НАПРЫКАНЦЫ ЛІСТАПАДА АДБУДУЦЦА ГАСТРОЛІ АРХАНГЕЛЬСКАГА ТЭАТРА ДРАМЫ імя М.В.ЛАМАНОСАВА

01.10.2025
З 26 па 28 лістапада на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудуцца гастролі Архангельскага тэатра драмы імя М.В.Ламаносава. Расійскія артысты з горада на Паўночнай Дзвіне прывязуць для віцебскіх гледачоў тры камедыі і старадаўнюю казку.
26 лістапада (19:00) – камедыя на 2-е дзеі «РЕВИЗОР» па п'есе Мікалая Гогаля.
Квіткі можна набыць анлайн.

«Ревизор» – гэта вечная класіка, і яна не губляе сваёй актуальнасці. Тое, над чым Мікалай Васілевіч Гогаль смяяўся, што яго раздражняла і што ён не любіў у грамадстве і высмейваў у п'есе, захавалася і да сёння. Змяняюцца эпохі, адбываюцца катаклізмы, будуюцца новыя гарады і разбураюцца старыя, а галерэя чалавечых заган і пакут застаецца нязменнай. На жаль, зло часта застаецца бяспакараным. Архангельскі «Ревизор» – гэта спроба аднавіць справядлівасць.

Андрэй Цімашэнка, галоўны рэжысёр тэатра: «Да тэксту п'есы мы ставімся асцярожна. Мы захавалі яе ў тым выглядзе, у якім напісаў яе Гогаль. Але мы жывём у XXI стагоддзі і не можам іграць так, як ігралі ў 1837 годзе. Камедыя – па-сучаснаму дынамічная, эксцэнтрычная, смешная, вострая, з актыўным дзеяннем. На сцэне вы ўбачыце не музейную рэканструкцыю, а жывых, вядомых персанажаў, з якімі мы сустракаемся ў жыцці. Касцюмы, дэкарацыі, прапанаваныя акалічнасці п'есы, - з XIX стагоддзя, а акцёрскае праўдзівае існаванне – з XXI стагоддзя. Спектакль цікавы і моладзі, і старэйшаму пакаленню».

Мікалай Песачынскі, тэатральны крытык (Санкт-Пецярбург): «Прафесійна, сур'ёзна, з пошукам рашэння, з кантактам з гледачом. Спектакль зроблены ў стылі сучаснага ігравога тэатра, і гэта важна, таму што Гогаль прапануе не гістарычны малюнак свету, а аўтарскую гульню з расійскімі рэаліямі, – перабольшаную, абвостраную, глыбокую, эксцэнтрычную. Ваш спектакль глядзіць вельмі шмат падлеткаў, у якіх асацыяцыйныя сувязі працуюць не так, як у сталага. Самае важнае – спектакль па прыродзе сваёй тэатральны. Гэта сапраўдны тэатр. Гэта не тэлевізар, дзе ў тварах малююць жыццё, не квэст, у якім мы штучна бяром удзел. Упэўнены, што дзеці, якія ўпершыню прыйшлі на гэты спектакль, зразумелі, што тэатр – гэта цікава і не заменіць ім іншых формаў вольнага часу».

Пастаноўка і сцэнаграфія Андрэя Цімашэнкі. Мастак па касцюмах Ірына Цітарэнка. Мастак па святле Андрэй Раброў. Кампазітар і гукарэжысёр Леанід Ляшчоў. Харэограф Алішэр Хасанаў.
Прэм'ера – 29 верасня 2018 года.
Узроставае абмежаванне – 12+. Працягласць — 2 гадзіны 45 хвілін з антрактам. Спектакль ідзе на рускай мове.
27 лістапада (19:00) - аджапсандал на 2-е дзеі «ХАНУМА» па п'есе Уладзіміра Канстанцінава, Барыса Рацэра.
Квіткі можна набыць анлайн.

Спектакль «Ханума» сучасны глядач ведае па пастаноўцы Ленінградскага Вялікага драматычнага тэатра (1972 год), якая пазней была запісана для тэлебачання. Рэжысёр Георгій Таўстаногаў перапрацаваў класічны вадэвіль Аўксенція Цагарэлі. У выніку атрымалася музычная камедыя з непаўторным грузінскім каларытам пра каханне, вяселлі і суперніцтва дзвюх сваццяў — Ханумы і Кабата.
«Каб п'еса загучала актуальна сёння, мы трохі «паломім» гэту гісторыю. Музычнасць, весялосць, сюжэт застануцца, але ў нас у пастаноўцы ўсё гэта будзе гучаць па-іншаму. Рухальнай сілай спектакля будзе каханне. Не толькі мужчыны да жанчыны ці любоў да блізкага свайго, але і любоў да тэатра, да сваёй прафесіі. Гэта будзе вельмі ігравы спектакль з элементамі вахтангаўскага «фантастычнага рэалізму», нешта, магчыма, возьмем ад італьянскіх масак камедыі дэль-артэ, трохі шоуменства. І вось з гэтых пазлікаў збяром цікавую гісторыю. Добры вечар для гледача мы забяспечым», — расказвае рэжысёр спектакля Міхал Кузьмін.

Арыгінальны жанр спектакля - «аджапсандал». Так называецца страва народаў, што жывуць на Каўказе і ў Закаўказзе, а таксама ў рэгіянальных кухнях некаторых цюркскіх народаў, у тым ліку азербайджанцаў. Гэта халодная закуска, унікальнае рагу, са свежай гародніны - баклажаны, цыбуля, таматы, балгарскі перац, морква, зяленіва... Усяго для гатавання трэба каля дваццаці назваў прадуктаў і запраў. Мяркуючы па ўсім, пры працы над спектаклем рэжысёр трымаўся правілаў гатавання аджапсандала: пакласці ўсяго, ды паболей. Плюс да таго, у перакладзе з цюркскага «аджапсандал» азначае «якая ты цудоўная».

Рэжысёр спектакля абяцае, што «Ханума» захавае сваю музычнасць. Аднак пойдзе ад савецкай вадэвільнай версіі кампазітара Гія Канчэлі ў бок сучасных грузінскіх выканаўцаў. Іншым будзе і гумар. «Гумар змяняецца. І той гумар, які быў у Таўстаногава, сёння ўжо не працуе. Цяпер іншыя правілы, тэмы, рытмы, падача і сэнсавыя кропкі адліку. У нашай пастаноўцы мы паспрабуем зрабіць гэту камедыю больш адпаведнай сучаснасці», — каментуе Міхал Кузьмін.

Ролю Ханумы ў новай пастаноўцы сыграе заслужаная артыстка Расіі Алена Смародзінава. Па задуме рэжысёра гэта гераіня павінна паказаць розныя межы свайго характару і ўвасобіцца на сцэне аб'ёмным персанажам. Міхал Кузьмін: «Свацця Ханума будзе моцная, гучная, велізарная, якая мае сваё каханне і сваю пяшчоту, нуду нейкую. У чалавеку ж ёсць усё. Кожны персанаж, чым ён аб'ёмней будзе, тым лепш. Таму Ханума будзе рознай. У кожнай сцэне яна будзе выяўляцца па-рознаму. Таму што калі мы будзем проста іграць моцную жанчыну, якая ўвесь спектакль нюхае тытунь, то гэта будзе нецікава. Таму мы імкнёмся ўшчыльняць кожнага персанажа і даводзіць яго да чалавека, каб абразочкі па сцэне ў нас не бегалі».
Апроч таго, у пастаноўцы з'явяцца шмат новых персанажаў, якія задуманы для таго, каб дапоўніць і ўзбагаціць свет асноўных дзейных персанажаў. «Як закаханыя ў «Сне ў летнюю ноч», якія трапляюць у цудоўны свет, дзе пануюць феі і духі, у нас сякія-такія персанажы трапляюць у цудоўны свет Грузіі. Гэта вельмі гасцінная, далікатная, прыгожая краіна. І вось гэтыя чары, чараўніцтва, нейкі казачны свет мы неяк паспрабуем узнавіць», — расказвае Міхал Кузьмін.

Рэжысёр і аўтар музычнага афармлення Міхал Кузьмін. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі і сцэнограф Андрэй Цімашэнка. Мастак па касцюмах Ірына Цітарэнка. Мастак па святле Вольга Раввіч. Балетмайстар Анастасія Змывалава. Хормайстар Алег Шчукін.
Прэм'ера — 25 сакавіка 2022 года.
Узроставае абмежаванне — 12+. Працягласць — 2 гадзіны 50 хвілін з антрактам. Спектакль ідзе на рускай мове.
28 лістапада (19:00) — камедыя на 2-е дзеі «СКУПОЙ, или ШКОЛА ЛЖИ» па п'есе Жана-Батыста Мальера.
Квіткі можна набыць анлайн.

Камедыя, якая дапаможа скінуць «фінансавую сур'ёзнасць» і паглядзець на грошы жартаўліва.

Гарпагон, багацей і сапраўдны скнара, любіць грошы больш за сваю сям'ю і нават больш за сябе, так што хавае іх ад усіх у скрыначцы, закапанай у садзе.

Гэта адна з лепшых п'ес Мальера, адна з чатырох яго «залатых» камедый, якая хутка сышла з афіш — Францыя ў сярэдзіне XVII стагоддзя яшчэ не была гатова да такой «самакрытыкі». Але яе час прыйшоў пазней. У савецкія гады п'еса была пастаўлена як абвінавачанне чужой буржуазнай маралі, а новая хваля «скнар» трапіла ў двухтысячныя. Бясспрэчна, на фоне адменнай актуальнасці праблематыкі ў эпоху ўлады грошай. Зараз мы зноў паспрабуем смяяцца з сябе.

Рэжысёр Анастас Кічык. Сцэнаграфія Наталлі Якаўчык. Мастак па касцюмах Ірына Цітарэнка. Харэограф Мікіта Чурылаў.
Прэм'ера — 22 лістапада 2015 года.
Узроставае абмежаванне — 12+. Працягласць — 2 гадзіны 20 хвілін з антрактам. Спектакль ідзе на рускай мове.
Для дзяцей архангельскія артысты прывязуць страдаўнюю казку «ЧЁРНАЯ КУРИЦА, или ПОДЗЕМНЫЕ ЖИТЕЛИ» паводле аднайменнай аповесці Антонія Пагарэльскага.

Ці існуюць цуды ў рэчаіснасці? Ажылая казка, карнавал загадкавых і прыцягальных выяў з дзяцінства, гісторыя пра сяброўства і здраду — усе гэта ў старадаўняй фантастычнай казцы А.Пагарэльскага «Чёрная Курица, или Подземные жители», якая стала першай аўтарскай казкай, напісанай і выдадзенай у Расіі. Гісторыя пра тое, як маленькі хлопчык аднойчы выратаваў ад смерці чорную курыцу, якая апынулася зачараваным міністрам Падземнага каралеўства. І як жа змянілася жыццё хлопчыка пасля гэтага!

Рэжысёр Анастас Кічык. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Цімашэнкі.
Узроставае абмежаванне — 6+. Працягласць — 1 гадзіна без антракту. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі на спектаклі Архангельскага тэатра драмы імя М.В.Ламаносава -
у касе тэатра імя Якуба Коласа.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля - з 9:30 да 19:30.
Перапынкі на абед - 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.
Даведкі па тэлефоне ў Віцебску (+375 212) 62-63-81.


















Добавить комментарий