ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ НАРОДНЫ АРТЫСТ БЕЛАРУСІ ГЕНАДЗЬ ГАРБУК

7 лютага з Мінску прыйшла сумная вестка. Пайшоў з жыцця адзін з самых вядомых нацыянальных акцёраў, народны артыст рэспублікі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР, прэміі «За духоўнае адраджэнне» Генадзь Міхайлавіч Гарбук.

Цягам доўгага творчага жыцця ён стварыў вялікую галерэю непаўторных, па-майстэрску распрацаваных, па-чалавечы прыцягальных вобразаў як у тэатры, так і ў кіно, на радыё і тэлебачанні. Гэта была магутная асоба, маючы на ўвазе маштаб яго акцёрскай індывідуальнасці, і разам з тым вельмі сціплы і прыстойны чалавек.

Мы сёння ўшаноўваем яго памяць яшчэ і таму, што ён наш выдатны зямляк, ураджэнец вёскі Глыбачка, што на Ушаччыне. А таксама таму, што свой творчы шлях ён пачаў у 1958 годзе на коласаўскай сцэне пасля заканчэння акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе вучыўся разам з іншымі вядомымі нашымі майстрамі – народнымі артыстамі Беларусі Георгіем Дубавым і Тадэвушам Кокштысам, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Тамарай Шашкінай (курс народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова).

За чатыры віцебскія сезоны Генадзь Гарбук сыграў многа роляў. Назавем некаторыя з іх: Аляксей («Пад адным небам» А.Маўзона), Дамінік («Наследнікі Рабурдэна» Э.Заля), Іван Тарабанаў, салдат («Гора баяцца – шчасця не ўбачыць» С.Маршака), Ленчык («Сяржант міліцыі» І.Лазуціна), Лявон («Крыніцы» І.Шамякіна), Джон Бэгтры («Лэдзі і джэнтльмены» Л.Хелман), Тукала («Навальніца будзе» А.Звонака паводле трылогіі «На ростанях» Я.Коласа), Косця Зубок («Справа яе жыцця» А.Гутковіча). Але самай значнай работай прынята лічыць вобраз Юркі ў спектаклі «Лявоніха» па п’есе П.Данілава.

Той пачатковы і дастаткова плённы для артыста перыяд, які прайшоў у Коласаўскім тэатры, стаў добрым падмуркам для далейшай яго працы ў сталічным Купалаўскім. Генадзя Гарбука запрасіў сам Барыс Платонаў. Гарбук вырас у магутнага акцёра, пра што гавораць такія вобразы, як Васіль Дзятлік («Людзі на балоце»), якога ён сыграў спярша у тэлеспектаклі (Дзяржаўная прэмія БССР), потым на радыё і затым у тэатры, Кэлін («Святая святых» І.Друцэ), Акцёр («На дне» М.Горкага), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Андрэй Буслай, Гастрыт, Дзерваед («Парог», «Вечар», «Радавыя» А.Дударава), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Манілаў («Чычыкаў» па М.Гогалю), Дзед Курыла («Сымон-музыка» Я.Коласа), Ціхан Пратасавіцкі («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча) і многія іншыя.

Артыст зняўся больш чым у 70 кінастужках і серыялах. Але самы вялікі поспех прынесла яму роля Петрака ў фільме «Знак бяды» паводле Васіля Быкава. Партрэт Генадзя Гарбука знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі, што гаворыць пра яго вялікі ўнёсак у сусветнае кінамастацтва.

Пайшоў з жыцця сапраўды народны артыст, народны ад сваіх каранёў, які ў шэрагу работ, дзякуючы свайму веданню жыцця, адчуванню праўды і творчай інтуіцыі насамрэч стварыў нацыянальны беларускі тып. Памяць пра яго будзе жыць у сэрцах усіх сапраўдных беларусаў, усіх сапраўдных прыхільнікаў тэатра.

Развітанне з Генадзем Гарбукам
адбудзецца на купалаўскай сцэне
9 лютага а 10-й гадзіне,
грамадская паніхіда – а 12-й гадзіне.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка