакалу Алена Парфёнава.
У вечары прымаюць удзел Аляксей Анісеня, Ульяна Ацясава, уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» Святлана Жукоўская, Святлана Сухадолава, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка.
Працягласць – 1 гадзіна. Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
30 лістапада (18:00) на коласаўскай сцэне выступяць вядомыя расійскія артысты тэатра і кіно ў навагодняй раматычнай камедыі «НОВОГОДНЕЕ ЧУДО В БОЛЬШОМ ГОРОДЕ» па п’есе Ірыны Ермаковай.

Здаецца, што снежань яшчэ далёка. Але навагодні настрой ужо лунае ў паветры. І дапамогуць яго адчуць расійскія артысты тэатра і кіно. Смешны і чуллівы спектакль, які прымусіць вас паверыць у цуд! І не пакіне абыякавым аматараў рамантыкі і гарадскіх казак.
Філолаг, эксперт па рускіх народных паданнях і міфах, жыве сваім спакойным звычайным жыццём, у якім усё раскладзена па палічках: жаніх, дысертацыя, тэлевізар, халадзільнік... Усё як ва ўсіх – нудна і штодзённа. Ні прыгод, ні жаночага шчасця. Але жыццё прымае зусім нечаканы зварот, калі на парозе з’яўляецца нечаканы госць з гаваркім прозвішчам Аляксей Паповіч.
Шэраг вясёлых і чароўных падзей прапануе гераіні перагледзець планы на сваё жыццё і не здзейсніць галоўнай памылкі – «выйсці за нялюбага». Гэта цудоўная казка пра вялікае каханне, лёс і розныя погляды на жыццё.
У ролях:
– Яўгенія Восіпава (галоўныя ролі ў фільмах «Даярка з Хацапетаўкі», «Кухня», «Зачыненая школа», «Адбітак кахання», «Цана маўчання», «Свята пабітых сэрцаў»)
– Аляксандр Мартынаў (галоўныя ролі ў серыялах «Універ», «Умоўны мент», «Мянтоўскія войны», «Вуліцы пабітых ліхтароў»)
– Раман Шумілаў (галоўныя ролі ў фільмах і серыялах «Чужы твар», «УГРА. Простыя хлопцы», «Забойная сіла»)
– Вера Буянава (галоўныя ролі ў фільмах «Мільён біткойнаў для каханай», «Целаахоўніца», «Любоў неспадзявана наляціць»)
– Кірыл Запарожскі (галоўныя ролі ў «фільмах Любоў і трошкі пламбіру», «Падольскія курсанты», «Рэзкі густ кахання»)
Працягласць спектакля – 2 гадзіны з антрактам. Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў kvitki.by.
Чакаем вас на нашых спектаклях!


















Добавить комментарий