КРАНАЛЬНЫЯ ГІСТОРЫІ ВАЛЯНЦІНЫ БАГДАНАВАЙ

Сорак год таму актрыса Валянціна Багданава, зараз вядучы майстар сцэны, пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута пачала сваю творчую дзейнасць у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа. Першай акцёрскай работай стала Акуліна з драмы Льва Талстога «Улада цемры». Гэты вобраз патрабаваў ад маладой актрысы жыццёвага досведу, выбуховага тэмпераменту, вялікай унутранай самааддачы…
За творчае жыццё ў Валянціны Багданавай былі розныя па значнасці ролі: і цэнтральныя, і другога плану, і эпізадычныя, і выхад у масоўцы. Актрысу прываблівалі моцныя жаночыя характары. Такімі былі яе Вера з «Трох мяшкоў засмечанай пшаніцы» У.Цендракова, Лайма з «Клеменса» К.Саі, Ніна з дудараўскага «Парога», Гетэра з «Сёмага подзвігу Геракла» М.Рошчына, Таццяна з «Любові па перапісцы» Л.Вашко, Жэня з «Блуднага мужа і яго жонкі Варвары» Г.Марчука, Таццяна Іванаўна з «Плошчы Перамогі» А.Паповай…
У сталы перыяд творчага жыцця Валянціна Багданава дакранулася да тонкіх нюансаў душэўных перажыванняў класічных гераінь. Такімі, як Паліна Андрэеўна з «Чайкі» А.Чэхава альбо Люба са спектакля «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле п’есы У.Набокава «Падзея».
У апошнія гады актрыса запомнілася гледачам знакавымі ролямі Жанны ў «Маленькім свеце» А.Паповай, Маці ў «Пазычаным шчасці» Ф.Палачаніна, Бабулі ў «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева. У бліжэйшы час віцебчане пабачаць Валянціну Багданаву ў спектаклі «Белы анёл з чорнымі крыламі» Дз.Балыка.
Коласаўскі тэатр віншую Валянціну Антонаўну Багданаву з 65-годдзем!
І жадае яскравых сцэнічных дасягненняў. Каб чарада дзён напоўнілася поспехам і любоўю.
Каб жыццё квітнела! Каб спрыяла ўдача!
Моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, новых творчых перамог!
Добавить комментарий