ІРЫНА ЦІШКЕВІЧ – РЭЖЫСЁР-ПАСТАНОЎШЧЫК КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА

Многімі крытыкамі падкрэсліваўся студыйны характар тэатра імя Якуба Коласа. Адна з прыкмет студыйнасці – стварэнне ўнутры трупы новых творчых асоб, якія растуць, займаюцца самаадукацыяй, а ўвогуле – жывуць тэатрам. Менавіта такая – Ірына Цішкевіч. Напачатку новага сезона яна нанова прынятая ў штат тэатра ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка.

Тэатр пачаўся ў жыцці Ірыны Цішкевіч яшчэ ў школе. Яна паспяхова закончыла тэатральны клас Лепельскай школы мастацтваў і паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У той жа час, 20 год таму, была прынятая ў трупу Коласаўскага тэатра.

Дэбют Ірыны Цішкевіч у якасці актрысы ў ролі Сузаны Серваль са спектакля «Пісьменныя» М.Чокэ адбыўся на эксперыментальнай сцэне тэатра і на фестывалі сучаснай нямецкамоўнай драматургіі ў Мінску.

У актыве артысткі шмат разнапланавых работ. Ірына Цішкевіч вылучаецца яркасцю стварэння вобраза, бязмежнай самааддачай, ініцыятыўнасцю і пастаянным пошукам творчых прыёмаў. Створаны актрысай вобраз Бэлы ў спектаклі «Шагал…Шагал…» У.Драздова адзначаны многімі крытыкамі. Работа актрысы над роляй Джэйн («Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса) станоўча адзначана крытыкай на фестывалі ў Гродне «Надзея-2001».

У 2003 годзе Ірына Цішкевіч атрымала дыплом артысткі драмы і кіно, але на гэтым не спыніла сваё асваенне такой з’явы мастацтва як тэатр. У 2016-м яна скончыла акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр драматычнага тэатра».

Ірынай Цішкевіч пастаўлены дзіцячыя спектаклі «Дзівосы ў навагоднім лесе» Дз.Галубецкага, «Тр'ям! Вітаю!» С.Казлова, «Сіўка-Бурка» Я.Тарасава (аднаўленне), «Прыгоды Чыпаліна» А.Бадуліна, А.Чутко. Створаны пастаноўкі для дарослага гледача «Каралева прыгажосці з Лінэна» М.Мак-Донаха, «Хітрыкі Скапэна» Ж.-Б.Мальера.

Ірына Цішкевіч мае добры фестывальны досвед. Спектакль «Каралева прыгажосці з Лінэна» быў паказаны ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, пасля чаго з’явіліся станоўчыя водгукі ў сталічнай прэсе; на замежных гастролях у рыжскім тэатры «Дайлес» (Латвія); на VII Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «ArtОкраина» (Санкт-Пецярбург, Расія, 2017), дзе атрымаў дыплом лаўрэата. Спектакль «Тр’ям! Вітаю!» прымаў удзел у Фестывалі тэатра, творчасці і чытання «Казачны джэм» (Мінск, 2017).

Ініцыятыўнасць Ірыны Цішкевіч неаднаразова творча праяўлялася на коласаўскай сцэне. Яна з’яўляецца рэжысёрам творчага вечара маладых артыстаў, вечара-канцэрта «Тэатр+Кіно»... Выступала адным з рэжысёраў віцебскіх праектаў «Чытаем Брэдберы» (2017), «Казкі для дарослых» (2018), прысвечаных Міжнароднаму дню тэатра.

Удзельнічала ў рабоце VI Міжнароднай драматургічнай лабараторыі, арганізаванай Цэнтрам беларускай драматургіі (Мінск, 2017).

Ірына Цішкевіч працягвае працаваць на сцэне ў якасці актрысы. Яе можна пабачыць у спектаклях «Шагал... Шагал...» У.Драздова (Бэла), «Перабор» Х.Бергера (Нэнсі Валонэ), «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана Ул.Караткевіча «Нельга забыць» (Марыя Крат), «Не пакідай мяне…» А.Дударава (Крэміс), «Шукаем тэнара!» К.Людвіга (Марыя), «Снежная каралева» Я.Шварца (Снежная каралева, Маленькая разбойніца), «Да трэціх пеўняў» паводле аднайменнай аповесці В.Шукшына (Бедная Ліза, Несмяяна), «Матылёк... Матылёк...» А.Нікалаі (Фока), «Прыгоды Дзюймовачкі» П.Ісайкіна (Жаба), «Восем закаханых жанчын» Р.Тама (П'ерэтта).

Прэм’ера наступнай пастаноўкі Ірыны Цішкевіч – спектакля для дзяцей «Пэппі»
адбудзецца ў снежні 2018 года.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка