КАРАТКЕВІЧ і КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР

Сёння, 26 лістапада 2020 года, споўнілася б 90 год Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу, слыннаму сыну беларускай зямлі, выдатнаму празаіку, паэту, драматургу. Яго літаратурная спадчына ўжо даўно стала класікай. Вядомы беларускі тэатразнаўца Анатоль Сабалеўскі назваў яго прадвеснікам і вестуном беларускага Адраджэння.

Да творчасці Караткевіча ў розны час актыўна звярталіся беларускія тэатры – драматычныя, лялечныя, музычныя. Гэта былі драмы, прыпавесці, казкі, легенды, оперы, монаспектаклі. Але мы можам ганарыцца тым фактам, што першым адзін з яго твораў увасобіў на сцэне Коласаўскі тэатр. І адначасова з тым распачаў урачыстае шэсце Караткевіча на тэатральнай сцэне Беларусі.

«ЗВАНЫ ВІЦЕБСКА»

У 1974 годзе ў Коласаўскім тэатры была пастаўлена гістарычная хроніка Уладзіміра Караткевіча «Званы Віцебска». Спектакль быў прымеркаваны да 1000-годдзя нашага горада, якое тады шырока і маштабна адзначалася. Паставіў твор дыпломнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Валерый Мазынскі, які пазней стане галоўным рэжысёрам Коласаўскага тэатра. У спектаклі былі адлюстраваны падзеі XVII стагоддзя, якія адбываліся ў Віцебску, – паўстанне гараджан супраць уніяцкай царквы на чале з арцыбіскупам Іясафатам Кунцэвічам.

 

Спектакль «Званы Віцебска» рэжысёр вырашыў у жанры народнай трагедыі. Як пісалі крытыкі, у ёй даволі выразна гучала думка пра адказнасць чалавека за ўласныя ўчынкі. У цэнтры пастаноўкі – трагічны лёс уніяцкага арцыбіскупа Іясафата Кунцэвіча. Выканаўца яго ролі, народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў стварыў шматгранны вобраз, які ўвабраў у сабе шматлікія сацыяльна-гістарычныя і псіхалагічныя супярэчнасці пэўнага перыяду беларускай гісторыі. Як пісаў доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі, рэжысёрскую канцэпцыю спектакля вызначылі дзве тэмы – трагізм сітуацыі і трагізм вобразаў, а таксама погляд на гэтыя падзеі як на вялікую драму нацыі, што неаднойчы паўтаралася на гістарычным шляху беларускага народа.

 

Аснову пастаноўкі стваралі масавыя сцэны, што было абумоўлена асаблівасцямі мастацкай структуры спектакля. Разам з тым у спектаклі не згубіліся вобразы асобных сцэнічных герояў. Алесь Лабанок выконваў ролю Сцяпана Пасіёры назвычай эмацыянальна, тэмпераментна, з асаблівай пластычнай выразнасцю, падкрэсліваючы пастаянную гатоўнасць свайго героя да самаахвярнасці. Пятро Ламан маляваў Марціна Ропата перш за ўсё чалавекам рашучых дзеянняў, смелым і вынаходлівым. Валянцін Цвяткоў рабіў акцэнт на асаблівай паэтычнасці свайго героя Антонія Дар-Вольхі.  Выдатна выканала ролю юродзівай Еўгі Бабук Валянціна Петрачкова.

«КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ»

Гісторыя пра кароткае і яркае жыццё Каліноўскага дала магчымасць тэатру разам з драматургам пільна прыгледзецца да той пары, калі ішоў бурлівы, складаны працэс станаўлення беларускай нацыі, развіцця яе духоўных каштоўнасцей і маральных ідэалаў. У рабоце над спектаклем «Кастусь Каліноўскі» праявіліся лепшыя рысы тэатра Валерыя Мазынскага – здольнасць дакладна арганізаваць сцэнічную прастору, рабіць прыцягальнымі для гледача масавыя сцэны, насычаць сцэнічнае дзеянне паэтычнай вобразнасцю, спалучаць сімволіку з канкрэтнымі рэаліямі тагачаснага народнага побыту. Рэжысёр збудаваў спектакль досыць стройны, манументальна і графічна. Быў глыбока распрацаваны асноўны канфлікт паміж Кастусём Каліноўскім (Уладімір Куляшоў) і царскім генералам Мураўёвым (Фёдар Шмакаў).

 

Разуменне трагічнасці паўстання Каліноўскага ў 1863 годзе і перадача народнай трагедыі са сцэны патрабавала ад рэжысёрска-мастакоўскага ансамбля асабліва крапатлівай работы. І з гэтай галоўнай задачай коласаўцы справіліся вельмі паспяхова – глядач у трагедыйным фінале бачыў Каліноўскага як «чалавека са святлом», яскрава адчуваў гукі аптымістычна-гераічнай музыкі будучых часоў. Пастановачным калектывам былі знойдзены дакладныя сцэнічныя, вобразныя элементы, адпаведныя глыбокаму роздуму земляка-драматурга над драматычным і трагічным лёсам беларусаў, але разам з тым і з іх верай у наступленне свайго шчаслівага жыцця. Спектакль коласаўцаў быў аднадушна прыняты крытыкай.

 

Па звестках Адама Мальдзіса, Мазынскі пасля сцэнічнага ўвасаблення п’ес «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» збіраўся паставіць «Маці ўрагану». Летам 1982 года Уладзімір Караткевіч з жонкай накіраваўся ў Сімферопаль, дзе знаходзіліся на гастролях акцёры Коласаўскага тэатра, «каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п’есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і пісьменнік вяртаўся адтуль у дрэнным настроі». Ва ўспамінах пра Караткевіча «Я табе напісаў «Барыса Гадунова»…» (1987) Мазынскі ўзгадвае гэты выпадак так: «Раніцай сабраліся ўсе акцёры, дырэктар Асвяцінскі, мастак Салаўёў, Валодзя Ганчароў… Чытае — слухаем. Сачу, як успрымаюць п’есу калегі. Недзе ў сярэдзіне першай дзеі пачалі варушыцца акцёры, паглядаюць на мяне. Караткевіч прыпыняецца і пытае: «Што, не цікава?» «Не, не, чытайце!» – чуюцца галасы. Яшчэ засталася нейкая надзея ці аўтарытэт аўтара стрымлівае? Але гэта ненадоўга. Чуюцца цяжкія ўздыханні… Правал?!  Праз нейкі час нават пачаў патроху ўшчуваць няўважлівых слухачоў. У такія хвіліны вельмі шкада аўтара. Закончыўшы чытанне, склаўшы старонкі сваёй п’есы, Караткевіч узняў галаву і ўсім сваім выглядам задаў пытанне: «Як?» Караткевіч ёсць Караткевіч, ён не хоча фальшывых кампліментаў. Адчуў, што кантакту не атрымалася, і сам усё спыніў».

«ВЕРАБ’ІНАЯ НОЧ»

Наступны этап пастановак твораў Караткевіча на коласаўскай сцэне наступіў ужо пасля смерці аўтара. У 1996 годзе Міхась Краснабаеў увасобіў спектакль «Вераб’іная ноч» па ўласнай інсцэніроўцы. Для яго гэта быў рэжысёрскі дэбют. У аснове – пралог «Паром на бурнай рацэ» да рамана «Нельга забыць».

Дзеянне адбываецца падчас паўстання 1863-1864 гг., на працягу адной жнівеньскай ночы, названай у народзе вераб’інай. Згодна са старажытнымі паданнямі, менавіта ў гэтую ноч цёмныя і светлыя сілы ўступаюць у бой за душу чалавека. Адсюль і назва спектакля, і яго сэнс.

 

На сцэне аднаўляецца адзін невялікі эпізод. Жонка інсургента Грынкевіча, асуджанага на смерць, вязе мужу памілаванне. Калі яна паспее даставіць яго да раніцы ў страшэнную навальнічную ноч праз раку на другі бераг, то каханы застанецца жывы. Не паспела. Бо стала ахвярай жудаснай палітычнай гульні.

Надзвычайны настрой стваралі вершы Караткевіча, якія гучалі ў спектаклі велічна і ўзвышана, пашыралі і паглыблялі сцэнічныя вобразы.

У пастаноўцы ўдзельнічалі сам Міхась Краснабаеў (ён выконваў ролю Юрыя Горава), Валянцін Салаўёў (Пора-Леановіч), Алена Шарэпчанка (жонка Грынкевіча), Генадзь Гайдук (Салдат) і Юрась Цвірка (Іван). Пры знешняй стрыманасці акцёры стваралі багаты ўнутраны свет, высакародства людзей, якіх вызначаюць моцная воля, сумленне, любоў да радзімы. З выканаўцаў асабліва выдзяляліся Валянцін Салаўёў і Алена Шарэпчанка, ігра якіх уражвала майстэрствам і прафесіяналізмам. «Уся пастановачная група выяўляла захопленасць творамі Караткевіча і жаданне данесці іх сутнасную глыбіню да гледача», – пісала тэатральны крытык Тамара Гарочанка.

«ЛАДДЗЯ РОСПАЧЫ»

У верасні 2005 года на коласаўскую сцэну выйшаў Гервасій Выліваха – герой знакамітай аповесці Караткевіча «Ладдзя роспачы». Музычная легенда, дзякуючы ў тым ліку таленту выдатнага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, мела вялікі поспех як у дарослага гледача, так у моладзі.

Спектакль, пастаўлены Міхасём Краснабаевым, адрозніваўся паэтычнасцю, дакладным адборам візуальных сродкаў, добрым акцёрскім ансамблем. Ён распачынаўся анімацыйнай застаўкай: у промні святла ляціць матылёк, у нейкі момант ён раскрывае свае крылы, на якіх мы бачым карту Беларусі. Варта Выліваху трапіць у царства смерці, як на экране з’яўляецца бясконцая карычневая зямная цвярдыня замест неба.

 

Спектакль распавядаў пра духоўную моц і мудрасць беларускага народа, сімвалам якога выступаў галоўны герой Гервасія Вылівахі. У гэтай ролі спярша выступіў Арцём Бародзіч, а потым, пасля аднаўлення спектакля, Аляксандр Базук. Вобраз бачыўся рэжысёру не нейкай іконай, а хутчэй простым смяротным і разам з тым чалавекам высакародным. Выліваха, бунтуючы на ладдзі роспачы, быццам працягвае жыць і гэтым ажыўляе ўсіх астатніх. Яго любоў да жыцця, сапраўднага, зямнога, перамагае ўсё: царкоўную і каралеўскую ўладу і нават смерць. З высокіх пастаментаў (у літаральным сэнсе) да Гервасія сыходзілі яго «апаненты»: біскуп (Юрась Цвірка), каралева Бона (Наталля Аладка, Святлана Жукоўская), Перавозчык (Георгій Лойка), Смерць, каб прайграць у маральным паядынку гэтаму маленькаму чалавеку.

 

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (у другім складзе ролю выконвала Алена Шарэпчанка) стварыла вобраз смерці-спакусніцы, самай фатальнай з усіх жанчын.

 

Вось як піша аб спектаклі доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Катовіч: «Структура спектакля М.Краснабаева ўяўляе сабой спалучэнне музычнай партытуры (У.Кандрусевіч), спеваў (педагог А.Сувораў) на вершы У.Караткевіча, камп’ютэрнай графікі (А.Касцючэнка), харэаграфіі (Д.Юрчанка). Гэта – мюзікл, у якім зонгі, пластыка, танцы з’яўляюцца матэрыяй твора, які разварочваецца на планшэце сцэны. На экране задніка ў графічнай партытуры адбываецца візуалізацыя ўнутранага свету Вылівахі (А.Бародзіч) на фоне гіганцкага свету жыцця і смерці: матылёк у промні святла, Рагачоў на карце Беларусі, адарваны лісток дрэва, кубкі з віном, палёт у тунелі паміж жыццём і смерцю, выява руін палаца Сапегаў у Ружанах... белая ўзнёслая Полацкая Сафія як канцэнтрацыя сэнсу беларускай свядомасці, матылёк у промні святла. У гэтай вялікай сцэнічнай прасторы, якая наскрозь пранізаная дзеяннем у кожнай сваёй кропцы па вертыкалі і гарызанталі, рэжысёр будуе акцёрскае існаванне франтальна па рампе, квадратамі па цэнтры планшэта сцэны, дыяганаллю ад правай бліжняй кулісы да левай дальняй. Такая геаметрычная пабудова дазваляе стварыць візуальны аналаг музычнаму рытму, зададзенаму У.Кандрусевічам, і зрабіць дзеянне драматычна напружаным».

Спектакль «Ладдзя роспачы» адзначаны прэміяй Віцебскага аблвыканкама «За прапаганду творчасці Ул.Караткевіча» (2005).

«ЛЕАНІДЫ НЕ ВЕРНУЦЦА НА ЗЯМЛЮ»

Прэм’ера спектакля «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана «Нельга забыць» адбылася ў 2012 годзе. Ці можа каханне перадацца праз кроў, увайсці ў генетычную памяць чалавека? – пытаюцца героі пастаноўкі. Можа, калі гэта – сапраўднае каханне… Спектакль быў паказаны на тэатральным форуме прафесійных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл» у Нясвіжы, на Дні беларускага пісьменства ў горадзе Глыбокае, а таксама з’яўляўся адным з прэтэндэнтаў на Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія-2012» у Мінску.

Спектакль пачынаецца з «ажывання» ці то старых студэнцкіх фотаздымкаў, ці то старонак – ілюстрацый нейкага падручніка па літаратуры. Адна за другой выявы становяцца людзьмі, настройваючы і гледачоў на тое, што вось-вось мае ажыць і набыць свой аб’ём гісторыя, выкладзеная Караткевічам. У першым складзе цэнтральныя ролі выконвалі Юрый Гапееў і Алена Ганум. Хто быў на прэм’еры, маглі б пацвердзіць, што артысты вельмі нагадвалі маладога Караткевіча і яго шчымлівае каханне Ніну Молеву.

 

Аcнoўныя пaдзei спектакля paзгopтвaюццa ў 60-я гaды, пepaвaжнa ў Мacквe. Андpэй Гpынкeвiч, мaлaды бeлapycкi пaэт i cцэнapыcт, пpыязджae ў Мacквy нa вyчoбy. Ён yжo мae зa плячымa cypoвыя гaды вaйны, нялёгкae пacлявaeннae жыццё. А пoтым пpыйшлo дa Андpэя вялiкae кaxaннe. Алe дзяўчынa, з якoй ён збipaeццa aжaнiццa, гiнe ў aўтaмaбiльнaй кaтacтpoфe. Гэтa тpaгiчнaя пaдзeя нaклaлa пpыкмeтны aдбiтaк нa дaлeйшы лёc гepoя: «Ён як быццaм зacтыў y cвaiм шчacцi i гopы». I вocь нa жыццёвым шляxy Андpэя cтaў «яшчэ aдзiн дoбpы i paзyмны, вiдaць, гapмaнiчны чaлaвeк» — Іpынa Гopaвa, выклaдчыцa мacтaцтвaзнаўства ў тoй твopчaй ycтaнoвe, дзe вyчыўcя Андpэй. Яны пaкaxaлi aднo aднaгo. Алe ў Іpыны cвaё мiнyлae – y вaйнy cтpaцiлa кaxaнaгa. Стapэйшaя зa Андpэя, янa зaмyжaм. Герояў aб'яднaлi нe тoлькi дyxoўнaя блiзкacць i пaдaбeнcтвa лёcy (aбoдвa cтpaцiлi блiзкix людзeй), aлe i тaя кpыxy paмaнтычнaя i нeзвычaйнaя cycтpэчa ix продкаў у дaлёкyю бypлiвyю нoч 1863 гoдa.

 

Рэжысёр пpaўдзiвa pacкpыў cклaдaнyю i cyпяpэчлiвyю гaмy пaчyццяў зaкaxaныx, артысты cтвapылі нeпaўтopныя вoбpaзы, пa-мaйcтэpcкy пaкaзaлі кaxaннe двyx дyxoўнa пpыгoжыx людзeй. Сёння ролю паэта Андрэя Грынкевіча іграе артыст Цімур Жусупаў, ролю Ірыны Горавай – Юлія Крашэўская. У сцэне на пароме, якая стварыла аснову яшчэ таго, першага звароту Краснабаева да творчасці Караткевіча, сёння занятыя маладыя артысты тэатра Дзмітрый Каваленка (Юрый Гораў), Арцём Герак (Пора-Леановіч) і Тамара Краснабаева-Чарняк (жонка Грынкевіча).

 

Крытыкі пісалі пра тое, што рэжысёр аддае перавагу рамантычнай стылістыцы існавання герояў, якія цалкам аддаюцца плыні нястрымных пачуццяў. Мастак Святлана Макаранка ўвяла ў спектакль вобраз караткевічаўскага парома, што адарваўся ад берагоў і хістаецца ўправа-ўлева, бы трэсачка ў віры, шукаючы для сябе якой-небудзь апоры. У гэткім жа «хісткім» тэмпа-рытме існуе і галоўны герой спектакля Андрэй Грынкевіч.

Спектакль «Леаніды не вернуцца на зямлю» і па сённяшні дзень знаходзіцца ў рэпертуары тэатра.

«ХРЫСТОС ПРЫЗЯМЛІЎСЯ Ў ГАРОДНІ»

Міхась Краснабаеў ідзе на смелыя рэжысёрскія крокі, калі бярэцца за такія маштабныя творы, як, напрыклад, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле аднайменнага рамана Караткевіча. Сам жа ён стварыў і інсцэніроўку.

Справа была няпростая. Шмат ад чаго давялося адмовіцца, бо аўтар абраў не адзін фрагмент, ракурс аповеду, ці гісторыю аднаго героя, а максімальна зразумелае, нават для тых, хто не чытаў раман, выкладанне сюжэтнай канвы ўсяго рамана.

 

У спектаклі добра праявіў сябе малады акцёр Дзмітрый Каваленка. Ён змог увасобіць вобраз народнага Хрыста, Юрася Братчыка, які з махляра і валацугі ператвараецца ў мысляра, пакутніка, праўдашукальніка. І спасцігае непахісную ісціну: «…умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось – вера. А іншай няма». Спектакль можна па праву лічыць аўтарскім. Бо Краснабаеў прыдумаў і вельмі ўдалую сцэнаграфію. Некалькі аднолькавых драўляных збудаванняў, падобных да своеасаблівых крыжоў ці супрацьтанкавых «вожыкаў», ператвараюцца і ў крэслы-лавы, і ў своеасаблівую агароджу, і ў вогнішча. Не абышлося і без падвешанага звона, што таксама выклікае мноства асацыяцый.

 

Моцным бокам пастаноўкі была і музыка народнага артыста Беларусі, знакамітага кампазітара Сяргея Картэса.  

Сапраўднай кульмінацыяй стаў фінальны дыялог Братчыка і бурмістра Юстына, якога ўвасобіў старэйшына коласаўскай трупы народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Рэжысёр рызыкнуў іх развесці ў амаль опернай класічнай мізансцэне, калі яны практычна пазбаўлены рухаў. Але дыялог амаль візуальна нагадвае згустак энергіі, што вось-вось сягне ў касмічную далячынь.

«ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА»

У 2014 годзе рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Юрась Лізянгевіч звяртаецца да аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».

Жанр спектакля рэжысёр вызначыў як містыфікацыю. Акцёры існавалі ва ўмовах амаль пустой сцэнічнай прасторы. Глядач бачыў толькі пласціны шэрага колеру, што віселі ў паветры і, відаць, увасаблялі фамільныя партрэты продкаў. Свабодная сцэна дала магчымасць вывесці масоўку, шырока выкарыстаць групавую пластыку. Фактычна акцёр знаходзіўся ў чыста ўмоўным, знакавым асяроддзі, пазбаўленым бытавых прыкмет. Адзіны матэрыял, з якім ён працаваў, – гэта дошкі. Яны могуць быць і сценамі замка, за якімі хаваецца Надзея Яноўская, і дамавінай, куды кладуць чарговую ахвяру палявання, і крыжамі, і зброяй, увасабляюць вобраз палявання альбо ляснога гушчару. На вышыні была Юлія Крашэўская, якая стварыла вобраз разумнай, высакароднай шляхцянкі, унутрана надламанай, але здатнай на моцныя пачуцці.

 

На жаль, лірычная тэма ў спектаклі была прыглушана, на першы план выступала дэтэктыўна-прыгодніцкая лінія. Тым не менш было адчувальна, як недавер, потым прыязнасць, павага да падарожнага перарастаюць у сапраўднае каханне. Дзмітрый Каваленка (у гэтай ролі глядач мог пабачыць і Яўгена Лук’янава) у вобразе Андрэя Беларэцкага адмовіўся ад звыклага набору рыс лірычнага героя. Рашучы, валявы, ён быццам адразу ўпэўнены, што ва ўсім гэтым ланцугу забойстваў ніякай містыкі – толькі нечая зламысная воля. Герой быццам і не задумваецца над тым, якая небяспека можа яму пагражаць. Уступаючы ў сутычку з Алесем Варонай (Арцём Блахін), Беларэцкі даводзіць, што яго няпроста нахіліць, за сваю годнасць і гонар жанчыны ён будзе біцца да апошняга.

 

Вобраз Дубатоўка стварыў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Дашкевіч. Пры першым знаёмстве з Беларэцкім ён паўстае балакам, жартаўніком, выклікае павагу таварыскасцю, народным гумарам. Але насамрэч… Трэба быць тонкім артыстам, каб не толькі героі, але і сам глядач не мог здагадацца, хто ж стаіць за ўсімі злачынствамі.

У фінале спектакля гучыць знакаміты паланэз Агінскага, героі быццам вызваляюцца ад змрочнай, прыгнятальнай атмасферы замку, ад цяжару злавеснага мінулага. Ды толькі аптымістычнай канцоўкі ў спектаклі не атрымалася. Цемрашальства, падступства, хітрасць, жорсткасць па-ранейшаму жывуць сярод нас.

У творах Уладзіміра Караткевіча закладзены патрыятычны пафас і глыбокае гуманістычнае гучанне, сёння яны ўжо з’яўляюцца нацыянальнай класікай. З цягам часу праблемы, узнятыя ў іх, здаюцца яшчэ больш вострымі, хвалююць нашых сучаснікаў – беларусаў. Таму яны яшчэ доўга будуць прыцягваць пільную ўвагу рэжысёраў, артыстаў, мастакоў, будуць натхняць іх на стварэнне новых выдатных спектакляў.

Юрый Іваноўскі,
літаратурны рэдактар

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка