НЯХАЙ ЖЫВЕ «НЕСЦЕРКА»! НАШ СПЕКТАКЛЬ-ДОЎГАЖЫХАР

17 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылася публічная лекцыя доктара мастацтвазнаўства, прафесара Таццяны Катовіч «Несцерка»: спектакль-абрад». Даследчыца тэатральнага мастацтва неаднаразова звярталася да гэтай знакавай для Коласаўскага тэатра пастаноўкі ў сваіх артыкулах і навуковых працах. Дадзены публічны выступ прымеркаваны да выхаду ў свет новай кнігі з такой жа назвай, створанай Таццянай Катовіч у суаўтарстве з Аляксандрай Малей і Нінай Бабровіч.

«Несцерка»: спектакль-абрад» будзе другім выданнем Таццяны Катовіч, пра адзін спектакль. Першай была кніга «Витебский набат», прысвечаная коласаўскай пастаноўцы п’есы Ул.Караткевіча «Званы Віцебска». Як зазначыла даследчыца, новае выданне будзе складацца з трох раздзелаў: першы прысвечаны гісторыі стварэння спектакля, другі закранае тэарэтычныя праблемы, трэці рэпрэзентуе эскізы касцюмаў «Несцеркі», якія аднавіла Ніна Бабровіч паводле малюнкаў мастака-пастаноўшчыка спектакля Ліпы Кроля.

Слухаць лекцыю Таццяны Катовіч было надзвычай цікава. Яна прыадкрывала шматлікія невядомыя старонкі гісторыі коласаўскага тэатра (20-я, 30-я, 40-я гады), спынялася падрабязна на творчых біяграфіях «бацькоў» спектакля – драматурга Віталя Вольскага, рэжысёра Навума Лойтара, мастака Ліпы Кроля, кампазітара Ісака Любана, першых выканаўцаў цэнтральных роляў Аляксандра Ільінскага, Цімоха Сяргейчыка, Яніны Глебаўскай, Зінаіды Канапелькі, Анатоля Шэлега, Іосіфа Матусевіча, Анатоля Труса. Не абмінула і іх наступнікаў – Фёдара Шмакава, Пятра Ламана, Тадэвуша Кокштыса, Людмілу Заграбельную і многіх іншых. Лектарка распавядала пра ўсё захоплена, надзвычай эмацыйна, прапускаючы падзеі пра сябе, і таму выдатныя асобы, постаці Коласаўскага тэатра паўставалі перад слухачамі як жывыя. Цікава было даведацца, як нараджаўся славуты «Несцерка», як прайшла яго прэм’ера  ў Петразаводску  ў 1941 годзе, як яго прымалі першыя гледачы, як ігралі ў амаль разбураным пасляваенным Віцебску, як у тыя часы віцябляне рваліся ў тэатр, які быў для іх сапраўднай аддушынай.

Успомніла Таццяна Катовіч і адпаведную, вельмі вострую рубрыку ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» – «Смяецца Несцерка», – у якой народны герой высмейваў бюракратаў, хабарнікаў, махляроў, дапамагаў чытачам у вырашэнні іх балючых праблем. Некаторыя нават з навакольных вёсак прыязджалі ў рэдакцыю – да Несцеркі!

Усе этапы жыцця славутай пастаноўкі паўставалі ў лекцыі. Не быў забыты і сучасны перыяд, нямала цёплых слоў знайшлося для цяперашніх выканаўцаў. Выступ быў добра падмацаваны візуальным радам – фотаздымкамі розных гадоў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа выказвае вялікую падзяку Таццяне Віктараўне Катовіч за яе значны ўклад у даследаванне гісторыі і мастацкай спадчыны коласаўцаў!

Тэатр будзе з нецярплівасцю чакаць выхаду новай кнігі, які запланаваны ў наступным годзе. Дарэчы, у 2021-м знакамітаму спектаклю «Несцерка» споўніцца 80 гадоў.

 

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка