ГЕРОІ ВАСІЛЯ БЫКАВА НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

19 чэрвеня споўнілася б 95 год народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Уладзіміравічу Быкаву. Ён быў сапраўдным гонарам сваёй радзімы, роднай літаратуры, яго аповесці і апавяданні – вялікі ўнёсак у сусветную культуру.

Трэба зазначыць, што многія яго творы былі экранізаваны і інсцэніраваны, магчыма таму, што ў іх заўсёды быў закладзены моцны канфлікт, як знешні – паміж героямі і асяроддзем, так і ўнутраны, які ўзнікае ўнутры самога чалавека, які спараджае праблему маральнага выбару.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа тройчы звярталіся да творчасці Васіля Быкава: у 1997 годзе лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Валерый Маслюк звярнуўся да аповесці Быкава «Пакахай мяне, салдацік» (дарэчы, сам выступіў і як аўтар інсцэніроўкі), у 2002 годзе Міхась Краснабаеў паставіў на малой сцэне спектакль «Стрэл у тумане» (паводле аповесці «У тумане»). У 2016 годзе вядучы майстар сцэны, актрыса Зінаіда Гурбо падрыхтавала монаспектакль «Незагойная рана», сюжэтную аснову якога складае аднайменнае апавяданне выдатнага аўтара. Але трэба яшчэ зазначыць, што народны артыст Беларусі Яўген Шыпіла зняўся ў галоўнай ролі – Івана Валокі ў кінафільме «Адна ноч» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава (1989), а народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў сыграў ролю Казака ў фільме  «На чорных лядах» пра Слуцкае паўстанне паводле быкаўскіх апавяданняў (1995).

Рэжысёр Валерый Маслюк поўнасцю ў сваім спектаклі захаваў жорсткі, неўпрыкрасны стыль пісьменніка. Мог бы, здаецца, засяродзіцца на прыгажосці Альпаў, якая жыве і квітнее поруч з закаханай маладой парай. Але ён разам з мастаком Святланай Макаранка будаваў прастору інакш. У сцэнічным паветры круціліся кольцы, валікі, махавікі. Чаму яны рухаліся, што перамолвалі? Мабыць, людскія лёсы, знявечаныя-перакручаныя вайной.

Аўтар пастаноўкі быццам супрацьпастаўляў бруд салдацкага, ваеннага побыту лірычнай плыні і таму асяроддзю аўстрыйскіх гаспадароў, куды трапляе беларуская дзяўчына Франя, вывезеная на працу ў Нямеччыну.  На яе долю выпала ці не зашмат жыццёвых выпрабаванняў: смерць бацькі, расстралянага энкавэдзістамі ў 1938-м, пагібель матулі, павешанай немцамі за ўдзел у падпольнай рабоце, галоднае сірочае існаванне ў сваякоў, пакуты ў партызанскім атрадзе. І толькі ў Аўстрыі ёй пашанцавала на добрых людзей. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова вельмі праўдзіва пражывала на сцэне трагічны лёс сваёй гераіні. Яе каханага, лейтэнанта Зміцера Барэйку ў тым спектаклі іграў Міхась Краснабаеў. Дарэчы, у спектаклі ўзнікаў  той жа герой, але якім бы ён мог быць праз дзесяткі гадоў, што ўспамінаў тую журботную гісторыю вайны і кахання. У яго ролі выступіў народны артыст СССР Фёдар Шмакаў.

У фінале спектакля гучаў голас самога пісьменніка, які даводзіў, што аб мінулым трэба ведаць усю праўду, без прыўкрас. Гісторыя вучыць кожнага быць разумным і пільным, каб гвалт над чалавечай асобай больш ніколі не змог паўтарыцца.

Другі раз  звярнуўся да творчасці народнага пісьменніка Міхась Краснабаеў ужо ў якасці рэжысёра. Ён, дарэчы, таленавіта ўвасобіў і цэнтральны вобраз аповесці «У тумане» –  Сушчэні. Жанр спектакля ён вызначыў так: «драматычная дзея пра лёс чалавека», што дало магчымасць узбуйніць яго філасофскае гучанне.

Як  і ў большасці іншых быкаўскіх твораў, падзеі гэтага адбываюцца ў часы мінулай вайны на занятай немцамі тэрыторыі. Галоўны герой, чыгуначны майстар Сушчэня, сумленны, разумны, рахманы чалавек, робіцца ахвярай як жорсткіх абставін, так і ўласнай памяркоўнасці. Спярша ён спадзяецца адседзецца, перачакаць ліха, ды гэта аказваецца немагчымым, і ён робіць выбар, праз які, згодна з Быкавым, толькі  і можна застацца чалавекам альбо стаць вылюдкам. Сушчэня бярэ ўдзел у неабдуманай, як і сам лічыць, дыверсіі, каб не палічылі «баякам» або «халуём», трапляе ў гестапа, а потым чамусьці быў выпушчаны.

Спектакль і пачынаўся з таго, што двое партызан – камандзір разведкі Бураў (П.Ламан) і баец Войцік (В.Салаўёў) прабіраюцца ў  горад, каб выканаць прысуд: пакараць смерцю здрадніка. У іх ёсць загад, а весці следства няма часу.

Па першым часе здавалася, што герой падрыхтаваны да смерці як да чагосьці прадвызначанага – такі быў лёс наканаваны. Нейкая пакора праглядвалася ў яго постаці, ды ў гарачым бляску вачэй, рэзкіх рухах жыла і прага жыцця. Праз усю дзею ён намагаўся ўчапіцца за любы, нават маленькі шанец. Але з цягам часу пытанне «як выжыць» змяняецца іншым– «як памерці». Між тым, выканаўцы прысуду гінуць. Здаецца, гэта для Сушчэні збавенне, ратунак, рука лёсу. Але той разважае інакш. Акалічнасць падзей, абставін робіць з яго героя, што ўсвядоміў поўную абсурднасць быцця. І Сушчэня страляе ў сябе.

Аўтары пастаноўкі змаглі не толькі цудоўна раскрыць сюжэтную канву аповесці, збудаваць канфлікт, але і ўзняцца да філасофскага абагульнення праблем выбару ў «пагранічнай» сітуацыі, сэнсу быцця, жыцця і смерці. Лаканічным было афармленне спектакля: апрача чорных куліс, глядач бачыў круглы абруч, з якога звісалі вяроўкі і пад які перад смерцю ўставаў кожны з герояў. Свайго роду «цярновы вянец» – сімвал пакуты і Узыходжання.

У заключэнне хацелася б выказаць надзею, што творы вялікага беларускага пісьменніка яшчэ знойдуць шлях на коласаўскую сцэну. Яны таго вартыя.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка